Сяргей Козыраў: Хацеў перакладаць толькі на беларускую мову. Як можа быць іначай?!
2023-06-24 18:03
Жыхар Гомеля Сяргей Козыраў папулярызуе беларускую мову з дапамогай коміксаў. Ён пераклаў ужо 500 тэкстаў. Акрамя перакладаў сусветна вядомых коміксаў на беларускую мову, ён таксама стварае і свае сюжэты.
РР: Колькі коміксаў ты пераклаў на беларускую мову? І адкуль увогуле ўзнікла ідэя перакладаць коміксы на беларускую мову?
Сяргей Козыраў: Якраз учора я падлічваў і аказалася, што ўжо 540 коміксаў прыкладна я пераклаў. Ідэя ўзнікла даўно, калі пазнаёміўся з адным цікавым хлопцам з Астраўца. Ён расказаў мне, што ёсць такія людзі, якія перакладаюць коміксы. І мяне гэта зацікавіла. Калі я знайшоў больш вольнага часу, то пачаў гэтым займацца. І гэта было ў 2012 годзе.
РР: А якія складанасці ўзніклі, калі ты пачаў перакладаць коміксы?
Сяргей Козыраў: Трэба было знаходзіць матэрыял, трэба было выбіраць, што менавіта перакладаць, бо было шмат цікавых коміксаў. А трэба было засяродзіцца на чымсьці адным, на двух ці трох, можа быць, серыях. Хацелася ўсё перакладаць. Трэба было знайсці час, тады я яшчэ быў малады, скажам так, і перакладаў па начах, каб не забіраць час у сям’і.
РР: На чым ты ўсё ж такі спыніўся і чым быў абумоўлены канчатковы выбар?
Сяргей Козыраў: У 2011 годзе было шмат абнаўленняў у коміксах. Напрыклад, DC пачалі 52 новых серыі замест старых, абнулілі нумарацыю, і гэта было зроблена ў тым ліку для таго, каб прыцягнуць увагу новых чытачоў, якія не вельмі хацелі пачынаць з 900 ці 600 нумара. Таксама аўтары «Чарапашкаў-ніндзя» легендарных вярнуліся да коміксаў пасля вялікага перапынку. І таксама з самага пачатку пачалі гісторыю пра гэтых баявых рэптылій пісаць. І з гэтых коміксаў я і пачаў перакладаць. З’явіліся новыя серыі пра старых персанажаў, якія можна было чытаць тым, хто шмат цікавіўся коміксамі і супала тое, што я сам захацеў чытаць і хацелася перакладаць, бо хацелася, каб нешта было на беларускай мове. Таксама ў мяне ўжо быў на той момант сын, і я думаў, што калі ён падрасце, то будзе чытаць коміксы, якія я перакладаю.
РР: Ці думаў ты, вагаўся наконт таго, на якую мову перакладць? Ці адразу хацеў менавіта на беларускую?
Сяргей Козыраў: Адразу на беларускую мову. На той момант я не шмат ведаў моў. Толькі на беларускую мову. Як можа быць іначай?!
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя