- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога».
Гэта словы з успамінаў Ларысы Геніюш, якія ў Беларусі выходзілі як „Споведзь”. Фонд Kamunikat.org і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку выдаюць цяпер гэтыя ўспаміны пад загалоўкам „Птушкі бяз гнёздаў”.
Кнігу можна ўжо цяпер замовіць са зніжкай на сайце Kamunikat.shop! Высылка пасля 16 лютага 2025.
Ларыса Антонаўна Геніюш (1910—1983) выдатная паэтка з самабытным голасам. Яна прайшла жудасныя этапы, сталінскія лагеры смерці. Твор — шчыры аповед нязломнага, дарэшты адданага Бацькаўшчыне чалавека, бясконца ўлюбёнага ў свой родны край, у людзей сваей зямлі. Аддаючы даніну памяці выдатнай дачцы беларускай зямлі Ларысе Геніюш, Фонд Kamunikat.org і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку выдаюць яе ўспаміны „Птушкі бяз гнёздаў”.
Кніга, дарэчы, выходзіла ўжо на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі – у арыгінале „Споведзь”, па-польску „Ptaki bez gniazd” а па-чэшску — „Pani Doktorowa”. Аднак, як у „Слове ад унука” піша Міхась Геніюш, сама Ларыса Антонаўна для свайго тэксту абрала форму ўспамінаў і такі меў быць загаловак першага выдання: „Успаміны”. Аднак кніга выйшла пад назвай „Споведзь”.
„Мая бабуля супраціўлялася такой назве яшчэ пры жыцці – дадае Міхась Геніюш – сцвярджаючы, што людзі вызнаюць свае грахі і дрэнныя ўчынкі, але ў яе не было такіх перад сваёй краінай. Грахі і несправядлівасці сапраўды былі здзейсненыя, але ў адносінах да яе, і за гэта ейнай сям’і давялося заплаціць такую бязлітасную цану”.
Уступ да ўспамінаў Ларысы Геніюш „Птушкі бяз гнёздаў”, якія выходзяць у Беластоку, напісаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, які часта наведваў Бабулі ў Зэльве.
„Так мы называлі яе ў лістах і тэлефонных размовах — піша Уладзімір Арлоў — з любасцю, але і з асцярогаю, з увагі на «таварышаў маёраў», нашых куратараў з органаў. Бабуляю яна часта была і проста ў прыяцельскіх гаворках, што маглі падслухаць чужыя вушы. Зрэшты, думаю, гэбісты цудоўна ведалі: Бабуля – Ларыса Антонаўна Геніюш”.
„Апошняя сустрэча – чытаем далей ва ўступе – не магла быць доўгаю. Бабуля абняла нас ужо аслаблымі рукамі, багаславіла і на хвіліну замаўчала. А тады мы пачулі словы-запавет, пра якія можна сказаць: на ўсе часы. «Трымайцеся Беларусі і трымайце Беларусь»”.
У 2025 годзе споўніцца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтага юбілейнага года, 19 снежня 2024 чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У дакуменце гаворыцца, што яны ніколі не страцілі гэтага грамадзянства, і што іх выдача савецкім уладам была незаконнаю.
Адзінай мэты не зракуся,
і сэрца мне не задрыжыць:
як жыць – дык жыць для Беларусі.
А безь яе – зусім ня жыць.
Ларыса Геніюш, 1953