Справа Знака і Калеснікавай паступіла ў Мінскі абласны суд
2021-07-05 13:15
Знак і Калеснікаву затрымалі ў пачатку верасня 2020 года.
«Крымінальная справа па абвінавачванні Максіма Знака і Марыі Калеснікавай паступіла для разгляду ў Мінскі абласны суд», — напісаў у сваім тэлеграм-канале адвакат Дзмітрый Лаеўскі, перадае nn.by.
Калеснікавай і Знаку ставяць у віну злачынствы па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
— ч. 1 арт. 357 — змова або іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (да 12 гадоў пазбаўлення волі),
— ч. 3 арт. 361 — заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (да 5 гадоў пазбаўлення волі),
— ч. 1 арт. 361-1 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва ім (да 7 гадоў пазбаўлення волі).
«Абвінавачаныя сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Згодна з планам яны ў розных месцах, абвясціўшы і пазіцыянуючы сябе прадстаўнікамі пераважнай большасці грамадзян Беларусі, рыхтавалі і публічна агучвалі заявы пра перамогу на выбарах кандыдата Ціханоўскай, пра страту народам Беларусі даверу да органаў улады і кіравання, пра слабасць дзейнай улады», — паведамляла раней Генпракуратура.
Знак і Калеснікаву затрымалі ў пачатку верасня 2020 года. Максім быў затрыманы ў офісе Бабарыкі, а Марыю спрабавалі вывезці ва Украіну, але яна адмовілася пакінуць краіну.
эж