Свежы нумар «Дзеяслова»
2023-08-23 15:39
Выйшаў з друку чацвёрты нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Ён даволі багаты на цікавыя матэрыялы і, як кажуць пісьменнікі, у ім ёсць што пачытаць.
Дэбютуе на старонках “Дзеяслова” маладая паэтка Лусінэ Маскалюнец:
Страх –
Гэта я.
Проза парадуе чытачоў новым раманам
Андрэя Федарэнкі “Сцэнарыст”, пачатак якога друкуецца ў чацвёртым нумары. З цікавасцю чытачы прачытаюць таксама празаічныя творы Уладзіміра Сцяпана,
Валерыя Гапеева, Змітрака Кузменкі і
Алега Дашкевіча.
У абсяжнай і размаітай панараме гісторыка-літаратурнага жыцця Беларусі XIX стагоддзя творчая постаць Антонія Эдварда Адынца (1804-1885) усё большую ўвагу звяртае сучасных даследчыкаў і перакладчыкаў айчыннай польскамоўнай спадчыны. Ірына Багдановіч у “Дзеяслове” пазнаёміць чытачоў у перакладзе на беларускую мову з падборкай вершаў Антоні Эдварда Адынца “Невядома што, або Рамантычнасць”.
Сяргей Шапран у сваім матэрыяле прыгадаў Генадзя Бураўкіна, Адам Глобус напісаў пра менскага жывапісца Леаніда Лапчынскага, Васіль Аўраменка – пра творчасць Уладзіміра Някляева, а Алена Лепішава напісала рэцэнзію на кнігу Насты Кудасавай і Святланы Дземідовіч “Побач”.
Сяргей Ваганаў працягвае жыццёвыя згадкі “Шматкроп’і-III”, а на анкету дзеяслова адказвае Наталля Русецкая.
Вось такім разнастайным атрымаўся свежы нумар “Дзеяслова”, які з захапленнем прачытаецца і запомніцца.
Беларускае Радыё Рацыя