Сьвятлана Алексіевіч: выступы беларусаў з апошнім словам у судах улюбілі мяне ў свой народ
2021-10-11 16:59
У Бэрліне на фэстывалі Radar Ost паказалі спэктакль паводле кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Нобэлеўская ляўрэатка пасьля прэм’еры падзялілася думкамі пра сытуацыю ў Беларусі год таму.Пра гэта
расказвае DW.
У залі паўзмрок, на сцэне сямёра актораў, усё ў чорным. Яны... чытаюць. Чытаюць тэкст, які яго аўтар, літоўскі драматург Марус Івашкявічюс, назваў «сцэнічнай фантазіяй» — свайго роду тэатар ля мікрафона, у якім гледачам трэба самім дадумваць тое, што яны чуюць. А чуюць яны пра кроў, сьмерць і каханьне.
Назва пастаноўкі на нямецкай гучыць страшна — Ohnmacht, гэта значыць «бясьсільле». Сюжэт заснаваны на дакумэнтальным рамане «Цынкавыя хлопчыкі», напісаным Сьвятланай Алексіевіч у канцы 1980-х пра вайну ў Афганістане. Літоўскі драматург пераказвае яго з пункту гледжаньня маці, якія страцілі сваіх сыноў. Гэта свайго роду антываенны маніфэст паводле падзей больш чым трыццацігадовай даўніны, якія раптам сталі актуальнымі.
Чытаюць акторы настолькі пранізьліва, што самі часам ня могуць стрымаць эмоцый. Час ад часу яны вціраюць сьлёзы і перагортваюць старонкі. І так паўтары гадзіны.
Святлана Алексіевіч: год у Бэрліне
Заля Нямецкага тэатру практычна поўная; прэм’ера пастаноўкі праходзіць у рамках чатырохдзённага палітычнага тэатральнага фэстывалю Radar Ost.
Калі ў залі загараецца сьвятло, літоўскі драматург выходзіць на сцэну ў кампаніі з Алексіевіч. Беларуская пісьменьніца вось ужо год у Бэрліне, летам яна атрымала ад прэзыдэнта ФРН ордэн «За заслугі перад Фэдэратыўнай рэспублікай Нямеччына», але на публіцы яна зьяўляецца параўнальна рэдка. За прэм’ерай пастаноўкі на нямецкай мове ідзе дыскусія аб «мастацтве ў зоне рызыкі» — драматургі з Расеі, Беларусі, Украіны і Босьніі і Герцагавіны разважаюць пра сваю творчасьць на фоне геапалітычных узрушэньняў, войнаў і рэпрэсій.
Па словах Святланы Алексіевіч, больш чым праз год пасьля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі ёй час ад часу даводзіцца чуць папрокі ў тым, што «мы выбралі мірны варыянт».
«Але я б не хацела паўтарэньня трагедыі на плошчы Цяньаньмэнь у Менску, — кажа пісьменьніца. — Нам патрэбная іншая філязофія, нам трэба вызваліцца ад тэмы крыві, якая навісае над намі», — кажа Алексіевіч.
Яна прызнаецца, што «разгубленая» і «ня ўпэўненая» — як і многія яе суайчыньнікі — пад уражаньнем бесьперапынных рэпрэсій і арыштаў.
Літоўскі драматург пра «вакцыну пацыфізму»
Марус Івашкявічюс падзякаваў Алексіевіч за магчымасьць вольна абыходзіцца з тэкстам «Цынкавых хлопчыкаў» для сваёй пастаноўкі — і назваў яе раманы лепшай «вакцынай пацыфізму». Рэжысэр, паўжартам-напаўсур’ёзна правёў аналёгіі з пандэміяй каранавірусу і заўважыў, што калі б сусьветныя фармацэўтычныя канцэрны распрацоўвалі вакцыну супраць войнаў, то яна б складалася з кніг беларускай пісьменьніцы. «Калі 70 адсоткаў насельніцтва плянэты прачытаюць кнігі Алексіевіч, усе войны скончацца», — кажа літоўскі рэжысэр. Яго пастаноўка па кнізе Алексіевіч прысьвечаная не вайне ў Афганістане, а войнам наогул, дадае ён, таму што «з вайны не вяртаюцца — нават тыя, хто застаецца жывы і фізычна здаровы, маральна мяняюцца так, што няздольныя да мірнага жыцьця».
Тэатральны фэстываль Radar Ost праходзіць у Бэрліне чацьвёрты раз. Яго куратар Біргіт Ленгерс (Birgit Lengers) кажа, што тэма Беларусі сёлета напрошвалася сама сабой і што назва пастаноўкі Ohnmacht («Бясьсільле») у пэўнай меры пераклікаецца і з успрыманьнем сытуацыі ў Беларусі — што значыць чатырохдзённы тэатральны фэстываль у Бэрліне на фоне падаўленьня пратэстаў і бесьперапынных рэпрэсій?
Мінулай восеньню тэатар правёў акцыю салідарнасьці зь беларускімі акторамі, якія зазналі перасьлед за пратэсты супраць перавабраньня Лукашэнкі; сёлета Беларусь стала галоўнай тэмай тэатральнага фэстывалю Radar Ost. І ўсё ж: «бясьсільным» ў нямецкім тэатры сябе ніхто не адчувае — як кажа Біргіт Ленгерс, «мы знаходзімся ў прывілеяванай сытуацыі — можам запрашаць беларускіх калегаў на падобныя фэстывалі і тым самым падтрымліваць цікавасьць СМІ да сытуацыі ў Беларусі. Бо вядома, наколькі хутка падобныя падзеі зьнікаюць з поля зроку мас-мэдыя».
Новая кніга Алексіевіч
Паводле словаў Святланы Алексіевіч, яе новая кніга будзе прысьвечаная рэвалюцыі. Яна кажа, што па аналёгіі зь яе раманам «У вайны не жаночы твар», ёй прапаноўваюць назваць новы праект «У рэвалюцыі — жаночы твар», паколькі узначальвалі пратэстны рух у Беларусі жанчыны, ды і сярод удзельнікаў вулічных акцый пераважалі жанчыны. Але ўсё ня так проста.
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры кажа, што адзін з яе герояў аб’яўляе, што ня пойдзе на дэманстрацыю, таму што, маўляў, калі «ўжо ісьці, то ісьці са стрэльбай і браць пошту і тэлеграф».
Але сама пісьменьніца ня ўпэўненая, што гэта правільны шлях.
Паводле яе словаў, ёй надаюць сіл выступы ў беларускіх судах маладых людзей, абвінавачаных ва ўдзеле ў акцыях пратэсту. «Гэта ўзрушальна моцныя людзі, і іх заключныя словы улюбілі мяне ў свой народ, — кажа пісьменьніца. — Апошняе слова ў судзе гэта свайго роду зараз новы літаратурны жанр».
Працу над сваёй новай кнігай яна разьлічвае завяршыць да вясны.