Беларуская лацінка скасоўваецца. Напісанне геаграфічных назваў і імён людзей цяпер вяртаецца да старога прынцыпу “як па-ангельску”. Плюс цяпер транслітэрацыю можна рабіць не толькі з беларускай, але і з расейскай мовы. “Перавод на «ангельскія літары» – яскравы прыклад новых крокаў па русіфікацыі”, – мяркуе аглядальнік “Рацыі” Севярын Квяткоўскі.Рускамірцам лацінка яшчэ горшая за нацыянальныя сцяг і герб. І я перакананы, што беларуская лацінка на практыцы як мага моцна ўкараняе беларушчыну.
Ёсць гісторыя пра беларускага таксіста ў Варшаве, які чакаў заказчыка даўжэй, чым прынята, бо пабачыў беларускае напісанне імя і прозвішча кліента.
Узяць у рукі бел-чырвона-белы сцяг – тэхнічна проста. Як і прамовіць лозунг «Жыве Беларусь!» З беларускай лацінкай не так проста. Людзі не ведаюць як што чытаць.
Я на свае вушы чуў як выхавацелька ў менскім дзіцячым садку распавядала дзецям пра існаванне «рускіх і англійскіх букав».
Уявіце, калі б апошнія трыццаць гадоў у школе вучылі беларускую лацінку. У тым ліку названая выхавацелька садка. Вучылі, каб умець напісаць сваё імя, прозвішча, а таксама адрас. Па-беларуску не «ангельскімі», а лацінскімі літарамі.
Беларуская лацінка абапіраецца на тую самую сістэму, якую распрацавалі ў Чэхіі. Прынцып такі. Адзін гук – адна літара. Адпаведны вынік дасягаецца дзякуючы выкарыстанню спецыяльных сімвалаў над літарамі. Вось проста «эс», а вось «эс» з «птушачкай», якая ператварае літару ў «ша».
Парадокс сітуацыі ў тым, што вяртанне да «англійскіх букав» грае на руку русіфікацыі. Бо дэнацыяналізуе імёны беларусаў. Імёны не робяцца моцна ангельскімі, але яны губляюць сваю беларускую сутнасць і вонкавую адметнасць.
Нядаўна адзін з лукашэнкаўскіх генералаў міліцыі не саромеючыся прамовіў на дзяржаўным ТВ-канале слова «зачыстка». Гэта слэнг расейскіх вайскоўцаў, які стаўся шырока вядомым пасля першай Чачэнскай вайны ў сярэдзіне 1990-х. Зачысціць сяло – значыць забіць ворага, які там застаўся.
У Беларусі лука-ўлады, альбо, хутчэй за ўсё, крамлёўскія рукамі лукашэнкаўцаў, спрабуюць зрабіць «окончательное решение белорусского вопроса». Вярнуць беларушчыну ў часы БССР, у стан музейнага экспанату ў народных апранахах.
У Беларусі ідзе зачыстка беларушчыны. Спроба дарабіць тое, што не здолелі ні расейскія цары, ні савецкія генсекі.
Як для армян ці грузін для беларусаў свая моўная графіка – гэта не пра філалогію. Гэта пра нацыянальныя сімвалы.
З беларускай лацінкай важны прэцэдэнт яе існавання як афіцыйнай версіі. Як з БЧБ-сцягам і «Пагоняй».
Усё гэта будзе вяртацца на свае месцы.
Беларускае Радыё Рацыя