- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помнік Ірэне Сэндлер – гэта выдатная нагода, каб расказваць пра яе незвычайную постаць.
У Вялікабрытаніі адкрылі помнік Ірэне Сэндлер, польцы, якая падчас Другой сусветнай вайны выратавала з варшаўскага гета сотні яўрэйскіх дзяцей. Ініцыятыва стварэння скульптуры належала брытанскаму скульптару Эндру Лілі. Мастак расказваў, што хацеў паказаць эмоцыі, якія мучаць медсястру, дапамагаючы габрэйскім дзецям.
Помнік паказвае, як Ірэна Сэндлер выходзіць з гета разам з двума дзецьмі. Адзін з болем азіраецца. Ён пакідае сям'ю і сваё цяперашняе жыццё. Гэты фрагмент скульптуры быў створаны на аснове фотаздымка, зробленага нядаўна. На ім уцякачка з Сірыі трымае дзіця, якое плача.
Дырэктар Інстытуту польскай культуры ў Лондане Марта дэ Зуніга адзначае, што помнік Ірэне Сэндлер – гэта выдатная нагода, каб расказваць пра яе незвычайную постаць.
-Гэта першая скульптура Ірэны Сэндлер у Вялікабрытаніі. Мы спадзяемся, што гісторыяй Ірэны ўдасца зацікавіць большую групу брытанцаў. Гэта цудоўная постаць, якая мае ўніверсальныя каштоўнасці. Асабліва сёння, калі мы наракаем на складанасці ў сувязі з пандэміяй, яе гісторыя ставіць усё ў адпаведнай перспектыве. Яна паказвае, што ў кожнай сітуацыі можна захаваць чалавечнасць. Гэта надзвычай важны на сённяшні дзень, прыгожы і ўніверсальны пасыл, які зацікавіў ангельцаў. Мы маем шмат водгукаў. Спадзяемся, што паявяцца перадачы і артыкулы пра Ірэну Сэндлер. Каб яе гісторыя стала шырока вядомая, бо яна гэтага заслугоўвае. Нам здаецца, што для брытанцаў сам факт, што яны не чулі пра Ірэну Сэндлер, зʼяўляецца нечаканасцю. Яны пытаюць, яг гэта магчыма, што ведаюць пра Шындлера, іншых людзей, якія дапамагалі яўрэям, а не ведаюць пра Ірэну.
Марта дэ Зуніга кажа, што Інстытут польскай культуры ў Лондане падрыхтаваў адукацыйную прапанову для вучняў і настаўнікаў, каб пашыраць веды пра Ірэну Сэндлер сярод брытанцаў.
Помнік усталяваны ў горадзе Ньюарк. Нягледзячы на тое, што ён не мае непасрэдных адносін з Ірэнай Сэндлер, то горад мае шмат агульнага з Польшчай. Падчас Другой сусветнай вайны там размяшчаліся польскія лётчыкі, там ёсць вялікія вайсковыя могілкі, шмат магіл палякаў.
-Ньюарк – гэта горад, які мае вельмі доўгую гісторыю супрацы з палякамі, клопату пра польскую спадчыну. Там знаходзяцца могілкі, на якіх пахаваныя польскія лётчыкі. Там знаходзілася першая магіла генерала Сікорскага. У горадзе жыве немалая польская дыяспара. Гэта як нашчадкі польскіх пілотаў, так і маладая польская дыяспара, якую вельмі шануюць. Вельмі прыемна, што Ньюарк выдатна клапоціцца пра польскія магілы. Супраца па ўсталяванні помніка была дасканалай. Мы вельмі ўдзячныя, што гарадскія ўлады ўключылі ў праграму па папулярызацыі ведаў пра жанчын-герояў постаць Ірэны. У Ньюарк ёсць сквер, дзе вельмі часта адпачывалі медсёстры на пераломе ХІХ і ХХ стагоддзяў. Адна з медсясцёр мае там свой невялікі помнік за тое, што выратавала дзіця, якое танула. Ньюарк хоча, каб увесь гэты сквер быў прысвечаны жанчынам-гераіням. Скульптуру Ірэны, якая таксама была медсястрой, паставілі менавіта ў гэтым скверы.
Сама скульптура, якая расказвае пэўную гісторыю, заахвочвае наблізіцца да яе і пазнаёміцца з постаццю Ірэны Сэндлер – дадае Марта дэ Зуніга.
Кіраўнік гарадской рады Ньюарка Дэвід Лойд лічыць, што, хоць гісторыя Ірэны Сэндлер можа здацца брытанцам даўняй гісторыяй з далёкай краіны, то ўсё ж яна мае пасыл і сёння. -Ніколі нельга судзіць іншых па нейкіх прыроджаных якасцях. Гісторыя Ірэны Сэндлер гэта паказвае. Мы ўсе павінны любіць адзін аднаго, заставацца разам як супольнасць, змагацца з кожным злом разам, – падкрэслівае Дэвід Лойд.
Гэта другі помнік у свеце Ірэне Сэндлер, першы стаіць у Маскве.
ав/Эва Плісецка