Ці скончылася рэвалюцыя? Гутарка з аналітыкам Арцёмам Шрайбманам
2021-05-11 16:21
Што абароніць дэкрэт «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу»? Чаму на пратэсты цяпер не выходзіць амаль ніхто? Чаго можна чакаць ад беларускага грамадзтва?
На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Шрайбман
Навошта Лукашэнку дэкрэт аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу?
Зразумела, Канстытуцыйны суд прыйдзе да высновы, што дэкрэт пра Раду бясьпекі дапаўняе і разьвівае Канстытуцыю
Але ў Канстытуцыі запісана, што ў выпадку вакансіі пасады прэзыдэнта ўлада пераходзіць да прэм’ера, і ніякіх агаворак наконт кшталтаў вакансіі ў Канстытуцыі няма
Я не да канца разумею функцыянал гэтага дэкрэту
Дапусьцім, што Лукашэнка робіць страхоўку ад неляяльнага прэмʼера, так бы мовіць, пратачыўся вораг, таму патрэбнае калектыўнае кіраўніцтва
Але гэты прэмʼер можа прызначыць новых сілавікоў, ён можа заявіць, што будзе абапірацца на Канстытуцыю, а не на дэкрэт
Маё меркаваньне, што гэты дэкрэт — гэта адзін з крокаў у кірунку падвышэньня ролі Рады бясьпекі, а не аднаразовае «эпахальнае» рашэньне
Нават неабавязкова, што на чале Рады бясьпекі будзе сам Лукашэнка: можна пасадзіць на гэтую пасаду сына, можна надзвычай вернага сілавіка кшталту Віктара Шэймана
У сакавіку Лукашэнка сказаў, прымаючы старшыню Рады бясьпекі Аляксандра Вальфовіча, што трэба трансфармаваць Раду на расейскі і казахстанскі ўзор
Цяперашні дэкрэт — гэта яшчэ не казахстанскі варыянт. Таму вельмі імаверна, што наперадзе далейшая трансфармацыя гэтага інстытуту
У сакавіку пашырылі склад Рады, прызначыўшы туды трох сілавікоў і стварыўшы парытэт паміж цывільнымі і сілавымі чальцамі
З выказваньняў Рамана Галоўчанкі не вынікае, што ў яго ёсьць нейкае палітычнае стаўленьне да таго, што адбываецца
Ён арганічны ў ролі алавяннага салдаціка
Калі дзяржаўныя журналісты спыталі яго, ці ня крыўдна яму, яму было вельмі некамфортна, гэта было выштурхоўваньне яго ў зусім чужую для яго сфэру
Маўляў, не чапайце мяне, я ў дамку, я прадпрыемствамі займаюся
Чаму ня стала пратэстаў?
Незразумела, як цяпер людзям матываваць для саміх сябе выхад на пратэст, выхад на вуліцу
Як бы яны ні былі нязгодныя з уладай, у любога дзеяньня павінная быць мэта
Лідэры не патлумачылі, чаго людзі дасягнуць, калі выйдуць на акцыю, акрамя таго, што наступны месяц правядуць пад катаваньнем
Дзень волі і Чарнобыльскі шлях — гэта былі даты, на якія раней праводзіліся акцыі
Навошта было чакаць ад людзей настолькі індывідуальна іррацыянальных дзеяньняў?
Калектыўна яны маглі б стаць рацыянальнымі, але калектыўна зараз вельмі складана арганізавацца
Заклікі Латушкі і Карач не рэтрансьлявалі іншыя лідэры апазыцыі
У соцень тысячаў людзей, якія выйшлі ў другой палове жніўня, быў перад вачыма досьвед жанчын у белым, якія выйшлі 12-13 жніўня
Вось гэта быў паліталягічна невытлумачальны фэномэн, яны ішлі на амбразуру
Калі іх ня сталі чапаць, стала ясна, што ўлада сама разгубілася ад уласнай жорсткасьці і рэакцыі на яе грамадзтва
Тады на некалькі дзён міліцыя зьнікла з вуліц
Цяпер няма такой моцнай матывацыі, якая была тады
Калі ты 9 месяцаў робіш адно і тое ж і вынік не дасягаецца, то якая матывацыя?
