Таццяна Нядбай: Наша каманда – гэта наш патэнцыял
2023-06-07 21:57
„Госця Рацыі” Таццяна Нядбай, паэтка, старшыня Беларускага ПЭНу. Нагодай для гутаркі сталі дэбаты, што адбыліся ў Кракаве падчас нядаўняга фэсту „Культура ў эміграцыі”.
Таццяна камунікавала з польскім калегам Марэкам Радзіванам, прэзідэнтам Польскага ПЭН-клубу. Таму пачнём гутарку з фрагментаў гэтае сустрэчы.
РР: Якое ўражанне ў вас пакінула гэтая гутарка, дыскусія з польскім калегам?
– Па-першае, з Марэкам Радзівонам мы знаёмыя даўно. У прынцыпе з ім заўсёды вельмі камфортна размаўляецца. Ён выдатна ведае беларускую сітуацыю, выдатна разумее нас. Таму гэта заўсёды такая размова з чалавекам, які знаходзіцца на той жа самай хвалі. Гэта безумоўна размова з калегам, які прадстаўляе польскі ПЭН, гэта сястрынская арганізацыя беларускага ПЭНу. У гэтым сэнсе дадатковае вымярэнне набывае гэтая размова.
РР: Тая нота, якую задаў ваш калега цытуючы Чэслава Мілаша, што эміграцыя – гэта самагубства, гэта самота, адзіноцтва.
– Для мяне хоць эміграцыя і не была тым, чаго я дамагалася, гэта хутчэй было вымушана. Я вельмі пакатвала ад таго, што апынулася ў Польшчы, апынулася ў замежжы. Разам з тым, на сёння, тут апынулася маё асноўнае асяроддзе. Паколькі мая праца па-ранейшаму звязаная з Беларуссю, кантаткую я ўсё з тымі ж людзьмі афлайн ці анлайн, я сябе адчуваю ў прынцыпе, як дома. Часам нават забываю, што я я ў Польшчы. Канешне ёсць адчуванне свабоды, ёсць адчуванне таго, што да цябе ў твой офіс ці дом не ўварвуцца сілавікі. Тое, што перажывае, у чым жывуць гадамі нашы калегі, сябры, прыяцелі, сям’я ў Беларусі. Тут фактычна мы ў такіх, я б хацела сказаць у „цяплічных умовах”, але гэта будзе не да канца праўда, улічваючы ўсе побытавыя цяжкасці, усе візавыя цяжкасці з якімі мы вымушаныя сутыкацца, каб тут выжыць і магчы працягваць сваю працу.
РР: Ці ўсе вашыя калегі займаюцца тым жа, чым займаліся ў Беларусі?
– Безумоўна не ўсе. Некаторыя ідуць у клінінгавыя кампаніі, у рэстарацыі працаваць. Працуюць на працах, дзе толькі можна працаваць. З іншага боку, мы як ПЭН не заўсёды можам даць людзям патрэбны заробак, каб яны маглі тут нармальна легалізавацца і годна жыць ці хаця б проста выжываць, не кажучы пра тое, каб шыкаваць. Але мы стараемся, бо ўсё ж такі наша каманда – гэта наш патэнцыял, гэта людзі, якія працягваюць рабіць працу. Калі мы перастанем рабіць тое, што мы рабілі, то гэта значыць, што сістэма нас перамагла, што мы здаліся. Мы намагаемся гэтага не зрабіць, не дапусціць да гэтага. Канешне мы ўвесь час на ўзроўні выжывання сёння знаходзімся. Хоць ужо амаль два гады, як мы зарэгістраваныя, мы знаходзімся ў Польшчы, але ўсё адно яшчэ выжываем.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя