«У аўтазаку мы крычалі і прасіліся ў туалет, на гэта ніяк не рэагавалі»
2020-10-24 22:32
Сярод затрыманых 9 жніўня ў Маладзечне быў Дзяніс Краўчонак.
Ён цяпер жыве ў Мінску, але родны горад – Маладзечна. Тут жывуць яго сястра і брат. Час ад часу мужчына прыязджае сюды на выхадныя. Яго затрымалі прыкладна ў 23:30.
Дзяніс падзяліўся сваёй гісторыяй затрымання з чытачамі «РГ»:
– Я ішоў па Вялікім Гасцінцы, быў каля былой крамы «Елгава». Ішоў у бок крамы «Аквадыў», там мяне і затрымалі. Хацеў купіць цыгарэты, думаў, раптам працуе гэты магазін. Бачу, што спыняецца машына і адтуль выходзяць людзі ў чорнай вопратцы. Накіраваўся ў дворык, адчуў, што з імі лепш не сутыкацца. Але каб асэнсаваць усё, было вельмі мала часу.
У дворыку мяне спынілі два ці тры чалавекі. Падышлі, было відаць, што думаюць, ці затрымліваць. Пасля ўбачылі на маёй руцэ белую стужачку, я зрабіў са шнурка, узялі пад рукі і павялі ў бусік, надзелі наручнікі.
Там ужо было некалькі чалавек, яны былі цесна згрупаваныя адзін да аднаго, хтосьці быў на падлозе. Я на некага крыху заваліўся. У машыне затрыманых было чалавек сем. Пасля заводзілі і іншых, яшчэ чалавек сем-дзевяць. Павезлі ў РАУС.
У бусе быў шафёр і яшчэ некалькі супрацоўнікаў. Мы ўсе былі перапалоханыя, да аднаго чалавека дакрануўся ў знак падтрымкі.
Быў моцны маральны ціск, размаўлялі з намі, як з кімсьці, хто ніжэй за цябе. Размаўлялі груба, гучна, камандамі – «Лежать!», у такім ключы. Завялі дзвюх жанчын, яны пачалі спрачацца, ім адказвалі «Молчать!». Яны таксама адказвалі на павышаных тонах. І было відаць, што тыя амапаўцы самі не ведалі, як да гэтых жанчын ставіцца. Я баяўся, што яны атрымаюць дубінкай.
Адна жанчына асабліва ўзрушалася: «Мне 40 гадоў, ішла па вуліцы, я што, хадзіць па вуліцы не магу?». Амапаўцы груба казалі, каб яна замаўчала, а яна працягвала. Так даехалі да міліцыі. Я маўчаў, разумеў, што гэта не мае сэнсу, што ў іх загад – маральна ціснуць.
У двары ўсіх расклалі, штурхаючы. У мяне счасаліся локці і калені.
Калі прывезлі нас, у двары ўжо ляжала чалавек 25-30. Усе ляжалі галавой уніз каля сцяны, ляжалі шэрагамі, як даміно. Праляжалі там дзве-тры гадзіны, пакуль не склалі пратакол, пасля нас вярнулі сюды ж. Рукі былі ў наручніках. Некаторыя скардзіліся, што наручнікі вельмі тугія, некаторым іх здымалі.
Прывозілі яшчэ затрыманых. Я спрабаваў падлічваць, налічыў чалавек 40-50. Я спрабаваў паварочваць твар, разглядаць людзей, лавілі позіркі, каб адчуць падтрымку з іншымі.
У дворыку бачыў людзей у пагонах. Некаторыя, хто ляжаў побач, казалі па званнях, а я не разбіраўся. Збівалі людзей, якія гаварылі. Дзвюх жанчын прывезлі з намі, колькі яшчэ было жанчын – не памятаю. Калі я ляжаў, быў небяспечны момант, калі мог атрымаць дубінкай.
Пачаў спрачацца, пытаўся, за што нас збіваюць – таксама з нецэнзурнай лексікай. Падышоў міліцыянер і сказаў, што там двух іх чалавек пабілі, нешта зламалі ім, здаецца. Думаў, паб’е мяне, але стрымаўся, нічога не сказаў больш. Кажу, што маёй знаёмай рукі зламалі, не адказаў нічога.
Праз гадзіны дзве-тры дазволілі сесці, і я быў за гэта ўдзячны. Пасля адводзілі складаць пратакол і вярталі назад. Але ўвесь гэты час не дазвалялі схадзіць у прыбіральню. Гэта для мяне было самае складанае псіхалагічна.
Некалькі разоў прасіў звадзіць, казалі хадзіць пад сябе. Гэта адзін з самых непрыемных успамінаў, вельмі цяжка маральна было з-за гэтага.
Я думаў, як добра, што жнівень, бо ноччу на зямлі ляжаць небяспечна, добра, што лета.
Адзін хлопец ляжаў побач са мной. Ён, напэўна, служыў, сутыкаўся з міліцыяй або АМАПам, і казаў, што такога ніколі не было, ніколі так не здзекаваліся з людзей.
Калі складалі пратакол, усім напісалі аднолькавыя, у нас не пыталіся, дзе і як затрымалі. Пыталіся толькі нашы дадзеныя – адрас, прозвішча. Пратакол на мяне склалі за хвіліны тры. Пасля вярнулі ў дворык, мы там сядзелі.
Праз гадзіны тры пачалі групаваць па аўтазаках, каго куды везці. Нам не казалі, куды везлі, аказалася, што недзе ў восем раніцы прывезлі ў Чэрвень. Там кожнаму раздалі па матрацу, пасцельную бялізну, размеркавалі па камерах.
Мне далі восем сутак арышту. Суд быў на трэці дзень, 12 жніўня. Доўжыўся хвіліны тры-пяць. Разумеў, што сэнсу тлумачыць штосьці няма, што гэта сістэма, якую не пераканаць.
Хаця цяпер думаю, што можа варта было б аспрэчваць. Асудзілі па артыкулах 23.4 і 23.34 – удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і супраціўленне. У гэты дзень мае сваякі даведаліся, дзе я, і прыехалі да мяне, перадалі перадачу.
За ўвесь гэты час самае непрыемнае – што не маглі схадзіць у прыбіральню, пакуль ехалі ў аўтазаку.
Атрымліваецца, нас не пускалі ў туалет з моманту затрымання, усю ноч, і ўсю дарогу ў аўтазаку. Калі ехалі ў аўтазаку, мы крычалі, прасіліся, бо якое яшчэ выйсце, а на гэта не рэагавалі ніяк.