У Кракаве завяршыўся другі па ліку фестываль «Культура ў эміграцыі»
2023-06-05 16:00
У Кракаве завяршыўся другі па ліку фестываль «Культура ў эміграцыі». Цэнтральнай падзеяй праграмы стаў зварот лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Святланы Ціханоўскай, якая сабрала найбольшую колькасць публікі.
«Значная частка беларускай культуры была створаная ў замежжы. Пералік знакамітых беларускіх дзеячоў-эмігрантаў некаторыя пачынаюць ад Францыска Скарыны», – адзначыла Ціханоўская:
– Талерантнасць тагачаснай польскай і літоўскай дзяржаў дазваляла Скарыну вольна папулярызаваць нашу мову і культуру. І толькі на Усходзе, у Маскве, новую вынаходку – друкарскі станок – палічылі ерэтычнай.
Па словах старэйшага дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, арганізатары фестывалю паставілі Святлане такую задачу – выступіць з лекцыяй пра культуры ў эміграцыі:
– Сама Святлана абазначыла, што яна хацела б бачыць у гэтай прамове, яна выбрала тэксты, творы, якія б яна хацела прадстаўляць. Яна прадстаўляла і верш свайго мужа і “Статуі” Някляева. Я думаю, што гэта такая праграмная прамова пра тое, чаму трэба падтрымліваць Беларусь у выгнанні, і заклік да замежных нашых саюзнікаў, партнёраў інвеставаць у гэтую культуру.
Ужо сёння Святлана Ціханоўская пачынае візіт у Вену па запрашэнні міністра замежных спраў Аўстрыі Аляксандра Шаленбэрга.
***
У Кракаве 4-га чэрвеня на Віле Дэцыюша, якая стала стала на гэтыя выходныя кропкай творчых сустрэчаў, працягваліся прэзентацыі, абмеркаванні, выступы. Таксама ў межах беларускага фестывалю „Культура ў эміграцыі” была арганізавана акцыя салідарнасці з падпісаннем паштовак як зняволеным творцам, так і іншым беларускім палітвязням. Цягам двух дзён у цэнтральнай залі Вілы была магчымасць падпісаць паштоўкі палітвязням: падрыхтаваны спіс з адрасамі людзей слова ў няволі. Сітуацыю з беларускімі палітычнымі зняволенымі так ці інакш згадвалі ці не ўсе выступоўцы, бо амаль кожны мае за кратамі блізкіх сяброў альбо знаёмых. Улады блакуюць ліставанне, абмяжоўваюць камунікацыю, тым не менш людзі працягваюць і будуць працягваць пісаць лісты і паштоўкі, нягледзячы на створаныя перашкоды.
Таццяна Нядбай прэзентавала кнігу Нобелеўскага лаўрэата зняволенага праваабаронцы „Алесь”, куды ўвайшлі тэксты
Алеся Бяляцкага розных гадоў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прысутныя
Уладзімір Някляеў,
Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Алена Лапцёнак.
Праваабарончы цэнтр Вясна разам з аўтаркай Таццянай Астроўскай прадставілі навуковае даследаванне „Культура і то супраціў: Інтэлігенцыя, іншадумства і самвыдат у савецкай Беларусі (1968-1988). Кніга выклікала вялікую зацікаўленасць у знаўцаў гістарычнага літаратурнага працэсу.
Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай „Перспектыва Вольнай Беларусі”, пасля якой адбыліся дэбаты з удзелам прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліны Коўшык, Амбасадара Польшы Артура Міхальскага і прэзідэнта Польскага Пэн-клубу ў 2010-2022 гг. Адама Паморскага.
Яніна Стэфанчук, Беларускае Радыё Рацыя