Тарас Тарналіцкі: «Гэта беларускі біблейскі пеплум. Падняўся ўвесь народ супраць фараона»
2021-10-11 17:17
Тарас Тарналіцкі — журналіст і кінакрытык. Стваральнік каналу «Священный Белавуд», прысвечанага падзеям і інтрыгам «Беларусьфільму» і беларускага кіно. Гісторык-архівіст з адукацыі. Браў удзел у кампаніі 2020–21 гадоў, прайшоў праз арышт. Інтэрв'ю з крытыкам апублікавала Беларуская рада культуры. Ціхая правінцыя і мяцежны Мінск
— Калі я жыў у Коласаве, невялічкай мясцовасці недалёка ад Мінску, за кіламетраў 65, інфармацыя пра палітычныя выступы туды не даходзіла. Я пра незадаволенасць Лукашэнкам, уладамі амаль нічога не ведаў. Дазнаўся пра гэта, калі ў 17 гадоў прыехаў у Мінск, у 2006-м, каб паступіць ва ўніверсітэт на гісторыка-архівіста.
Я вучыўся на гісторыка, таму мне ўсе гэтыя грамадскія падзеі былі цікавыя. А ўпершыню я ўзяў удзел у іх у 2010 -м, калі хадзіў на Плошчу. Быў з усімі на Кастрычніцкай, потым на плошчы Незалежнасці, але паспеў сысці ў апошні момант да разгону. Потым яшчэ быў на маўклівых маршах 2011 года, дзе пляскалі. На дэманстрацыях у 2017-м, калі выйшаў дэкрэт пра дармаедаў. Але нешта вялікае пачало выспяваць у 2020-м.
Пра цэнзуру. «А мне казалі: "А-та-та!"»
Была цэнзура, калі я служыў у арміі, там гэта было вельмі заўважна. І калі я працаваў 2016 годзе ў Нацыянальным цэнтры маркетынгу і кан’юнктуры цэнаў. Цікавае месца. Яны выдавалі часопісы і прасоўвалі магчымасці беларускіх прадпрыемстваў на замежным рынку. І мне рабілі заўвагі наконт таго, калі я нешта свавольна пішу ў «Фэйсбуку», напрыклад, пра «справу БелТА і TUT.by», а мне казалі: «А-та-та!», хаця цэнтр маркетынгу і БелТА — розныя арганізацыі. Дарэчы, у Нацыянальным архіве, дзе я таксама працаваў як шараговы гісторык, на нізавым узроўні цэнзуры не было.
Наагул у дзяржаўных СМІ патрабуюць пэўнай формы «изложения мысли». Там не трэба пісаць тое, чаго не трэба. Я супрацоўнічаў пэўны час з газетаю «Культура», складаў для іх рэцэнзіі, а мяне падразалі. Былі спрэчкі з рэдактарам, маўляў, пэўную фразу трэба прыбраць, бо будзе незадаволенае Міністэрства культуры. І гэта дакладна не для мяне, бо хочацца пісаць свае думкі пра кіно і пэўныя падзеі без самацэнзуры. А таму працаваць на дзяржаўныя СМІ я не мог.
Таямніцы "Священного Белавуда"
— Я не толькі працаваў на незалежныя СМІ, але стварыў свой канал «Священный Белавуд», у якім публікуецца інфармацыя пра «Беларусьфільм» і захады Міністэрства культуры ў сферы кіно. Я не казаў бы, што ён вельмі масавы, у нас ёсць 2000 падпісантаў, гэта недастаткова. На фоне каналаў, прысвечаных беларускай літаратуры ды культуры, не гаворачы ўжо пра каналы палітычныя, ён не вельмі масавы. Але для мяне добры паказнік — рэакцыя чыноўнікаў. Мне прысылалі звесткі людзі, звязаныя з Міністэрствам культуры і кінастудыяй, злівалі інфу. Ананімна, безумоўна. Каб чалавек расказаў нешта цікавае, трэба гарантаваць бяспеку суразмоўцам, каб людзі не баяліся падзяліцца навіною пра беларускае кіно.
