У Лодзь завіталі Ганна Янкута і Ігар Крэбс
2023-04-03 12:50
2-га красавіка ў лодзінскім культурніцкім асяродку-медыятэцы МеМо прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай і перакладчыцай Ганнай Янкутай ды перакладчыкам Ігарам Крэбсам.
Сваю літаратурную дзейнасць Ганна пачынала як перакладчыца. У 2009 годзе разам з калегамі яны стварылі інтэрнэт-часопіс
“ПрайдзіСвет”, дзе змяшчалі мастацкія пераклады з самых розных моваў, і марылі пра выданне кнігаў. З цягам часу такая мажлівасць з’явілася, і за 10 год працы выйшла 15 кніг. Усе яны ўжо прададзеныя, у наяўнасці засталася толькі апошняя – зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка
“Следства вядзе суддзя Дзі”, які акурат і перакладала Ганна Янкута. Нідэрландскі пісьменнік і ўсходазнаўца на ангельскай мове напісаў серыю дэтэктыўных гісторый пра Старажытны Кітай.
У 2018 годзе Ганна выдала сваю першую аўтарскую кнігу пра прыгоды менскага ката Шпрота, які жыве каля Парку Чалюскінцаў і ходзіць туды на шпыцыр. У Лодзь пісьменніца прывезла другую кнігу серыі –
«Кот Шпрот і зніклы мышамабіль», дзеянне ў ёй адбываецца ў Батанічным садзе. А вось працяг прыгодаў ката, трэцюю кнігу, напісаную ў 2020 годзе, «Кот Шпрот і вежавы гадзіннік» пагартаць пакуль не атрымаецца, затое яе можна паслухаць у аўдыё-фармаце праз мабільнае прыкладанне “Кніжны Воз”. Зараз ідзе праца над макетам выдання, таму праз нейкі час кніга ўсё ж плануецца да выхаду.
Акрамя дзяцячых твораў
Ганна Янкута – аўтарка паэтычнай версіі Канстытуцыі! Так, гэта творчае асэнсаванне Асноўнага Закону беларускай дзяржавы, яшчэ таго, дарэферэндумнага, да зменаў 2022 году. Ганна спынілася толькі на двух першых раздзелах Канстытуцыі, якія называюцца “Асновы канстытуцыйнага ладу” і Асобы, грамадства, дзяржава”, дзе закранаюцца фундаментальныя пытанні нашага жыцця: пра правы і абавязкі, пра сям’ю, працу, адукацыю, ахову здароўя і навакольнага асяроддзя.
Трэба зазначыць, што (эка)паэтычны праект
«Геалогія»/«Канстытуцыя» – гэта два варыянты кнігі з аднолькавым зместам, толькі ў “Геалогіі” не прыводзіцца тэкст саміх артыкулаў, што зроблена ў “Канстытуцыі”. Чаму? Хай гэтае пытанне застанецца для творчых сустрэч, каб разважаць на тэму гарантаваных грамадзянам беларускай дзяржавай правоў і свабод. Пасля прачытання пары вершаў з
“Канстытуцыі”, Ганна запыталася, на які б артыкул прысутныя хацелі пачуць паэтычную асацыяцыю, некалькі чалавек адказалі –
артыкул 27.
Таксама былі прадстаўлены паэтычныя зборнічкі
Баляслава Лесьмяна, паэта Варшаўскага гета
Уладыслава Шленгеля, нямецкага экпрэсіяніста
Геарга Гайма, «Габрэйскія мелодыі»
Генрыха Гайнэ.
Ігар Крэбс займаецца перакладамі ў асноўным з нямецкай мовы і спецыялізуецца на нямецкай габрэйскай літаратуры. Гэты інтарэс узнік з-за таго, што габрэі насялялі беларускія мястэчкі і складалі значную частку насельніцтва, жылі побач з беларусамі.
Неяк да Ігара звярнуўся знаёмы праз фэйсбук і папрасіў перакласці трактат
Тэадора Герцля “Яўрэйская дзяржава”, напісаны ў канцы 19 стагоддзя. Ігар пераклаў, а праз нейкі час той знаёмы папрасіў перакласці ўжо раман 1902 году “Altneuland”, назва якога – “Старая новая зямля” – перагукаецца і як бы адсылае да Якуба Коласа, да ягонай “Новай зямлі”. І тэматычна творы досыць блізкія, толькі беларускі класік адлюстраваў мару пра свой кут на прыкладзе адной сям’і, раман жа Герцля з’яўляецца планам уратавання габрэйскага народу, падрабязным, пакрокавым. Ён апісаў сваю мару – як павінна выглядаць габрэйская дзяржава. Раман “Старая новая зямля” утапічны, сентыментальны, і ў той жа час гэта раман ідэй, праграма.
Ігару Крэбсу два гады прыйшлося жыць у Ізраілі, менавіта на вуліцы Тэадора Герцля, на той час ён не ведаў, хто гэта. А перакладаючы раман, фантастычным падаецца тое, наколькі сучасны Ізраіль дакладна адпавядае напісанаму больш за 100 год таму.
Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя