Ці мажлівы ў Беларусі легальны дзень народзінаў Івана Луцкевіча?
2023-05-28 22:11
28 траўня 1881 года на Ковеншчыне нарадзіўся грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, археолаг і краязнаўца Іван Луцкевіч. Яшчэ ў 2018 годзе ў Менску пры ўдзеле прадстаўнікоў Менгарвыканкама і пад бел-чырвона-белымі сцягамі быў афіцыйна адкрыты памятны знак на месца, дзе стаяў дом братоў Луцкевічаў у сталічным парку Купалы.
Успамінамі падзяліўся непасрэдны ўдзельнік, старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч:
– На той момант улады праводзілі пэўны эксперымент, як у палітычнай сферы, калі дапусцілі двух незалежных, адносна незалежных дэпутатак у Палату прадстаўнікоў. Таксама ў культурніцкай сферы, калі быў дадзены дазвол на правядзенне Дня Волі, калі ставіліся памятныя знакі, адкрываліся шыльды. Магчыма рэжым думаў пераняць гэтую павестку нацыянальнага адраджэння, стаць на яе чале. Па прычыне таго, што сутнасць рэжыму абсалютна супрацьлеглыя, то ў іх гэта ўсе не атрымалася і эксперыменты былі згорнуты.
Месца Івана Луцкевіча ў пантэоне беларускіх герояў абазначыў гісторык Алесь Пашкевіч:
– Іван Луцкевіч адпавядае тым крытэрам, якія агучваў у інтэрв’ю „Савецкай Беларусі” Ігар Сяргеенка. Наконт таго, што калі чалавек аддаў сваё жыццё за Радзіму, за нейкую беларускую справу, то гэта ўжо крытэр, каб уключаць яго ў нацыянальны пантэон. Іван Луцкевіч „згарэў” на гэтай працы. Дзякуючы яму ўтрымлівалася „Наша Ніва”, беларускі рух. Сваю смерць ад сухотаў ён зарабіў на беларускай справе.
Іван Луцкевіч – адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты „Наша Ніва”. Удзельнік пасяджэння Рады БНР 24—25 сакавіка 1918 года, на якім была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларускае Радыё Рацыя