Ці існуе канкурэнцыя між беларускімі кнігавыдавецтвамі ў замежжы?
2023-06-07 20:50
Ці існуе канкурэнцыя між беларускімі кнігавыдавецтвамі ў замежжы?
Не той час, лічыць заснавальнік фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк:
– Пакуль мы папаўняем адзін аднаго прапановай, якую выдаем, у Андрэя Янушкевіча ёсць свой ўлюбёны аўтар – Альгерд Бахарэвіч, у “Камуніката” свой улюбёны аўтар – Уладзімір Арлоў, „Гутэнберг”, выдавецтва з Кракава, займаецца зусім іншым. Я спадзяюся, што да такой сапраўднай канкурэнцыі мы і не дацягнем. Лічу, што ўсё ж такі ў Беларусі сітуацыя зменіцца, выдавецтвы вернуцца ў Беларусь. І там будуць з сабой канкураваць.
З часам беларускіх выдавецтваў будзе толькі больш, мяркуе
Яраслаў Іванюк.
Выдавец
Андрэй Янушкевіч перакананы: каб нешта змянілася, трэба не гараваць, а працаваць:
– Камень ваду точыць. Гэта мы ўжо бачылі па 2020 годзе, так будзе і далей. Мы, можа, нават і не заўважым, як усё ў адначассе пераменіцца, калі мы будзем на гэта працаваць. А я думаю, што так і будзе, таму што за намі праўда гісторыі, логіка гісторыі. І ў рэшце рэшт так павінна быць, каб дабро заўсёды перамагала зло.
Прадстаўнікі выдавецтваў таксама заўважылі, што ў чэргах па беларускія кнігі падчас адмысловых выстаў або кірмашоў у замежжы пераважна стаяць маладыя людзі да 30-40 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя