- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кожны год падчас Адвэнту перажываем урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, становячыся перад тварам невымоўнай любові Бога да чалавека. У гэты святочны дзень мы запрошаны праслаўляць Стварыцеля за прадказаную спрадвеку Жанчыну, патомства якой сатрэ галаву д’яблу, – за Марыю. Маем шчасце жыць, паколькі Бог у Яе Сыне Езусе Хрысце вярнуў нам годнасць Яго дзяцей. Прынізіў сябе, прыняў “постаць слугі” (Флп 2, 7), стаў адным з нас, нашым братам, каб адарыць удзелам у сваім жыцці, у сваёй велічы і славе. Маці Збаўцы, Святога над святымі, Пераможцы зла і граху была надзелена ласкай выключнага і непаўторнага паклікання. Таму асвечаная, абароненая ад першароднага граху – Беззаганная! У Ёй няма ні ценю граху – з’яўляецца адлюстраваннем бляску свайго Сына – Адкупіцеля. Найсвяцейшая Маці ўсведамляла сваю абранасць. Прызнавала, што Бог адкупіў Яе праз Сына: “Узрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы” (Лк 1, 47). Усё гэта Марыя атрымала не дзякуючы ўласным заслугам, але дзеля Святога, дзеля Божага Мацярынства і, у рэшце рэшт, дзеля нас, таму што Божы Сын з Яе стаў Чалавекам для нашага збаўлення. Марыя здолела распазнаць пакліканне, якое з’яўляецца найбольшым дарам ад Пана. Адказала Стварыцелю “так” і засталася вернай Яму да канца. Найсвяцейшая Панна Марыя вучыць нас адказваць на Божае пакліканне і Яго дары.