Тыя, хто знаходзіў бы ў сябе такую матывацыю нават 9 траўня сёлета, ужо даўно сядзяць
Такія, як Калесьнікава і Статкевіч, выйшлі б, але яны ў турме
Пераадоленьне страху, моцная эмацыйная падстава, вера ў перамогу — без хаця б некаторых з гэтых фактараў пратэст немагчымы, яму няма адкуль узяцца
Значная частка людзей, якія мінулым летам, восеньню, частку зімы, займалі галаву толькі палітыкай, цяпер вяртаюцца ў становішча, якое было да жніўня ці да траўня летась, калі турбуюць і іншыя праблемы
Вяртаньне да непалітыкі
Мы вяртаемся да старых добрых фэйсбучных спрэчак на непалітычныя тэмы
Як нехта заўважыў, што ў гэты момант рэвалюцыя і скончылася
Але мы разумеем, што палітычны канфлікт ня вырашаны і што наступная ітэрацыя гэтага супрацьстаяньня непазьбежная
Пачнуцца мясцовыя выбары, пачнецца рэфэрэндум, будуць чарговыя памятныя даты
Я адчуваю, што палітыка ўжо менш цікавіць і цікавіць меншую колькасьць людзей
Раней ты заходзіў у кавярні і там ўсе гаварылі пра палітыку
Цяпер абмеркаваньне палітыкі стварае ўнутраны дыскамфорт
Вяртаецца ўстаноўка, якая некалі была — ай, давайце ня будзем пра палітыку
Непрыняцьцё гэтай улады — ня толькі палітычнае, але і этычнае, маральнае — нікуды не падзелася
Чаму Лукашэнка — ня цар Мікалай ІІ?
Акукліваньне ўлады ў прапагандысцкай прасторы, мова нянавісьці, якая льецца з тэлебачаньня, толькі закаляе бакі ў перакананасьці, што ніякага кампрамісу, прымірэньня да вырашэньня канфлікту быць ня можа
Я ня ведаю, наколькі дакладная мэтафара пажару на тарфяніку
Улада сваімі дзеяньнямі можа прывесьці сытуацыю ў стадыю актыўнага гарэньня
Многія людзі захоўваюць злосьць на ўладу і чакаюць нагоды для пратэсту
Такой нагодай могуць стаць эканамічныя цяжкасьці, скажам, нявыплаты заробкаў
На малаказаводзе ў Менску былі калектыўныя пратэсты
Такія гісторыі могуць успыхнуць на цяперашніх настроях даволі хутка, менавіта таму што палітычны канфлікт ня вырашаны
Людзі выціснулі палітыку за межы свайго інфармацыйнага поля, але не адбылося супакаеньня
Цяпер пачуцьця балянсу няма
Узровень злосьці, нянавісьці адносна ўлады вельмі ўзрос
Раней такога ўзроўню нянавісьці да ўлады і яе выканаўцаў не было з боку нават самых зацятых апазыцыянэраў
А гэта глеба для новай успышкі
У адрозьненьні ад іншых рэвалюцыйных падзеяў людзі ў 2020 годзе адчулі сябе большасьцю
Гэта немагчыма «разбачыць», немагчыма забыць
І людзі жывуць у чаканьні магчымасьці яшчэ раз заявіць сябе большасьцю
Становішча Лукашэнкі цяпер горшае, чым было ў Мікалая ІІ ў 1905 годзе і ў польскіх камуністаў падчас вайсковага становішча
Ён не ўсьведамляе важнасьць выпусканьня пары
Маніфэст цара у кастрычніку 1905 году быў закліканы пагасіць пратэстныя настроі, для таго і Думу выбіралі
І гэта дазволіла працягнуць агонію Расейскай імпэрыі
А Лукашэнка мае намер закатаць усё ў асфальт і потым думаць, як кіраваць тым, што закатаў
Ён і яго людзі крытычна недаацэньваюць тую колькасьць людзей, якія супраць іх
Я мяркую, што яны сапраўды перакананыя, што іх большасьць — калі не 80%, то 65%
Лёгіка Лукашэнкі: я ад імя большасьці закатваю ў асфальт меншасьць — што я раблю няправільна?
А вось гэта ён і робіць няправільна — ацэньвае другі бок
Цар у 1905 годзе і польскія камуністы падчас вайсковага становішча рабілі гэта крыху лепш, чым Лукашэнка