Дарагая Наша Ніна белаазёрцаў абудзіла. З гэтага мне захацелася пачаць свой артыкул успамінаў пра паэтку і грамадскую дзяячку Ніну Мацяш з Белаазёрску. У пачатку 90-х у Бярозаўскім раёне Белаазёрск «прачнуўся» першым.
Для мяне гэтыя дэмакратычныя перамены пачаліся з вайны за трохпакаёўку, якую павінны былі даць па дамове і не далі, патрэбна было доўга судзіцца, з дапамогі партыі БНФ, якою кіраў Мікалай Суліма і літаратурнага аб’яднання «Агмень», якое стварыла паэтка, перакладчыца і проста цудоўны чалавек
Ніна Мацяш.
Нарадзілася Ніна Мацяш ў вёсцы Нівы Бярозаўскага раёна ў шматдзетнай сям’і. У 1960 годзе яна скончыла Бярозаўскую сярэднюю школу. Была здатная да вучобы, таму цвёрда вырашыла паступаць на нямецка-французскае адзяленне Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў. Скончыла інстытут у 1966. Прыйшлося браць акадэмічны адпачынак з-за генетычнай хваробы міапатыі – нервова-мышачнага захворвання. Нейкі час, пакуль дазваляла здароўе, Ніна працавала выкладчыцай нямецкай мовы ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы. Яе паэтычны талент выявіўся ў 1963 годзе. Першыя вершы друкаваліся ў раённай газеце «Маяк камунізма», затым у 1970 г. з’явіўся яе першы вершаваны зборнік «Агонь» накладам у 2000. І ўсе яе вершы пра малую радзіму. Яна расказвала пра тутэйшую прыроду, пра людзей, родзічаў, суседнюю новабудоўлю — новы горад Белаазёрск.
Мы сустрэліся з Нінай Мацяш, калі яна ўжо была ў інвалідным вазку. Яна запрасіла мяне ў «Агмень», паколькі ў тым жа «Маяку камунізма» былі ўжо мае публікацыі пра маіх калег па працы і цікавых белаазёрцаў. За публікацыю пра ўдзел жанчын у вайне я атрымала нават прэмію. Белаазёрск пачынаў бурліць, праходзілі частыя акцыі пасля атрымання Беларуссю незалежнасці. Момант быў нялёгкім, але настрой у белаазёрцаў быў узнёслы. Акцыі былі шматлікія і рэй вёў дырэктар ГРЭС Іван Баярчук, светлай памяці чалавек. Канешне, ні адна акцыя не абыходзілася без Ніны Мацяш. Калі Баярчук быў галавой, то Ніна – сэрцам акцый. Для гэбэшнікаў наш горад быў «осиным гнездом».
На адной з акцый Ніна вельмі змерзла, а даручылі яе на той момант глядзець майму мужу. Яму назаўсёды ўрэзалася ў памяць, як ён нясмела прапанаваў ёй сваю куртку, каб сагрэць, а сам мужна пераносіў холад. Памятаю, як пасля адной акцыі я нацёрла і нажарыла дранікаў і пабегла да Ніны, каб пачаставаць. Яна сказала, «вось і яшчэ адна сяброўка ў мяне з’явілася». Але я занятая малымі дзецьмі, а іх на той час было ўжо трое, мужам і работай не мела шмат вольнага часу і не так часта бачыла Ніну, як хацелася б і як было б трэба.
Дзякуючы яе вершам, я па-новаму паглядзела на родны свет навокал, дзякуючы яе поглядам, мянялася і маё ўспрыняццё навакольнага свету і тое, якім павінен быць нармальны свет і нармальнае грамадства. Мяне не дзівавала яе беларуская мова, яна не папракала мяне за расейскую. Я, працуючы ўжо ў незалежнай газеце, пісала яшчэ па-расейску, пакуль далікатная Ніна, мне не сказала, а чаму не па-беларуску? Гэта для мяне быў як стрэл. Мне чамусьці стала сорамна, што я раней не зразумела самага галоўнага: кошту і вартасці роднай мовы. Памятаю, купіла тры тоўстыя руска-беларускія слоўнікі, паклала на працоўны стол і пачала пісаць з іх дапамогай тэксты па-беларуску. Было нялёгка, работа замарудзілася, бо без канца заглядвала ў слоўнік. З часам пайшло лягчэй і лягчэй, потым стала думаць і гаварыць толькі па-беларуску. Ніна вельмі была рада. Потым я знайшла сваю царкву грэка-каталіцкую па-беларуску. І аднойчы прапанавала святару разам з’ездзіць да Ніны. Яна свяцілася шчасцем. І прыезд грэка-каталіцкіх святароў быў не адзіны.
Я не была блізкай сяброўкай Ніны, але без яе не была б такой як я цяпер.
З цяжкім сэрцам сустрэла сыход Ніны ў лепшы свет. Гэта здарылася ў снежні 2008 года. На вуліцы было сыра і холадна, пад нагамі брудна-снежнае месіва. Адпявалі Ніну ў праваслаўнай царкве праз дарогу ад яе дома.
Я ўдзячна лёсу за Ніну. Яна – гонар Белаазёрска, яе любілі ўсе. Але яе імя носіць толькі гарадская бібліятэка і маленькая вулічка на ўскрайку горада. Спадзяюся, што прыйдзе час, калі ў горадзе будзе помнік нашай славутай зямлячкі і яе імем назавуць галоўную вуліцу і не толькі ў любімым нашым Белаазёрску.
Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя