- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вуліца яшчэ спіць, захутаная ў белы ранішні туман; спіць сваімі шэрымі, вільготнымі ад багатай расы платамі, мокрымі дрэвамі і травою ў агародах, спіць нязвыклай для вёскі цішынёю хлявоў і хат, нават пеўні яшчэ маўчаць, — а Сыч ужо тупае з веласіпедам; сам ідзе сцежкаю паўз плот, дзе цупчэй і не бярэцца да падэшваў мокры пясок, а веласіпед стараецца каціць па траве, каб памыліся расою шыны. Адна рука ляжыць на рулі, другая — прытрымлівае вялікі кашэль на багажніку, абвязаны чыстай марляю. Ад прахалоды каўнер пінжака ў Сыча падняты, клінковая кепка з гузікам зверху насунутая па самыя вочы; правая калашына, каб пры яздзе не ўкручвалася ў цэп, забраная ў шкарпэтку, як робяць дзеці, таму правы чаравік на тонкай каля костачкі назе здаецца большым за левы. З-пад кепкі зыркаюць то на дарогу наперадзе, то на кашэль пільныя строгія вочы, вочы чалавека пажыўшага, які ніколі ні ў чым не засумняваецца, які цвёрда ведае, што ўсё, што робіць ён, адзіна правільнае і ўсё навокал для яго аднаго: сцежка — каб па ёй ступаць, раса — каб памыць ёю колы веласіпеда, сонца, што неўзабаве выблісне з-за хат—каб абагрэць яго, Сыча, у дарозе. (фрагмент)