ХІ Кангрэс даследчыкаў Беларусі сёння, 24 верасня, завяршае сваю працу ў Гданьску. Навукоўцы і даследчыкі, якія прыехалі на форум, яшчэ будуць працаваць у сваіх секцыях, але няпоўны дзень.
Пра тое, чым адрозніваўся сёлетні Кангрэс ад мінулых разважае арганізатар з літоўскага боку, доктар гістарычных навук
Русціс Камунтавічус у размове з
Алесем Аркушам.
РР: Ці не ёсць у вас нейкія такія пачуцці ад гэтага кангрэса, што з’ехаў з Коўна роднага, дзе заўсёды адбываўся і дзе вы былі адным з галоўных арганізатараў?
Русціс Камунтавічус: Няма, таму што я і тут адзін з галоўных арганізатараў, напрыклад, я адмініструю веб-сайт кангрэса, дзе ідзе ўся інфармацыя. І самае галоўнае – я адмініструю фінансы кангрэса. Праз мяне ідуць усе гэтыя рэчы. Але ў мяне крыху менш працы тут, чым у Коўне. І я гэтаму рады, бо там былі мы адны, а тут яшчэ ёсць польскія партнёры, якія робяць тут шмат розных рэчаў. І мне нават прыемна, што мы камусьці патрэбныя, не толькі самі сабе, нават палякам. Ды і ўвогуле цікава, новы горад яшчэ пагляджу, музеі. Думаю, што гэта добра, і для ўдзельнікаў, якія заўжды ездзілі ў Коўна, добра памяняць месца.
РР: А як вы адчуваеце, вось раней у кангрэса былі партнёры-ўніверсітэты, а тут партнёры-музеі, ёсць нейкая розніца ў арганізацыйным плане, як праводзіць?
Русціс Камунтавічус: Ніяк не адчуваецца, таму што ў гэтых музеях з іх аўдыторыяй так, як і ў нашых універсітэтах, нам жа самае галоўнае – гэта аўдыторыя. Вось гэтыя тры музеі маюць такую ж аўдыторыю, колькі трэба, каля 20 аўдыторый у адзін час. І вось так дзеляцца, і ў гэтым сэнсе няма ніякай розніцы. Якая яшчэ? Студэнты бывалі, і тады яны працавалі валанцёрамі, у Літве, напрыклад. Але мы тут вырашылі гэтую праблему, што тут некалькі беларусаў прыцягнулі, якія тут, у Гданьску. І дэсант з Літвы прыехаў, канешне, як заўсёды, мы літоўскіх студэнтаў прывезлі. І вырашылі гэтую праблему. Думаю, галоўнае, што ўніверсітэт быў, таму што аўдыторыі. Вось у Вільні, калі мы рабілі, у Варшаве, гэта былі аўдыторыі. Вырашана з аўдыторыямі, і тут няма ніякіх праблемаў.
РР: Я маю на ўвазе, што калі кангрэс адбываецца, ён неяк працуе яшчэ на вось гэтую моладзь, якая навучаецца. Я думаю, што яны прыходзілі на нейкія панэлі, якія іх цікавілі. Такога не было?
Русціс Камунтавічус: Не. Тут ёсць адна з самых вялікі праблем кангрэса, таму што маё бачанне было як прадстаўніка літоўскага боку, што вось якраз уцягнем маладых людзей і там навукоўцаў, прафесараў, яны там усе прыйдуць. Але гэтага не атрымліваецца чамусьці, ні ў нас у Літве, ні тут, у Польшчы. Саміх беларусаў тут мала прыйшло як валанцёраў. Я думаў, што тут іх будзе больш і нам будзе менш праблем с гэтым.
РР: Тут шмат беларусаў у Гданьску.
Русціс Камунтавічус: Гэта так не працуе, як вы сказалі. Тут нейкая іншая логіка, і ўсё гэта робіцца па іншых нейкіх законах.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Сёлета сярод партнёраў Кангрэса былі тры гданьскія музеі – Музей Другой сусветнай вайны, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці і Нацыянальны марскі музей.
Беларускае Радыё Рацыя