Сяргей Абламейка: «У 2020 годзе беларуская нацыя зноў заявіла сьвету пра сябе»
2021-07-21 17:50
Радыё Свабода зьвярнулася да беларускіх інтэлектуалаў з просьбай падзяліцца іх бачаньнем і разуменьнем падзеяў 2020 году, адказаць у шырокім сэнсе на пытаньне «Што гэта было?» Сёньня прапануем вашай увазе адказы доктара гісторыі, журналіста і публіцыста Сяргея Абламейкі.
Ключавымі месяцамі 2020 году для мяне сталі ня жнівень-верасень, але травень-чэрвень.
Менавіта тады стала зразумела, што нацыя беларусаў жыве, выйшла на новы этап свайго разьвіцьця і паміраць не зьбіраецца. Наадварот, яна нарадзіла новыя, больш асьвечаныя і больш культурныя пакаленьні, зьнітавалася, мабілізавалася і заявіла аб сваім праве кантраляваць дзяржаўнае ўтварэньне, якое носіць яе імя, але знаходзіцца ў руках кампрадорскай «вэртыкалі» зь няўцямнай, эклектычнай ідэалёгіяй.
Шматлікія інтэрвію зь людзьмі па ўсёй краіне, якія стаялі ў чэргах, каб падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, сьведчылі пра нешта неверагоднае. Людзі адзін за адным, кажучы пра свае погляды і жаданьні, пацьвярджалі навуковыя тэзісы гісторыкаў і сацыёлягаў, якія ўсё ХХ стагодзьдзе вывучалі і сыстэматызавалі працэсы нараджэньня і фармаваньня сучасных нацый.
У першай палове чэрвеня 2020 году па сьвеце пракацілася магутная хваля акцыяў салідарнасьці беларускай дыяспары з удзельнікамі выбарчай кампаніі на радзіме. Сотні акцыяў праходзілі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і Пагоняй. Калі ж нацыянальныя сьцягі зьявіліся над галовамі ўдзельнікаў акцый салідарнасьці ў такіх нетыповых месцах, як Кіпр, востраў Балі або Ізраіль, я апублікаваў (20.06.2020) першы тэкст пра новы этап у разьвіцьці беларускай нацыі.
Вось тэзісы або цытаты з васьмі маіх эсэ, якія былі апублікаваныя ў чэрвені — лістападзе 2020 году, і некаторыя тлумачэньні да іх.
1. Новы этап у жыцьці нацыі
Летась падзеі ў Беларусі я назваў завяршэньнем фармаваньня беларускай нацыі. Іншыя пазьней казалі пра нараджэньне, фармаваньне, дафармаваньне etc. Сёньня я думаю, што можна гаварыць і пра абуджэньне нацыі, якая выздараўлівала ў сябе дома (у сваёй дзяржаве).
Новы этап у гэтым працэсе пачаўся ў 2014 годзе пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Адносна інэртныя да таго часу беларусы ўсьвядомілі экзыстэнцыяльную пагрозу свайму дзяржаўнаму і нацыянальнаму існаваньню і ўсьлед за ўкраінцамі апрануліся ў вышыванкі — пачаўся рост увагі да нацыянальнага.
2. Гістарычныя трыгеры
Асноўнымі пунктамі новага этапу ў жыцьці беларускай нацыі (апрача падзеяў 2014 году ва Ўкраіне) сталі:
атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 годзе;
антыдармаедзкія пратэсты зімы 2016–2017 гадоў;
жорсткі разгон у Менску шматтысячнага шэсьця з нагоды 99-х угодкаў незалежнасьці БНР у сакавіку 2017 году;
сьвяткаваньне 500-годзьдзя Бібліі Францішка Скарыны летам 2017 году;
шматтысячнае сьвяткаваньне 100-х угодкаў БНР у сакавіку 2018 году ў Менску;
шматтысячны ўдзел беларусаў пад нацыянальнымі сьцягамі ў пахаваньні Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў у Вільні ў лістападзе 2019 году;
пандэмія каранавірусу, якая пачалася ў Беларусі ў лютым-сакавіку 2020 году і была фактычна праігнараваная ўладамі краіны;
перадвыбарчая кампанія вясны-лета 2020 году;
фальсыфікацыя выбараў, пратэсты і гвалт сілавых структур супраць мірных дэманстрантаў і грамадзянскай супольнасьці.
3. Апошняя нацыя Эўропы
Вядомы тэарэтык нараджэньня нацый, чэскі гісторык Міраслаў Грох вызначыў падставы і сувязі, на якіх сфармаваліся сучасныя нацыі. Падстаў можа быць шмат, але тры зь іх застаюцца нязьменнымі. Гэта:
Памяць пра агульнае мінулае, якое ўсьведамляецца як агульны лёс усёй этнічнай групы ці хаця б яе ключавых элемэнтаў.
