- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У інфармацыйны вір «Свободных новостей» лёс закінуў яшчэ на этапе смелага постперабудовачнага эксперыменту ў самым камуністычным логаве — у нетрах партыйнай газеты “Звязда”. Апошні кабінет у Доме друку перад прыбіральняй, які мы дзялілі з сябрам па творчай “ільфапятроўскай” звязцы Стасікам Сулкоўскім, старэйшыя таварышы паступова “адціснулі” пад патрэбы “прылажэння”. Там адбываліся першыя мазгавыя штурмы, багата ўдобраныя мацёрай слоўнай эквілібрыстыкай лаўрэата Дзяржпрэміі Аляксандра Ўліцёнка. Пасля некаторага кадравага хаосу менавіта ён заняў пачэснае месца боса. Так ці інакш наступныя 10 гадоў аказаліся непарыўна звязаныя з праектам, які хутка раскруціўся да аднаго з самых папулярных выданняў краіны. Першая палова тэрміну была збольшага на падхопе ў непаўторнага Барыса Аляксандравіча Доўгаля, другая — ужо паўнавартасна ў штаце. Дзесяцігоддзе ў кампаніі таленавітых, крэатыўных калегаў — здаецца, не так і шмат. Але па “ашчушчэніям” — цэлая эпоха. Сотні рэалізаваных ідэй, вольніца ў выбары тэмаў і адсутнасць ментарства з боку кіраўніцтва. Ну і само сабой, незабыўныя вечарынкі, бо “Свободные новости” — гэта заўсёды весела і па-сямейнаму (тут хочацца ўсіх абняць і пералічыць пайменна, ды зойме шмат знакаў). Вельмі шкада, што паспяховы праект — зрэшты, як і дзясятак іншых пачынанняў ліхіх, але вольных 1990-х — стаў раздражняльнікам для ўладаў і падставай да зачысткі інфармацыйнага поля.