- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Усемагутны прагне мець нас у сваёй апецы, каб былі шчаслівыя. У гэтым няма ніякай іншай выгады, проста Ён найлепш ведае, што для людзей добра. Ён сам ёсць Любоў, таму ўсё, што робіць, з’яўляецца любоўю. Аднак існуе таксама непрыяцель, які ненавідзіць Стварыцеля і тое, што Бог любіць, а асабліва чалавека, бо Усемагутны яго вельмі палюбіў. Гэта д’ябал. Паміж ім і Богам ідзе барацьба, а яе “полем”, “аб’ектам” становяцца людзі. У душы тады яны чуюць 2 галасы: адзін ад Пана, які запрашае да святасці, а другі ад д’ябла, які спрабуе адштурхнуць ад Стварыцеля, прадставіць Яго ў негатыўным святле. Злы робіць усё гэта, каб чалавек адвярнуўся ад Нябеснага Айца. Замест міласэрнага Бога ён спрабуе намаляваць вобраз Валадара, які толькі забараняе, знявольвае, шкадуе жыцця. Менавіта так ён некалі падмануў Еву ў раі, так сёння спрабуе падмануць кожнага з нас. Д’ябал выйграе духоўны бой, калі чалавек сцвярджае: “Мне Бог непатрэбны, хачу быць адзін”. Бог перамагае, калі чалавек вызнае: “Хачу быць з Богам, аддаю жыццё ў Яго рукі, бо іначай не ўяўляю сваё існаванне”. Калі людзі давяраюць адзін аднаму, адчуваюць сябе ў бяспецы. Такія адносіны ўмацоўваюць іх жыццё. Супакой паміж мужам і жонкай, братам і сястрой, бацькамі і дзецьмі, сябрамі ўздымае, дадае сіл, дазваляе абаперціся на іншую асобу. Падобна і з Богам: мы павінны даверыцца Стварыцелю, каб здабыць перамогу ў духоўнай барацьбе. У адным са сваіх пасланняў св. Павел напісаў: “Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста” (Рым 5, 1).