Следчы камітэт: пасля інцыдэнту ў Маладзечна распачатая крымінальная справа
2020-06-22 20:36
У дачыненні да ўдзельнікаў бойкі з супрацоўнікамі АМАПу ў Маладзечна ўзбуджаная крымінальная справа, піша TUT.BY. Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце.
Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў пятніцу, 19 чэрвеня, падчас акцыі "ланцуг салідарнасці" ў горадзе Маладзечна.
Праваабаронцам "Вясны" вядома аб затрыманні па крымінальнай справе як мінімум дваіх чалавек, адзін з іх Павел Пяскоў. Цяпер затрыманыя знаходзяцца ў статусе падазраваных.
— У межах узбуджанай крымінальнай справы па артыкуле 363 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Молодеческим раённым аддзелам Следчага камітэта высвятляюцца ўсе абставіны, — паведамілі ў ведамстве.
Ад больш падрабязных каментароў прадстаўнікі Следчага камітэта адмовіліся.
Дапоўнена: Паўлу Пясковы прызначаны следчы Алег Якаўлеў. Хлопец быў затрыманы каля 14.30 гадзін у суботу, 20 чэрвеня. У дачыненні да яго прымяняецца ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса. Трое сутак ён будзе ўтрымлівацца ў ІЧУ г. Маладзена, мера стрымання пакуль не вызначаная. Пра гэта распавяла грамадзянская жонка Паўла - Вераніка.
Паводле артыкула 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) могуць пагражаць папраўчыя працы на тэрмін да двух гадоў, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
Калі гэтае ж дзеянне спалучана з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення, альбо прымусам гэтых асобаў шляхам прымянення гвалту або пагрозы яго прымянення да выканання відавочна незаконных дзеянняў, пакаранне стражэй: абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
Інцыдэнт з супрацоўнікамі АМАПа адбыўся ўвечары пятніцы 19 чэрвеня ў цэнтры Маладзечна на скрыжаванні вуліц Вялікі Гасцінец і Багдана Хмяльніцкага.
Гэтая бойка таксама стала рэзананснай з-за таго, што на відэа ў аднаго з супрацоўнікаў АМАПу заўважылі прадмет, вельмі падобны на зброю.
ПЦ «Вясна»