Шчыльныя моўныя або культурныя сувязі, якія забясьпечваюць больш высокі ўзровень сацыяльнай камунікацыі ўнутры групы ў параўнаньні з навакольным сьветам.
Канцэпцыя роўнасьці ўсіх членаў групы.
Выказваньні беларуска- і расейскамоўных людзей усіх узростаў, полаў, палітычных арыентацый і прыхільнасьцяў падчас пікетаў у сталіцы, абласных гарадах і самых аддаленых раённых цэнтрах паказалі, што ў думках людзей прысутнічаюць усе тры пастуляты Гроха:
«Мы — беларусы...»
«Наш народ варты лепшага жыцьця і лепшай долі...»
«У нас такая доўгая і вялікая гісторыя...»
«Пражывем мы бяз гэтай Расеі...»
«Мы заўсёды былі ў Эўропе...»
«Я люблю сваю дарагую, прыгожую, любімую Беларусь, не хачу зьяжджаць, хачу жыць тут...»
«Яна (улада) нас зусім не паважае...»
«Яны (чыноўнікі) нас за людзей ня лічаць...»
«Я хачу, каб яны нас паважалі, а не зьневажалі і ня ціснулі...»
«Мы хочам праўды і справядлівасьці, хочам роўных магчымасьцяў, каб кожны мог зарабіць на сям’ю і на дом...»
«Чаму я павінен ехаць за дзьве тысячы кілямэтраў на заробкі, прыніжацца? Што я сыну свайму скажу? Каб таксама ехаў да чужакоў на паклон?..»
Тут ня толькі ўсе тры пастуляты Міраслава Гроха, тут і адказ на пытаньне клясыка:
«А чаго ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца».
4. Моўнае паразуменьне
У Беларусі да 2020 году фактычна зьніклі супярэчнасьці паміж беларуска- і расейскамоўнымі людзьмі (калі ня браць у разьлік паслугачоў і прыхільнікаў рэжыму, якія складаюць яўную меншасьць грамадзтва). Статус беларускай мовы і яе маральны аўтарытэт значна вырасьлі. Зноў цытаты ўдзельнікаў перадвыбарчых пікетаў:
«Выбачайце, я буду па-расейску, але беларуская мова прыгожая, я яе люблю...»
«Я пачну на роднай мове, але фармуляваць думкі мне лягчэй па-расейску. Вельмі прашу мне прабачыць...»
«Наша мова самая прыгожая, я, на жаль, мала на ёй размаўляю...»
«Бачыце, я не зусім упэўнена гавару на роднай мове...»
«Мы адродзім родную мову, яна клясная...»
Гэта маральная перавага і маральная сіла, якая непазьбежна дасьць свой плён у будучыні. Маніфэстным выяўленьнем паразуменьня і згоды паміж беларуска- і расейскамоўнымі беларусамі можа служыць выказваньне расейскамоўнай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая ў 2017 годзе на сустрэчы з чытачамі ў Гомлі заявіла:
«У нас нацыянальнай ідэяй можа быць толькі пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, дзе была б наша нацыянальная мова».
5. Рэфэрэндум аб вяртаньні нацыянальных сымбаляў
Летам 2020 году адбыўся фактычны плебісцыт, на якім беларускі народ вярнуў сабе нацыянальную сымболіку, што была дзяржаўнай у 1918–1920 і ў 1991–1995 гадах: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», а таксама вокліч «Жыве Беларусь!».
Сотні і сотні акцыяў салідарнасьці па ўсім сьвеце, дзясяткі мітынгаў аб’яднанага штабу падчас выбарчай кампаніі і акцыі супраціву сотняў тысяч людзей пасьля 9 жніўня 2020 году праходзілі пад нацыянальнымі сымбалямі. Пад імі была пралітая кроў абаронцаў дэмакратыі, іх узьнялі трактарабудаўнікі, шахтары, праграмісты, іх вывешвалі на сваіх дамах і ў кватэрах людзі на захадзе, усходзе, поўначы і поўдні краіны.
Грамадзяне бяз розьніцы моваў, на якіх яны гавораць, прызналі бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня» і вокліч «Жыве Беларусь» галоўнай сымбалічнай і сутнаснай альтэрнатывай дыктатуры.
Нацыя беларусаў заявіла, што прызнае сакральны статус нацыянальнай сымболікі. А сымболіка, як вядома, вызначае зьмест і вэктар разьвіцьця краіны і народу.