Напярэдадні жніўня-2020: «У той момант я зразумеў, што будзе вялікі варушняк»
— Спачатку я не верыў Бабарыку, думаў, што гэта будзе спойлер Лукашэнкі, бо як у тых умовах — а гэта быў травень 2020 года — паверыць, што хтосьці можа выйграць у гэтых выбарах. Усе ж ведаюць, як у нас галасы лічацца і што бывае з тымі, хто вылучаецца на пасаду прэзідэнта. Таму я меркаваў, што тут ёсць пэўная дамоўленасць. Але мне было цікава, бо я пабачыў у грамадстве ўсплёск, і тады запісаўся ў каманду Бабарыкі, каб ацаніць запыт на перамены.
Было вельмі драйвова збіраць подпісы. Збіраў там, дзе жыву: на вуліцах Сухарава і Семянякі. Праз «Вайбэр», развесіў аб’явы на пад’ездах — і людзі самі да мяне тэлефанавалі, казалі: «Вось мы хочам распісацца за Бабарыку».
У той момант я зразумеў, што не меў рацыі, калі лічыў, што год пройдзе сціпла, бо будзе вялікі варушняк. З’явілася прадчуванне, што нешта выспявае. А ўжо пасля было весялей.
Маршы Свабоды: «Я бачыў новыя твары»
— Мне пашанцавала: у маёй сям’і ўсе былі дакладна супраць Лукашэнкі. Не было людзей, якія не падзялялі б маіх поглядаў. Але ніхто актыўна не ўдзельнічаў. Таму на маршы я хадзіў з сябрамі: у маім коле знаёмых усе былі за тое, каб паспрабаваць змяніць сітуацыю.
У пэўны момант было адчуванне, што вось-вось усё зменіцца. Я нават званіў сваякам, казаў, што гэта адбудзецца сёння ці заўтра. Так было яшчэ ў пачатку жніўня, ну а бліжэй верасня стала зразумела, што, напэўна, гэта расцягнецца вельмі надоўга. Бо людзі, вядома, выходзілі, але ты неяк трапляеш на карусель. Яна пракручваецца, людзей становіцца меней, а нічога не адбываецца. Я ўжо зразумеў, што штосьці тут не так, але працягваў хадзіць. Быў на 12 нядзельных маршах, у жніўні стаяў у ланцугу ад Акрэсціна да Курапатаў, хадзіў да Акрэсціна, калі збіраліся ля Дому ўраду. У 10–15 маршах я браў удзел: пахадзіў, паглядзеў. Было цікава. Мо гэта не вельмі добры адказ, але я не адчуваў, што штосьці можа змяніцца. Мне было проста цікава як гісторыку.
— Спачатку я не верыў Бабарыку, думаў, што гэта будзе спойлер Лукашэнкі, бо як у тых умовах — а гэта быў травень 2020 года — паверыць, што хтосьці можа выйграць у гэтых выбарах. Усе ж ведаюць, як у нас галасы лічацца і што бывае з тымі, хто вылучаецца на пасаду прэзідэнта. Таму я меркаваў, што тут ёсць пэўная дамоўленасць. Але мне было цікава, бо я пабачыў у грамадстве ўсплёск, і тады запісаўся ў каманду Бабарыкі, каб ацаніць запыт на перамены.
Было вельмі драйвова збіраць подпісы. Збіраў там, дзе жыву: на вуліцах Сухарава і Семянякі. Праз «Вайбэр», развесіў аб’явы на пад’ездах — і людзі самі да мяне тэлефанавалі, казалі: «Вось мы хочам распісацца за Бабарыку».
У той момант я зразумеў, што не меў рацыі, калі лічыў, што год пройдзе сціпла, бо будзе вялікі варушняк. З’явілася прадчуванне, што нешта выспявае. А ўжо пасля было весялей.
Што найбольш уразіла ў акцыях 2020 года
Найперш вялікая колькасць людзей, асабліва ў першую нядзелю. Я стаяў на ўзгорку каля гатэлю «Планета» і бачыў, як людзі ідуць і ідуць, гадзінамі ішлі. А там бясконцая плынь людзей. Збіраліся вакол стэлы, гэта было вельмі эмацыйна, вельмі моцна, такога раней я не бачыў. Я быў на вялікіх канцэртах, на оўпэн-эйрах розных, і за мяжой, але такой плыні — эмацыйнай, энергетычнай — дакладна не было. І гэта першы момант. То бок маса людзей, што ўдзельнічае, і гэтыя людзі падзяляюць мае погляды, бо яны таксама хочуць новага.
