У Мінску зачыняецца творчая прастора «Монохром» — адна з апошніх культурніцкіх незалежных пляцовак
2025-12-01 12:12
Мінская творчая прастора «Монохром», якая стала пляцоўкай для многіх культурных мерапрыемстваў, абвясціла пра сваё закрыццё.
30 лістапада ў сваім звароце да аўдыторыі стваральнікі незалежнай інстытуцыі адзначылі, што вымушаны паставіць кропку ў гэтай гісторыі.
«3 гады праляцелі як адно імгненне, насычанае падзеямі, сустрэчамі і вашай неверагоднай энергіяй. На жаль, абставіны аказаліся мацнейшымі за нас, і мы вымушаны паставіць кропку ў гэтай гісторыі», — гаворыцца ў паведамленні ў сацсетках.
На працягу трох гадоў «Монохром» быў найперш вядомы як асноўная пляцоўка вядомай ініцыятывы Cinemascope на чале з кінападзвіжнікамі Вольгай Надольскай і Герам Глікам. Тут ладзіліся рэгулярныя паказы, рэтраспектывы класікаў сусветнага кіно і тэматычныя праграмы. Таксама адбываліся канцэрты класічнай музыкі, прэзентацыі, дыскусіі і сустрэчы для аднадумцаў, якія ўтварылі вакол «Монохром» устойлівую супольнасць.
Кіраўніцтва праекта падкрэсліла, што закрываецца толькі памяшканне, але не ідэя:
«Мы развітваемся з памяшканнем, але не з марай. Таму што тое, што мы стварылі разам — супольнасць аднадумцаў — не можа проста так знікнуць. Мы верым, што ўсё яшчэ будзе. Абавязкова будзе».
Прастора «Монохром» месцілася па вуліцы Кастрычніцкай, 16/3.