У Менску затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча
2021-05-23 15:28
Пратасевіч быў пасажырам самалёту, які каля 13-й гадзіны сеў у Менску з-за паведамленьня пра бомбу на борце. Яго арыштавалі пасьля догляду. Штаб Ціханоўскай тэрмінова паведаміў пра здарэньне ў офіс Ryanair і Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі.
У Менску ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» 23 траўня пазаплянава сеў самалёт Атэны — Вільня, пілёты падалі аварыйны сыгнал, бо ім паступіла паведамленьне пра бомбу на борце. Па распараджэньні Лукашэнкі дзеля суправаджэньня дадзенага самалёту ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік.
У аэрапорт прыбыла сапёрная служба, але нічога не знайшла.
Пасажыраў Ryanair на падставе паўторнага догляду праверылі і ў выніку арыштавалі вядомага журналіста і блогера, цяперашняга аўтара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым рэйсам. Затрыманьне Пратасевіча ўладамі пацьвердзіў сам канал.
Адзін з пасажыраў рэйсу Ryanair паведаміў выданню Delfi, што на борце ўзьнік канфлікт паміж экіпажам і пасажырам. Магчыма, гэта быў падазроны мужчына, які сачыў за Раманам Пратасевічам у аэрапорце Атэнаў і намагаўся сфатаграфаваць ягоныя дакумэнты.
Прэс-сакратар міністра замежных спраў Літвы Вітаўта Шмайжытэ сказала, што цяпер вядзецца праца з пасольствам. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, чаму самалёт прызямліўся ў Мінску, дагэтуль не прадстаўлена.
Раман Пратасевіч раней пакінуў Беларусь з-за магчымага перасьледу з боку спэцслужбаў. Ён працаваў галоўным рэдактарам тэлеграм-каналу «НЕХТА», а затым сышоў зь яго рэдакцыі, заняўшыся тэлеграм-каналам «Беларусь головного мозга», які стварыў палітзьняволены Ігар Лосік.
Пратасевіча, як і заснавальніка «НЕХТА» Сьцяпана Пуцілу абвясьцілі ў міждзяржаўны вышук. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, — ст. 293, арт. 342, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці (ч. 3 арт. 130) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Іх унесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў», які афіцыйна называецца «Пералік арганізацый і фізычных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».
Рэакцыя Ціханоўскай
Палітык Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала ілжывае паведамленьне пра мінаваньне самалёта і затрыманьне Рамана Пратасевіча ў менскім аэрапорце, якое пасьледавала за гэтым.
«Абсалютна відавочна, што гэта апэрацыя спэцслужбаў па захопе самалёта — дзеля таго, каб затрымаць актывіста і блогера Рамана Пратасевіча. Рэжым паставіў пад пагрозу бясьпеку пасажыраў на борце і ўсёй грамадзянскай авіяцыі дзеля расправы над чалавекам, які быў рэдактарам самых буйных беларускіх незалежных тэлеграм-каналаў. Толькі за гэта яго прызналі тэрарыстам, і толькі за гэта цяпер у Беларусі Раману можа пагражаць сьмяротнае пакараньне».
Ціханоўская заявіла, што яе штаб ужо паведаміў пра здарэньне ў офіс Ryanair і Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі, запатрабаваўшы пачаць расьсьледаваньне і прыняць захады аж да выключэньня Беларусі зь ICAO.
«Ад сёньняшняга дня ніводзін чалавек, які зьдзяйсьняе палёт над Беларусьсю, ня можа быць упэўнены ў сваёй бясьпецы. Бо рэжым злоўжывае правіламі паветраных зносін дзеля таго, каб захопліваць нязгодных», — сказала Ціханоўская.