12 траўня споўнілася паўгода з дня сьмерці мастака і актывіста акцый пратэсту Рамана Бандарэнкі. Ён загінуў пасьля таго, як выйшаў у двор пагаварыць зь «нераўнадушнымі грамадзянамі» (паводле вэрсіі праваахоўнікаў), навошта яны зразаюць бел-чырвона-белыя стужачкі.У выніку канфлікту 31-гадовага Рамана зьбілі, затрымалі, даставілі ў пастарунак і затым у непрытомным стане яго забрала ў лякарню брыгада хуткай дапамогі. Праз нейкі час ён памёр.
18 лютага Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу па факце надзвычайнага здарэньня. Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, расказала Свабодзе, што ведае сям’я на гэты момант.
«Тры месяцы пасьля сьмерці Рамана доўжылася праверка па факце забойства, 18 лютага пачалі крымінальную справу. Пасьля гэтага мінулі, зноў жа, амаль тры месяцы, але нейкіх зрухаў наша сям’я ня бачыць. Нічога новага, яны ўсё яшчэ схіляюць гісторыю ў той бок, што ён нібыта быў п’яны. Прынамсі з таго, што чую, высновы такія. Хоць асабіста я спадзявалася, што з парадку дня гэтая навязьлівая ідэя ўжо зьнятая. Ад моманту трагедыі мінула паўгода, але пра канкрэтных падазраваных ці пра ўцямную вэрсію сьмерці нічога не гаворыцца».
Вольга Кучарэнка зьдзіўленая: у якасьці сьведак на допыты і апытаньні выклікаюць суседзяў, калегаў, якія і блізка ў той дзень не былі з Раманам. А ягоную маму ў пракуратуру выклікалі толькі аднойчы — пасьля заведзенай крымінальнай справы. На тым усё і скончылася.
«Як мінімум маму Ромы трэба ставіць у вядомасьць адносна таго, што адбываецца вакол справы — што яны там нарасьсьледвалі, пра што даведаліся. Каб бачыць, што ёсьць нейкі рух. Бо як затухла актыўнасьць, цяпер яна больш застаецца сама з сабой, ёй шмат цяжэй у эмацыйным пляне. Так, спрабуе вяртацца да працы, але стан вельмі цяжкі. Ніколі не прадбачыш, адкуль і калі чакаць прыліў суму, тугі».
Суразмоўніца не бярэцца прагназаваць, калі чакаць суду ў справе яе стрыечнага брата. Калі праверка мае часовыя рамкі, то сьледзтва можа цягнуцца амаль бясконца.
«Паколькі мы суцішыліся ў юрыдычным пляне — меней бегаем, мітусімся, нагадваем пра сябе, бо ўсе інстанцыі ўжо пройдзеныя — яны думаюць, што ўсё само сабой згорнецца. Таму і дасылаюць аднатыпныя адмовы, як пляўкі ў твар. Казаць пра суд наогул бяссэнсоўна, бо з такім „рвеньнем“ сьледзтва можа цягнуцца вечна. Асабіста для мяне важна ня столькі іх расьсьледаваньне, колькі разумеьнне, што насамрэч адбылося. Дакладней, для сябе штосьці ўжо ведаю, але хацелася б, каб прагучала і на афіцыйным узроўні. Бо нармальная дзяржава, улада ў прынцыпе мусіць быць зацікаўленая, каб дамагчыся праўды, справядлівасьці», — падсумавала Вольга Кучарэнка.