У Беластоку адбудзецца канцэрт „Wolność dla Białorusi”
2021-06-12 16:22
„Wolność dla Białorusi” (Свабоду Беларусі) – канцэрт, аб’яднаны з рознабаковай глыбокай дыскусіяй пра краіну, якая ахоплена рэжымам Лукашэнкі, пройдзе у Беластоку у PUB Sześcian у бліжэйшую нядзелю а 20 гадзіне.
Ініцыятыву арганізуюць журналіст і музыка Пётр Чабан і беларускі актывіст Дзіма Сяўко. Кажа Пётр Чабан:
– Будзе музыка, будзе дыскусія, будуць людзі, звязаныя з беларускай тэматыкай, людзі, якія пацярпелі ад рэжыму, і палякі, якія цёплым словам падтрымліваюць беларусаў. І будуць людзі, якія працуюць у структурах беларускай меншасці ў Польшчы: Дзіма Сяўко, Павел Латушка, Алег Латышонак, Томэк Суліма, Лешэк Шарэпка, Анджэй Каліноўскі, Адам Вайрак. Будуць прадстаўнікі мясцовай улады, прадстаўнік Сейму Роберт Тышкевіч, а таксама Лех Валенса.
Некаторыя размовы прагучаць у відэазапісе. Дыскусію, як і ў мінулым годзе, будзе весці Мікалай Ваўранюк, а музычную частку – журналісты Радыё Рацыя. У жывую выступяць Алег Кабзар і Адам Раманаў. Таксама пабачым відэазапісы з выступленнямі такіх музыкаў як Dariusz Malejonak, Ilo and Friends, Seasonal, Pomidoroff, Gods, Mniej Więcej, Hidden By Ivy і іншых артыстаў.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя