Spadčyna-Вроцлаў. Як вырасціць дзяцей за мяжою беларусамі?
2023-04-29 12:19
Як вырасціць сваіх дзяцей за мяжою беларусамі – адно з самых актуальных пытанняў нацыянальна арыентаваных беларускіх эмігрантаў у наш крызісны час. Беларусы Вроцлава, каб адказаць на яго, пастанавілі дзеяць і заснавалі падлеткавы клуб развіцця і культуры Spadčyna.
Клуб створаны, каб дзеці заставаліся і развіваліся ў беларускім кантэксце ды мелі месца для камунікацыі з равеснікамі з такіх жа беларусаарыентаваных сем’яў.
Усяго за 2 месяцы працы суполкі колькасць удзельнікаў дасягнула 55 дзяцей векам 8–16 гадоў. Значыць, прапанова аказалася запатрабаванай, а дзейнасць клубу можа стацца паспяховым прыкладам для іншых гарадоў з вялікім беларускім кам’юніці.
Галоўным чынам сустрэчы тут праходзяць у суботы, клуб мае дзве групы – малодшых (8–12 гадоў) і старэйшых (12–16 гадоў) дзяцей. На валанцёрскіх пачатках у Spadčyna ўжо зарганізаваныя 7 відаў дзейнасці. Дзеці разам робяць хатнія заданні, наведваюць тэатральныя заняткі і майстар-класы па побытавых танцах, ходзяць на экскурсіі, вывучаюць гісторыю Беларусі, чытаюць беларускія літаратурныя творы, глядзяць фільмы і мультфільмы на беларускай мове, спрабуюць розныя віды гульняў, размоўныя і дыскусійныя клубы.
На лета арганізатары плануюць шмат імпрэзаў на адкрытым паветры: пікнікі, турыстычныя злёты, спартакіяды, роварныя марафоны ды іншыя спартовыя забавы. У
Spadčyna вядоўцы клубу робяць упор на самаарганізацыю дзяцей, звяртаюць увагу на тое, што цікава самым наведнікамі, і падтрымліваюць іх у пачынаннях.
Развіваць у дзецях навыкі самаарганізацыі – акурат адна з асноўных мэтаў клубу. А таксама яднаць дзяцей і падлеткаў на падмурку культуры, спорту і турызму ды захоўваць у іхным асяроддзі беларускую ідэнтычнасць, мову і традыцыі.
Да клубу жадаюць далучыцца больш дзяцей, але сёння ў арганізатараў на гэта няма рэсурсу.