6. Нацыянальнае — неаддзельнае ад грамадзянскага
Цуд фармаваньня нацыі — гэта сынтэз этнічных, псыхалягічных і грамадзянскіх фактараў, счэпленых амаль сямейнай салідарнасьцю і ўзаемападтрымкай. У адзін момант мільёны людзей раптам усьведамляюць сваю крэўную роднасьць, адзінства свайго гістарычнага лёсу і сваю асобнасьць ад астатняга сьвету. Раптам узьнікае разуменьне, што існуе з аднаго боку «сьвет» і «яны», а з другога — «мы», «беларусы».
Счэпкі мужчын і жанчын у процістаяньні з АМАПам на вуліцах нашых гарадоў сталі мэтафарай нацыянальнага адзінства беларусаў. Нацыя — гэта счэпка. Недарэмна ў беларусаў існуе старажытны звычай узаемадапамогі — талака. Гэта таксама мэтафара салідарнасьці і ўзаемападтрымкі, а значыць — нацыі, счэпкі.
У часы нараджэньня ці абуджэньня нацыі ў людзей нараджаецца і абвастраецца пачуцьцё грамадзкай і грамадзянскай адказнасьці, абурэньне сацыяльнай і палітычнай несправядлівасьцю. І тады новапаўсталая або абуджаная нацыя імкнецца авалодаць дзяржавай, якая пакуль што знаходзіцца ў руках яе ворагаў ці прыгнятальнікаў (у нашым выпадку гэта гістарычны аксюмаран — плебейская арыстакратыя ў выглядзе прарасейскай уладнай вэртыкалі).
У 2020 годзе і ў папярэднія гады беларусы востра адчулі і зразумелі, што крыніца ўлады — яны самі, грамадзяне, што дзяржаўны апарат — гэта ўсяго толькі найманыя мэнэджары, якія разам зь сілавым блёкам жывуць на грошы людзей. І грамадзяне раптам запатрабавалі ад дзяржаўнага апарату строгага выкананьня законаў і ляяльнасьці.
Таму на мітынгах і дэманстрацыях па ўсёй краіне чуліся дзясяткі і сотні аднатыпных дэклярацый з вуснаў простых людзей: «Гэта наш горад!», «Гэта наша краіна!», «Мы тут улада!»
Гэта прыкмета сьпеласьці нацыі.
7. Двары — як мэтафара магдэбурскага самакіраваньня
Рэвалюцыя двароў 2020 году стала яшчэ адной праявай салідарнасьці і адзінства. Але ня толькі. Яна стала зародкам і правобразам будучай муніцыпалізацыі народнага жыцьця і рэальнага самакіраваньня, усеагульнай выбарнасьці лідэраў рознага ўзроўню.
І гэта — містычнае, на генэтычным узроўні культуры вяртаньне магдэбурскіх традыцый у беларускія гарады, упершыню за апошнія 200–300 гадоў яны робяцца зноў беларускімі. Магчыма, нават супольнасьць двароў будзе неўзабаве зноў выбіраць гарадзкіх кіраўнікоў — бурмістра ці войта, лаўнікаў (гарадзкіх судзьдзяў) і нават вознага (шэфа мясцовай паліцыі, шэрыфа), як гэтыя пасады называліся ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Так народ рэалізуе гарызантальную салідарнасьць паміж людзьмі, якія жывуць цяпер і адчуваюць сябе вялікай сям’ёй — супольнасьцю адзінага лёсу, нацыяй.
Але адметнай рысай нацыі таксама зьяўляецца, умоўна кажучы, салідарнасьць вэртыкальная — повязь сёньняшніх пакаленьняў зь мінулымі і будучымі — з продкамі і нашчадкамі.
Нацыя, як і любая сям’я, шануе сваіх дзядоў-прашчураў і дбае пра нашчадкаў. Нацыя захоўвае перададзены ёй ад продкаў скарб — тэрыторыю, нацыянальную культуру, мову, традыцыі і сымбалі — і дбае пра тое, каб захаваць, разьвіць і перадаць гэта ўсё сваім нашчадкам.
Якраз сувязь, салідарнасьць паміж пакаленьнямі, якая канцэнтруецца і фармулюецца ў нацыянальнай гісторыі, нацыянальным гістарычным міце, зьяўляецца імунітэтам нацыі ад хваробаў дэнацыяналізацыі. Апошнімі гадамі ў Беларусі назіраўся ўстойлівы рост цікавасьці да нацыянальнай гісторыі.
8. Нацыянальныя гонар і годнасьць
Як і належыць кожнай жывой істоце, нацыям уласьцівыя элемэнты эгаізму і самалюбаваньня. Адсюль у сацыяльных сетках у 2020 годзе было столькі захапленьня побытавай культурай беларусаў — і сьмецьце яны на мітынгах за сабой прыбіралі, і абутак здымалі, перш чым залезьці на лаўку, і нават уцякалі ад АМАПу, агінаючы клюмбы з кветкамі, каб іх не патаптаць.
