У Беластоку адбудзецца прэзентацыя дзвюх кніг Руслана Кулевіча
2021-06-16 12:09
Фонд OKNO NA WSCHÓD і Падляшскі інстытут культуры арганізуюць у Беластоку прэзентацыю дзвюх кніг гарадзенскага журналіста-ўцекача Руслана Кулевіча „Горад адзін, успаміны розныя” і „Гісторыі з гарадзенскіх вуліц”.
Аўтар сабраў у адным месцы мноства ўспамінаў і фотаздымкаў з хатніх архіваў. “Гісторыя Беластока і Гародні не моцна адрозніваецца, жыхары Беластока знойдуць у гісторыях Гародні нешта блізкае і знаёмае”, – адзначае аўтар і працуе яшчэ над некалькімі іншымі праектамі.
Кажа Руслан Кулевіч:
– Зараз у мяне тры праекты: шукаць уцекачоў з Беларусі, якія з’ехалі ў дваццатым годзе, рабіць навіны на “Гродна лайф”, і трэцяя місія – шукаць старажылаў, якія з Гародні з’ехалі ў Польшчу. Цяпер у Гародні я не магу шукаць. Мы зараз перакладаем кнігі на польскую мову, каб зрабіць турнэ па гарадах Польшчы і распавесці, што ёсць журналіст з Гародні, які шукае гарадзенцаў і гатовы прыехаць у любую кропку Польшчы, каб запісаць іх успаміны.
Прэзентацыя кніг адбудзецца ў Беластоку ў сераду на вул. Św. Rocha 14.
Пачатак а 18:00.
Уваход вольны.
У Беларусі Руслан Кулевіч не паспеў выпусціць кнігу „Гарадзенцы здалёк” і трэцюю частку ўспамінаў, і спадзяецца, што гэта атрымаецца зрабіць у бліжэйшай будучыні.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя