У Мінску прэзентавалі «Цыніка на прагулцы»
2021-05-20 15:43
Кніга «Цынік на прагулцы» Станіслава Ежы Леца зусім нядаўна выйшла пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і кракаўскага Інстытута кнігі.
У сеціве прайшла прэзентацыя кнігі беларускіх перакладаў Станіслава Ежы Леца «Цынік на прагулцы». З-за эпідэмічнай сітуацыі сустрэча з цыклу «Санаторый пад клепсідрай» адбылася ў форме анлайн-прэзентацыі. Тэхнічную падтрымку трансляцыі забяспечыў Польскі інстытут у Мінску.
Прэзентацыю правёў беларускі паэт і перакладчык кнігі Андрэй Хадановіч. Удзел у мерапрыемстве таксама прыняў вядомы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Уладзімір Арлоў.
Кніга «Цынік на прагулцы» Станіслава Ежы Леца зусім нядаўна выйшла пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску і кракаўскага Інстытута кнігі ў незалежным выдавецтве «Логвінаў».
Станіслаў Ежы Лец вядомы ў тым ліку сваімі фрашкамі. Фрашка – гэта паэтычны літаратурны жанр, які атрымаў распаўсюджванне ў польскай літаратуры, пачынаючы з 16-га стагоддзя. У звычайным сэнсе слова «фрашка» абазначае нейкую дробязь. Адным з пачынальнікаў жанру, характэрнаму польскай літаратуры, быў Ян Каханоўскі (1530 – 1584 г.г.) – першы вялікі нацыянальны паэт эпохі Адражэння. Фрашкі таксама пісалі, у прыватнасці, Юліян Тувім і Віслава Шымборская, але адным з вядучых паэтаў, якія выкарыстоўвалі гэты жанр, быў менавіта Станіслаў Ежы Лец.
Станіслаў Ежы Лец (1909–1966 г.г.) – знакаміты польскі лірык, сатырык, празаік і аўтар афарызмаў. Чытачам добра вядомыя яго «Непрычасаныя думкі» (Myśli nieuczesane). А ў кнігу «Цынік на прагулцы» ўвайшлі найлепшыя творы з дванаццаці зборнікаў паэта ў беларускіх перакладах Андрэя Хадановіча.
Дарэчы, перакладчыкам «Непрычасаных думак» Леца на беларускую мову з'яўляецца Уладзімір Арлоў.
вс
слухайце аўдыёфайл