Таямніца самагубства, каханне і містыка, свабода і савецкая Беларусь: паэтычны лёс Яўгеніі Янішчыц
2023-04-17 21:06
Новая гераіня чарговага відэа на канале CHADANOVIČ — «Палеская ластаўка» Яўгенія Янішчыц. Пагаворым пра 666 вершаў, паэтычныя палёты, жыццёвыя трагедыі і да сёння неразгаданую таямніцу смерці паэткі.
У новым відэа:
— чаму Янішчыц не змагла назваць сваю першую кніжку «Непрыручаная птушка»;
— у чым выяўлялася няўдачлівасць аўтаркі і прычым тут малпа;
— як Янішчыц прадчувала сваю смерць і што ў гэтым містычнага;
— ці перамог савецкі час геніяльную паэтку;
— як парадыравалі вершы Янішчыц;
— чаму ўсё жыццё аўтарка пражыла пад прозвішчам Янішчыц;
— як паэтка пісала ідэалагічныя вершы пра «гнілы Захад», але хавала пад імі персанальны боль;
— ці змагла Янішчыц справіцца з жыццёвымі трагедыямі: ад жудаснай аўтакатастрофы да хваробы сына.
Вось некалькі думак з відэа:
Калі тваё прозвішча, усе каму не лянота: ад народнага паэта Ніла Гілевіча да апошняга графамана, рыфмуюць з дзеясловам «нішчыць», нават дадаючы адмоўную прыставачку, гэта гіпнатызуе і самаўнушае. Дзеля справядлівасці, паэтка сама ў сваёй творчасці называе ўласнае прозвішча «расстраляным».
Раз за разам паэтка піша вершы пра самагубцаў. Больш за тое, пазіцыя савецкай назіральніцы за «гнілым Захадам» як бы дае ёй стопрацэнтнае алібі: гэта там у Нью-Ёрку магчымыя самагубствы, гэта там усё прадаецца і купляецца, гэта там можна смела па-беларуску рыфмаваць «Іўда і Галівуда», як у першым з такіх вершаў пра самагубчы лёс Мэрылін Манро. Але ўжо наступны тэкст пра самагубства амерыканскай паэткі Эн Сэкстан мае ў сабе шчыры нерв, горыч і надрыў. Ёсць і тут хадульныя адзнакі свайго часу — «У горадзе, што ачмурэў / Ад джазу і ад сексу», але ёсць таксама і такое:
Так, ёсць паэзіі сакрэт
І ў лёсе асабістым:
Паэт з’яўляецца на свет,
Як ластаўка, як выстрал.Хто такая
«Ластаўка» мы з лёгкай рукі
Ніла Гілевіча даўно памятаем. Перад намі аўтабіяграфічны вобраз.
Не ў самагубстве сілы соль,
Хоць ёсць тут знак пратэсту...Колькі тут ад рыфмы да скразнога рэфрэну — імені Эн Сэкстан з рознымі прыметнікамі, эпітэтамі, а колькі тут ад навязлівай думкі, з якой паэтка жыве?
Часам у цяжкія неспрыяльныя часы не варта цурацца і грэбаваць неўласцівым для яе загадным ладам, але гэты тэкст Яўгенія Янішчыц палічыла патрэбным напісаць так: «Гавары са мной па-беларуску». Можа быць, у гэтым апошняя тэрыторыя няскоранай, неадфарматаванай сістэмай, не знішчанай да канца свабоды, якая засталася з паэткай назаўсёды.