Творы Дуніна-Марцінкевіча выключылі са сьпісу «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
2024-04-26 20:01
Летась у лістапада збор твораў клясыка беларускай літаратуры Вiнцэнта Дунiн-Марцiнкевiча прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Аднак 11 сакавіка 2024 году гэтае рашэньне адмяніў Гомельскі абласны суд, заўважыла «Вясна Брэст».
8 лістапада суд Жыткавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» двухтамовы збор твораў Дунін-Марцінкевіча «Драматычныя творы, вершаваныя аповесьцi i апавяданьнi», выдадзены ў 2007–2008 гадах дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
Аднак ў сёньняшняй вэрсіі «сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў» замест кніг напісана «адменена», і ўдакладняецца: рашэньне раённага суда адмяніў прэзыдыум Гомельскага абласнога суда 11 сакавіка 2024 года.
На сёньня гэта першы (і адзіны) прыклад таго, калі ўлады адмянілі рашэньне аб прызнаньні чаго-небудзь «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Больш такіх прыкладаў у сьпісе няма, адзначаюць праваабаронцы.