- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Кніжная культура татараў-мусульман – з’ява ўнікальная. Яны пачалі перасяляцца на беларускія землі з XIV ст. і тут яны засвойвалі беларускую мову, якая з цягам часу стала іх сапраўднай матчынай мовай. Каб зберагчы на новай радзіме ісламскую рэлігію, татары пераклалі на беларускую і польскую мовы свае рэлігійныя кнігі, карыстаючыся пры гэтым свяшчэнным для мусульман арабскім алфавітам. Рукапісы татараў Беларусі – шматмоўныя, у іх змяшчаліся тэксты на арабскай, цюркскай, беларускай і польскай мовах, усе яны былі напісаны літарамі арабскай графікі. Такіх рукапісных кніг засталося вельмі мала, усяго ў свеце – некалькі сотняў. Сярод тых, што знаходзяцца ў дзяржаўных кнігазборах, у Літве захоўваецца 40 рукапісаў, у Польшчы – 10, Расійскай Федэрацыі – 11, Вялікабрытаніі – 3, Украіне – 1, Латвіі – 1. У дзяржаўных калекцыях Беларусі – 50 экзэмпляраў, сярод якіх адзін – у Аддзеле рэдкіх кніг бібліятэкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Гэта – Хамаіл 1897 г., які таксама зафіксаваны ў выдадзеным каталогу.