Ціманоўская: «Хачу сказаць усім беларусам, каб яны перасталі баяцца».
2021-08-05 16:47
Беларуская лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская пасьля ціску з боку адміністрацыі і трэнэра алімпійскай зборнай адмовілася вяртацца з Токіё ў Беларусь. Цяпер яна ў Варшаве, дзе расказала пра абставіны свайго ўчынку і свае далейшыя пляны.
Увечары 5 жніўня Крысьціна Ціманоўская прыбыла ў Варшаву. Намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Марцін Пшыдач раней заяўляў, што Ціманоўская атрымала польскую гуманітарную візу. Ён дадаў, што Польшча «зробіць усё неабходнае, каб дапамагчы ёй працягнуць спартовую кар’еру».
Яе муж Арсень Зданевіч таксама атрымаў польскую гуманітарную візу, у інтэрвію Свабодзе ён пацьвердзіў атрыманьне візы і сказаў, што пакуль яшчэ знаходзіцца ў Кіеве і ня будзе агучваць, калі зьбіраецца ў Польшчу, — «дзеля сваёй жа бясьпекі».
Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) напярэдадні паведаміў, што пачаў дысцыплінарны разбор і фармуе сьпіс сьведак у справе беларускай лёгкаатлеткі.
Што сказала Ціманоўская
Напачатку Ціманоўская падзякавала японскім уладам за бясьпеку і польскім — за запрашэньне. Затым заявіла, што яе бабуля параіла ёй не вяртацца ў Беларусь з прычыны праблем, якія могуць чакаць яе на радзіме.
Яна пацьвердзіла, што сытуацыя стала для яе шокам, бо напачатку гэта былі выключна спартовыя спрэчкі.
Пра палітычны прытулак Крысьціна пакуль ня думае. Яе рашэньне прыехаць менавіта ў Польшчу прадыктаванае ў многім парадай бацькоў, якім можа быць лягчэй дабірацца для сустрэч з дачкой у Польшчу, а ня ў нейкую іншую краіну.
Ціманоўская плянавала ўдзельнічаць у спаборніцтвах 15 жніўня, абгаворвала з мэнэджарам абставіны вылету зь Беларусі, а таксама заканчэньне сваёй вучобы. Але цяпер пляны зьмяніліся.
Таксама яна адзначыла, што бацькі паведамілі ёй пра працяг цкаваньня з боку дзяржаўных СМІ, дзе адзначаюць, быццам яна не скарысталася шанцам прабегчы на Алімпіядзе. На адным з рэсурсаў быў заклік са спасылкай на інстаграм Ціманоўскай пісаць ёй пагрозы.
Яна спадзяецца застацца ў Польшчы, але гэта залежыць ад мужа, які неўзабаве прыедзе туды з Украіны. Крысьціна верыць, што здолее працягнуць спартовую кар’еру, а яе муж знойдзе ў гэтай краіне працу. Таксама спартоўка адзначыла, што стан яе бацькі, у якога праблемы з сэрцам, апошнімі днямі пагоршыўся. Але бацькі запэўніваюць дачку, што трымаюцца.
Пытаньне зь Ціманоўскай па сутнасьці будуць разглядаць 6 жніўня. Як вядома, МАК адкрыла дысцыплінарнае расьсьледаваньне наконт паводзінаў адміністрацыі беларускай зборнай.
Ціманоўская заклікала беларусаў не маўчаць аб праблемах і супраціўляцца ціску, які на іх чыніцца:
«Я думаю, што я гатовая дапамагчы людзям, якія могуць апынуцца ў падобнай сытуацыі, як я, або людзям, якія хочуць пакінуць Беларусь. Я таксама хачу сказаць усім беларусам, каб яны перасталі баяцца, калі на іх робіцца нейкі ціск — каб яны сьмела пра гэта заяўлялі, і калі нехта адчувае ціск, нейкія псыхалягічныя праблемы, яны таксама могуць сьмела напісаць мне, я пастараюся падтрымаць кожнага і адказаць кожнаму».
Пра магчымасьць вяртаньня на радзіму яна сказала:
«Я буду гатовая вярнуцца ў Беларусь, калі буду ўпэўненая, што мне там будзе бясьпечна знаходзіцца. Тут я адчуваю сябе ў бясьпецы...