А другое — гэта, натуральна, прабежкі ад АМАПу. Безумоўна. Бо было і не адзін раз, калі я ўцякаў, было аднойчы, калі я ўцякаў у пад’езд. Але ў асноўным у мяне была тактыка хадзіць паміж імі: яны бягуць, а я іду спакойна, не рэагую на іх, і мяне гэта разы тры ці чатыры ўратавала. Але 15 лістапада не спрацавала, і мяне затрымалі. Адразу заламалі... Таму, з аднаго боку, было відовішча маштабнае, а з другога — экшн, калі ты ўцякаеш, а цябе даганяюць.
Кіно за кратамі
Я браў удзел у Маршы памяці Рамана Бандарэнкі. Калі выходзіў, то зразумеў, што мяне схопяць. Было такое ўнутранае прадчуванне пятлі: рэпрэсіі ўжо сціскаліся вакол шыі, і не толькі маёй, але і іншых людзей. Было жаданне выйсці. Таму я выйшаў, дайшоў да вуліцы Арлоўскай, там ёсць чыгуначны мост. Мяне там якраз і затрымалі. Гэта было маё першае пакаранне. Далі 23.34, гэта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. І яшчэ 23.4, калі ты не падпарадкоўваешся міліцыі. Але гэтага не было, мяне там адразу кінулі ў аўтазак. 25 содняў далі, бо я адказаў, што я журналіст. Калі б сказаў, што беспрацоўны, нічога, магчыма, не было б. Але я не ведаў, чаму трэба было б хлусіць. Распавёў як ёсць. Тады такія вялікія тэрміны былі яшчэ нераспаўсюджаныя. І ўсе здзіўляліся, чаму мне адразу далі 25. Тады гэта здавалася шмат: давалі 15 + 15, а тут адразу 25. Не сказаў бы, што гэта быў вельмі добры досвед. Але было і было.
Я дакладна зразумеў, як у нас працуе пенітэнцыярная сістэма, як у нас працуюць турмы. І гэта, вядома, не вельмі добра, бо ў нас... Магчыма, гэта было з звязана з тым, што ў нас было СІЗА вельмі старое, у новым сядзелі сапраўдныя зэкі, а палітычныя сядзелі, дзе змаглі знайсці месца. І мы сядзелі ў дэкарацыях... ну, «Даў», напрыклад (карціна пра сталінскі час. — АП), ці турмы 90-ых гадоў, калі ўсё аблуплена, абшарпана, звараныя нары... Калі вы глядзелі савецкі фільм, перабудовачны «Беспредел», вось там нешта падобнае. Але нават там было лепш, чым у нас. Там у нас такія дэкарацыі, напэўна, больш падобныя да расійскіх фільмаў пачатку 2000-х. Вось гэта дакладна. Там, дзе пра турму, пра бойкі ў турмах. У нас боек не было, але мяне ў першую чаргу ўразіла месца, куды мы трапілі: нават Акрэсціна ў гэтым сэнсе было нармалёвым, а Баранавіцкі СІЗА быў больш брутальны.
І трэба было штосьці рабіць са сваім свабодным часам: вось гэта было самае невыноснае. Напэўна, таму, што, калі цяжка доўга размаўляць з людзьмі, трэба было чытаць. І я вельмі чакаў, калі хтосьці атрымае кнігу, і ўгрызаўся ў яе, чытаў розных класікаў замежных. А яшчэ Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» і Быкава «Чорную зграю». Там усё было такое сімвалічнае і мясцоваму кантэксту добра пасавала.
Гісторыя сучаснай Беларусі — біблейскі пеплум
Калі ацэньваць падзеі як кінакрытык, я сказаў бы, што адбыўся сучасны беларускі пеплум. Дакладна, пеплум. Бо пеплум — па-першае, відовішча з удзелам вялікай колькасці людзей, а па-другое, відовішча гістарычнае.
*Пеплумы, або фільмы мяча і сандаляў — карціны пра антычнасць і біблейскія часы з характэрнаю вялікаю працягласцю, маштабнымі масавымі сцэнамі з далёкімі ды агульнымі планамі. Тыповыя прыклады пеплумаў — стужкі «Кабірыя» (1914), «Дзесяць запаведзяў» (1956), «Спартак» (1960), «Quo Vadis» (1951, 2001).