У Менску прайшоў Марш людзей з інваліднасьцю
2020-10-22 21:13
22 кастрычніка каля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасьці ў Менску на акцыю пратэсту пад назвай «Марш людзей з (не)абмежаванымі магчымасьцямі» сабраліся людзі з інваліднасьцю — прыхільнікі перамен.Гэта ўжо другі марш людзей з інваліднасьцю ў Менску, першы адбыўся тыдзень таму, 15 кастрычніка, і доўжыўся крыху больш за дзьве гадзіны. Яго ўдзельнікі дайшлі ад Чырвонага касьцёла да ГУМа.
Сёньня ўдзельнікі акцыі прыйшлі з кветкамі, бел-чырвона-белымі сьцягамі і стужачкамі, плякатам з надпісам «Скованные одной цепью, связанные одной целью».
Да касьцёла прыйшоў і вядомы грамадзкі актывіст, 83-гадовы паэт Ян Грыб.
Валянтэры прывезьлі да касьцёла ваду і гарачыя напоі, удзельнікаў акцыі частавалі печывам.
Неўзабаве ўдзельнікі маршу рушылі па ходніку праспэкта Незалежнасьці.
На Кастрычніцкай плошчы ўдзельнікі маршу сталі ў ланцуг. Празь нейкі час дэманстранты разышліся. Агулам акцыя доўжылася каля 2 гадзінаў. Паводле ацэнкі агенцтва БелаПАН, у ёй агулам узялі ўдзел каля сотні чалавек.