У Беларусі я адкрыта выказвала сваю думку, але заўсёды даводзілася сачыць за сваімі словамі, каб не было якіх наступстваў. У Беларусі ня толькі я, але і іншыя баяцца гаварыць».
Калі хтосьці са спартоўцаў вырашыць пакінуць Беларусь, то мы ім абавязкова дапаможам, заявіла Ціманоўская, яе падтрымаў Павал Латушка, які згадаў Фонд спартовай салідарнасьці.
Ціманоўская сказала таксама, што зьбіраецца ўзяць удзел у Маратоне свабоды 9 жніўня.
На заканчэньне Ціманоўская яшчэ раз зазначыла, што яна шакаваная гэтымі падзеямі, але спадзяецца, што яе лепшыя дні яшчэ наперадзе. Яна паказала майку з надпісам: «I just want to run» (Я проста хачу бегаць).
«Я не хачу ўцякаць ад кагосьці. Сэнс майго пасланьня ў інстаграм быў, што я проста хацела прабегчы на Алімпійскіх гульнях. Гэта была мая мара».
Павал Латушка падкрэсьліў, што Ціманоўская па-за палітыкай, аднак яна адна з тысяч беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі і запалохваньні цяперашніх уладаў. Ён прывёў некалькі прыкладаў таго, як Лукашэнка са сваім атачэньнем распраўляюцца з іншадумцамі, згадаўшы ў тым ліку загадкавую сьмерць у турме палітвязьня Вітольда Ашурка, ліквідацыю НДА, незалежных СМІ і іншыя віды рэпрэсій, у тым ліку супраць спорту.
Таксама Латушка заявіў, што, згодна зь ягонымі дадзенымі, 95% беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, баяцца за сваю бясьпеку. Таму ўчынак Ціманоўскай не выглядае дзіўным. Сама Ціманоўская заявіла, што атрымала за апошнія дні шмат прапановаў аб дапамозе, найперш ад украінскіх атлетаў. Яна спадзяецца працягнуць працу са сваім асабістым трэнэрам, які жыве ў Аўстрыі.
Крысьціна Ціманоўская і яе адмова вяртацца ў Беларусь
1 жніўня 24-гадовая лёгкаатлетка Крысьціна Ціманоўская заявіла, што яе спрабавалі сілай вывезьці з Токіё ў Беларусь. Яна адмовілася ад пасадкі на самалёт і заявіла, што ў аэрапорт яе даставілі супраць волі.
Ціманоўскую выключылі з алімпійскай каманды пасьля таго, як яна выступіла з крытыкай трэнэрскага складу ў сваім Instagram. Яе паставілі бегчы эстафэту 4×400 мэтраў, хоць на Алімпіядзе Крысьціна рыхтавалася выступіць у бегу на 100 і 200 мэтраў.
Гэта здарылася пасьля таго, як Марыю Жодзік, Ганну Міхайлаву і Крысьціну Мулярчык не дапусьцілі да эстафэты з прычыны недастатковай колькасьці допінг-пробаў. Жодзік абвінаваціла ў гэтым Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі. Ціманоўская, у сваю чаргу, заявіла, што ніколі ня бегала дыстанцыю, на якую яе без папярэджаньня выстаўляе трэнэрскі штаб.
Неўзабаве пачаліся пагрозы ад адміністрацыі каманды і галоўнага трэнэра зборнай у лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча, і Крысьціна выдаліла відэа з пагрозамі. Функцыянэры спачатку ігнаравалі пытаньні Ціманоўскай наконт удзелу ў няпрофільнай для яе эстафэце, куды атлетку ўключылі безь яе згоды, а затым пачалі пагражаць, заяўляючы, што рашэньне пра яе «выдаленьне з Алімпіяды» прынятае «на самым версе».
Ціманоўская заявіла, што ў Беларусь ня вернецца, бо баіцца перасьледу. 2 жніўня яна наведала польскую амбасаду, дзе ёй выдалі гуманітарную візу. У той жа дзень стала вядома, што яе муж Арсень Зданевіч зьехаў зь Беларусі ва Ўкраіну.
Трэцяга жніўня Ціманоўская з Токіё паразмаўляла з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім.
4 жніўня заплянаваны пералёт спартоўкі ў Варшаву ў апошні момант зь меркаваньняў бясьпекі зьмянілі на Вену. У аэрапорце Токіё перад вылетам у Аўстрыю Ціманоўская зьявілася ў суправаджэньні афіцэраў японскай паліцыі.