На гэтыя пытаньні каналу Свабода Premium адказвае
Аляксандар Марозаў, расейскі палітоляг, навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру Барыса Нямцова ў Празе, экспэрт міжнароднай ініцыятывы
iSANS (The International Strategic Action Network for Security).
Марозаў Калі казаць пра змову, то гэта, безумоўна, інсцэніроўка
Я мяркую, што яна рыхтавалася з таго часу, як беларускія ўлады абвінавацілі Ціханоўскую ў экстрэмізьме, у падрыхтоўцы перавароту
Стала відавочна, што беларускія спэцслужбы гэта будуць рыхтаваць
Але са штабам Ціханоўскай гэта было зрабіць немагчыма
Яны ад пачатку і ўвесь час падкрэсьлівалі, што іх дзейнасьць носіць выключна мірны характар
Для Лукашэнкі канструяваньне такой «змовы» гэта вялікая каштоўнасьць
22 красавіка, калі ён сустрэнецца з Пуціным, ён будзе «прадаваць» Пуціну гэтую «змову», як ён «прадаваў» Пуціну стужку перамоваў «Ніка і Майка»
Як ні дзіўна, гэта ў іх адносінах працуе
Было кола беларускіх апазыцыянэраў, не зьвязанае са штабам Ціханоўскай, якія вялі размовы пра «дзень Х»
Гэта вельмі небясьпечная тэма
Расейцам гэта нагадвае справу блогера Мальцава і справу арганізацыі «Новая веліч»
Мальцаў публічна абвяшчаў дзень рэвалюцыі 5 лістапада — таксама пэўны «дзень Х»
Гэта зь ягонага боку была такая напалову гульня. У выніку яму давялося зьбегчы за мяжу, а людзі, якія яму паверылі, трапілі пад сьледзтва
У справах Алега Сянцова і крымскіх татараў вельмі праглядаецца правакацыйны характар, канструяваньне спэцслужбамі падпольных арганізацыяў
Абмеркаваньне беларускімі апазыцыянэрамі «дня Х» было шчырым, але беларускі КДБ за гэта ўхапіўся і пачаў будаваць сваю гульню
Я быў зьдзіўлены, што Фядута і Зянковіч далі сябе ў гэта ўцягнуць
Самае сумнае ў гэтай гісторыі — гэта сынхранізацыя дзеяньняў КДБ Беларусі і ФСБ Расеі
ФСБ затрымала двух чалавек, нягледзячы на тое, што гэта была інсцэніроўка
У Расеі цяпер хваля справаў пра экстрэмізм, Пуціну вельмі выгадная такая справа аб змове ў Беларусі, інсьпіраванай з-за мяжы
Я ад пачатку глядзеў на беларускія пратэсты не ў адпаведнасьці з мадэльлю Майдану
Перамога рэвалюцыя годнасьці ва Ўкраіне стала магчымай дзякуючы ўцёкам Януковіча
Гэта стала вынікам яго чалавечай слабасьці, ён меў магчымасьці ўтрымаць сытуацыю
На беларускую сытуацыю я глядзеў праз прызму вопыту Вэнэсуэлы
Фундамэнтальным адрозьненьнем беларускіх пратэстаў ад Майдану было тое, што ніводзін дэпутат беларускага парлямэнту не падтрымаў пратэсты
Войска ва Ўкраіне было нэўтральным, а ў Беларусі было ясна, што Лукашэнка можа выкарыстаць і войска
У Беларусі можна было ладзіць намётавыя мястэчкі, але яны б адразу былі разбураныя
Беларуская апазыцыя — і старая, і новая — ведае і памятае, што ў сыстэме Лукашэнкі няма нормаў
Наіўна думаць, што супраць гэтага магчымы нейкі вайсковы пераварот
Людзі, якія выйшлі на пратэст у Беларусі — гэта мадэрнізаваная сярэдняя кляса, якая вырасла пасьля скасаваньня санкцыяў
Гэтыя людзі наагул ня мысьляць у паняцьцях нейкага перавароту
Цяпер у Расеі не гучаць галасы, што трэба дзейнічаць больш рашуча
Войска і іншыя сілавыя структуры захоўваюць высокую ляяльнасьць Пуціну асабіста
Калі б зараз у Расеі нейкія апазыцыянэры пачалі размаўляць пра «дзень Х», іх палічылі б правакатарамі
Я чуў выступы былога афіцэра беларускіх спэцслужбаў Ігара Макара, які казаў, што ёсьць расслаеньне сярод беларускіх сілавікоў
Мне гэтыя сьцвярджэньні падаліся беспадстаўнымі
Падчас пратэстаў мы бачылі, што ёсьць людзі, у тым ліку і ў сілавых структурах, якія гатовыя сысьці са сваіх пасадаў і пакінуць Беларусь
Яны гатовыя бегчы, гатовыя выйсьці з гульні
Але яны не гатовыя ладзіць супраціў унутры гэтых сілавых структураў, бо цана гэтага супраціву надзвычай высокая, а вынік вельмі малаімаверны