- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У ліпені 1936 года ў польскамоўнай газеце “Навагрудскі кур’ер” былі некалькі зацемак пра археалагічныя знаходкі ў Слоніме, якія адбыліся падчас пракладкі вадаправода. Іх аўтарам быў асноўны карэспандэнт выдання Віктар Клімкевіч. Ён працаваў чыноўнікам стараства ў Слоніме, быў актыўным краязнаўцам. Клімкевіч апісаў некаторыя знаходкі, а сярод іх — старыя гарадскія ходнікі (тратуар). Першая зацемка з’явілася 10 ліпеня. Клімкевіч пісаў: “На галоўнай вуліцы Слоніма выкапана чэрапы чалавечыя, касцякі і падмуркі старых будынкаў. У часе працаў пры пракладцы новага галоўнага вадаправода да станцыі помпаў за казармамі натрапілі на вуліцы Міцкевіча на глыбіні 1,5 метра на чарапы і косці чалавечыя, і падмуркі старых будынкаў. Знойдзеныя часткі касцяка сабрана і пахавана на могілках. Як вынікае з тых адкрыццяў, некалькі сот гадоў таму ў цэнтры Слоніма былі могілкі”. Вуліца Міцкевіча — гэта цяперашняя Першамайская, яе ніжэйшая частка. Як пабачым з наступных публікацый, у першай зацемцы былі недакладнасці. “Падмуркі старых будынкаў” былі знойдзены ў іншым месцы. З публікацыі ад 12 ліпеня 1936-га даведваемся пра маштаб земляных працаў у горадзе. У той час выкапалі траншэю пад новыя вадаправодныя трубы на некалькі соцень метраў — ад вуліцы князя Юзафа Панятоўскага (цяпер — Пушкіна) праз плошчу Свабоды (цяпер гэта бязыменнае скрыжаванне вуліц перад саборам), вуліцу Міцкевіча да Бернардынскай вуліцы (цяпер — Васі Крайняга).