Сяргей Будкін: Беларуская культура дазваляе нават у выгнанні перажыць гэты складаны час
2023-05-09 13:31
Культура штодзённасці, культура народа, культура памяці. Культура незаўважна прасякае ўсё жыццё беларусаў і ствараецца імі тут і зараз. Менавіта культуру спрабуе захапіць ідэалогія ў Беларусі, хаця на выхадзе заганяе яе ў ролю бюджэтнага абслугоўвання афіцыёзу рэжыму Лукашэнкі.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з кіраўніком Беларускай рады культуры (БРК) Сяргеем Будкіным пра бягучыя вынікі працы Рады, пра тое, як беларуская культура выжывае ў выгнанні і плануе з’яднацца з той культурай, якая пануе ў Беларусі зараз, якой бачыць беларускую культуру Еўропа і чаму для любой дзяржавы варта пакідаць культуру народа ў прыярытэце.
РР: Цікава паслухаць пра саму Раду культуры, таму што, напэўна, ужо тры гады спаўняецца як зарадзілася гэтая ініцыятыва. І чаго ўжо ўдалося дасягнуць – таго, што хацелася, атрымалася, ці атрымалася больш ці менш таго, што жадалася?
Сяргей Будкін: У той час, калі паўстала наша арганізацыя яшчэ пад назвай Беларускі фонд культурнай салідарнасці напрыканцы верасня 2020 года, не было ніякага плана ў прынцыпе па стварэнні арганізацыі. Ніякага плана дзеянняў, таму што, натуральна, мы не былі гатовыя да той сітуацыі, у якой апынуліся. Да такіх татальных рэпрэсій, татальных звальненняў, татальнага ціску людзей і ў прынцыпе разгрому культурных сфер у Беларусі. Таму ўтварылася арганізацыя, каб прыдумаць нейкія механізмы падтрымкі на кароткі тэрмін. Наколькі я памятаю, я збіраўся вярнуцца дамоў якраз на Каляды ў спадзеве, што гэтая сітуацыя выправіцца. Аднак сітуацыя памянялася, і мы ператварыліся ўжо ў Беларускую раду культуры, каб вырашаць больш доўгатэрміновыя задачы і працаваць на тое, каб сапраўды развіваць, а не толькі захоўваць беларускую культуру.
Гэтым мы вось і займаемся ўжо трэці год. Зроблена сапраўды шмат, тут як бы прызнанне ад рэжыму пра гэта сведчыць, паколькі тройчы мы былі прызнаныя экстрэмістамі, экстрэмісцкім фармаваннем. Нават ад Міністэрства ўнутраных справаў атрымалі ўмоўную ўзнагароду. І ад Партызанскага суда Мінска, які ўнёс нашы матэрыялы ўсе ў спіс экстрэмісцкіх, а таксама за ініцыятыву “Беларусы з Украінай”, якую мы пачалі пасля вайны, таксама экстрэмісцкая.
Але, канешне, зроблена, калі казаць усур’ёз, вельмі шмат і ў плане дапамогі і падтрымкі культурным дзеячам, кейсаў кансультавання і канкрэтнай дапамогі як фінансавай, так і псіхалагічнай, і медычнай, і г.д. ужо сягае больш за тысячу чалавек. Таксама для нас важна было ад пачатку падтрымліваць усё ж такі нейкі творчы дух, творчы імпэт людзей, каб паказаць і самім творцам, і іх публіцы, што іх творы, іх песні, іх дзейнасць важныя ў гэты складаны перыяд безумоўна, можа, нават яшчэ болей. Бо культура натхняе, культура дапамагае жыць і дзейнічаць, таму надзвычай важна і таму там больш за 100 праектаў творчых, якія атрымалі падтрымку з дапамогай нашай арганізацыі, таксама сведчанне вось гэтай дзейнасці.
Зараз мы запусцілі вялікі праект разам з Дацкім інстытутам пры падтрымцы Еўракамісіі, які пакліканы якраз узмацніць гэтую дапамогу з аднаго боку, а з другога боку паказаць, наколькі такую шырокую вялікасць гэтая праграма займела, там на 28 месяцаў, каб сапраўды дапамагчы адгукнуцца на самыя там цікавыя, самыя творчыя задумы. Лічба, што пададзеная ў праект, вось на першым коле на 7 мільёнаў дзвесце, а магчымасць размеркаваць была 440 тысяч еўра, калі ўлічыць наколькі вялікая патрэба ёсць яшчэ ў гэтых рэсурсах. Вось колькасць тых якасных ідэяў і класна аформленых заявак творцаў сведчыць пра тое, што па-ранейшаму ёсць натхненне і што беларускую культуру не спыніць, не зламаць і не стрымаць.
РР: Вы сказалі, што думае рэжым пра вашу ініцыятыву, што ёсць эфектыўныя праекты, а што Еўропа сама кажа афіцыйна пра такую з’яву як Беларуская рада культуры. Наколькі бачыцца беларуская культура еўрапейскай, ці аддаецца права на нейкую самабытнасць, бо не зусім беларусы еўрапейцы?
Сяргей Будкін: Адносна Беларускай рады культуры я не ведаю, што думаць, бо мы не выпінаем сваю дзейнасць, мы накіраваныя на тое, каб лабіяваць культурны парадак, каб слова “культура” гучала і ў прамовах палітыкаў, меркаваннях на палітычным узроўні. І таксама адна з такіх больш амбітных задачаў, якую мы паставілі яшчэ ў 2020 годзе, каб культура трапіла ў спіс прыярытэтаў падтрымкі грамадзянскай супольнасці з боку Еўразвязу, выкананая ўпершыню ў гісторыі. Культура прызнаная за прыярытэт, і на падтрымку яе былі вылучаныя 2 мільёны еўра на вось гэты перыяд 28 месяцаў.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Будкіна і БРК