Вось некалькі прыкладаў здаровай любові сучасных беларусаў да саміх сябе. У ліпені-жніўні на перадвыбарчых мітынгах Марыя Калесьнікава ня раз выгуквала: «Беларусы, вы неверагодныя! Я вас люблю», «Беларусы — вы найлепшыя!»
На шэсьці ў Менску 16 жніўня 2020 году жанчына-настаўніца з Гомля казала: «Паглядзіце, якія мы прыгожыя. І мы хочам такога самага прыгожага жыцьця».
На адным з пасьлявыбарчых мітынгаў хлопец трымаў плякат з надпісам: «Беларусы ў 2020-м — гэта найлепшае, што я бачыў у сваім жыцьці».
Гомельскі журналіст Пятро Кузьняцоў 17 жніўня ў сваім Фэйсбуку напісаў: «Праз сорам, боль і часам адчай мы прыйшлі нарэшце да гонару. Да часу, калі ня можна, а трэба ганарыцца сабой, сваімі сябрамі, землякамі і нават ворагамі, калі гэтая варожасьць не палітычная. Цудоўная краіна, дзівосны народ, цудоўная нацыя! Жыве Беларусь!»
І абсалютна вяршынны прыклад з самага вялікага мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у Менску з удзелам 70 тысяч чалавек, калі вядоўца закрычаў у натоўп: «Мы ганарымся самі сабой! Мы — беларусы!»
І ў адказ пачуліся дзясяткі тысяч захопленых «Та-ак».
9. Геапалітычнае адасабленьне беларусаў. Выбар — нэўтралітэт
Вяршынным сьведчаньнем высьпяваньня беларускай нацыі я лічу выступленьне простага работніка-будаўніка з Горадні, супрацоўніка «Горадняжылбуду».
Цяжка было нават уявіць, што калі-небудзь такое пачуеш — як вуснамі простага чалавека наш народ містычна агучыць сваю спрадвечную мару — мару ляснога беларуса-хутараніна жыць на сваім кавалку зямлі без гаспадароў над ім з усходу і захаду — сьціпла, сумленна і культурна.
Рабочы «Горадняжылбуду», выступаючы на трасянцы, што яшчэ болей падкрэсьлівала каранёвы, глыбінна-народны характар ягонага маніфэсту, сказаў наступнае:
«Я сапраўды ганаруся сваім беларускім народам. Мне не патрэбныя ні NATO, ні Расея. Мы павінны быць адны — з нармальным сумленным кіраўніцтвам. На чале павінен быць прэзыдэнт — такі самы сумленны, як і мы».
Натоўп работнікаў вакол доўга выступоўцу пляскаў. Гэта, на маю думку, і стала містычным маніфэстам абуджанай нацыі, якая хоча працаваць для сябе самой і для сваіх дзяцей. Беларусы, як аказалася, не за Захад і не за Ўсход, яны — за сябе.
10. Ніводная беларуская ахвяра, пачынаючы ад 1863 году, не была дарэмнаю
Паводле тэарэтыкаў нацыянальных рухаў, фармаваньне нацый заканчваецца стварэньнем нацыянальных дзяржаў. Беларусы дамагліся гэтага ў 1918 годзе, але незалежнасьці не ўтрымалі, жылі 70 гадоў у квазідзяржаве БССР, і нарэшце ў 1991 годзе здабылі сувэрэнітэт.
Але гвалтоўнае прыпыненьне працэсу беларусізацыі 1920-х гадоў і татальнае вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі ў 1930-1940-я гады паставіла нацыю на мяжу выжываньня і нават прымусіла навукоўцаў казаць пра незавершанасьць працэсу фармаваньня беларускай нацыі. Гэта і прывяло да ўлады цяперашні рэжым.
Але 2020 год паказаў, што пэсымістычныя прагнозы ня спраўдзіліся. Нягледзячы на татальнае закрыцьцё беларускіх школ, газэт і часопісаў, разгром і звальненьне навуковых кадраў з Акадэміі навук і ўнівэрсытэтаў, падспудныя нацыятворчыя працэсы ішлі поўным ходам і выліліся ў падзеі 2020 году.
Вось чаму тое, што адбылося ў 2020 годзе, можна назваць беларускім нацыянальным паўстаньнем. А ўлічваючы, што паўстаньне — гэта апошні этап вызваленьня беларусаў ад вонкавых уплываў і залежнасьцяў, яго можна называць і нацыянальна-вызвольным.
Пакуль што паўстаньне пацярпела паразу ад узброенага маналітнага рэжыму меншасьці. Але, як падаецца, усё, што адбылося зь беларусамі ў 2014–2021 гадах, сцэмэнтавала нацыю канчаткова і назаўжды. Раней ці пазьней рэжым павінен будзе сысьці, а Расея, верагодна, ужо ня зможа асыміляваць беларусаў.