У вытворчасці фільма пазначаныя адразу чатыры краіны — Беларусь, Украіна, Польшча, Данія. Таня тлумачыць, што пострпрадакшн фільма падтрымаў дацкі фонд IMS, а Беларусь, Украіна, Польшча — за час працы над стужкаю сама Таня жыла ў гэтых краінах, як і іншыя людзі, што былі задзейнічаныя ў працэсе стварэння фільма.
«Здымалі фільм мы яшчэ ў Беларусі. Гэта былі нервовыя здымкі, бо ў нас было пяць здымачных дзён і 30 герояў. Людзі ішлі проста па чарзе, мы задавалі ім пытанні па шаблону і запісвалі інтэрв’ю. У нас штодзень быў запіс гісторый, гісторый пра катаванні шасці чалавек. Я кансультавалася з праваабаронцамі з «Вясны» падчас падрыхтоўкі да здымак, і яны сказалі, што трэба працаваць у партнёрстве з псіхолагам.
Псіхолаг прысутнічаў на здымачнай пляцоўцы, сачыў за тым, каб ніхто не «выляцеў».
Дарэчы, пасля нашага фільма некалькі герояў пайшлі на тэрапію. Здымкі адбываліся ў студзені-лютым 2021 года, пасля я хутка з’ехала з Беларусі», — расказвае Таццяна Свірэпа.
Вось некаторыя парады ад псіхолагаў, як працаваць з цяжкімі гісторыямі: Трэба канцэнтравацца на мэце працы, аддзяляць сябе ад чалавека — вось я, а вось ён. Гэта важны навык. Як толькі пачынаеш разумець, што пражываеш гісторыю суразмоўцы, важна вярнуцца ў актуальны момант, пераключыць увагу хто ты, што ты бачыш і адчуваеш. Тое ж тычыцца і суразмоўцаў, важна сачыць, каб чалавек не расказваў пра падзеі ў цяперашнім часе. Бо так ён сыходзіць у сваю траўму, і журналіст разам з ім.
«Няма лекаў, каб гэта забыць. Мы будзем гэта памятаць усё жыццё, але важна з гэтым навучыцца жыць, навучыцца прымаць, гэта адзіны выхад», — разважае Таня.
— Вытворчасць увогуле ішла даволі складана. У фільме выкарыстана 25 інтэрв’ю, то бок пяць мы не ўзялі ў фінальны варыянт. У мяне была мэта зрабіць нейкі агульны партрэт чалавека, якога затрымлівалі падчас беларускіх пратэстаў, таму я старалася рабіць разнастайную выбарку: розныя ўзросты, сацыяльныя групы, ёсць чалавек з інваліднасцю. Фільм паказвае ўсе стадыі, якія людзі праходзілі: затрыманне, аўтазак, РУУС, ізалятар, суд, і непасрэдна ўжо зняволенне. Задума была ў тым, што гісторыі моцна пераплятаюцца: адзін гаворыць пра затрыманне, а наступны падхоплівае і расказвае, што з ім адбывалася, напрыклад, у аўтазаку.
Таццяна распавяла, што на фестывалі Artdocfest фільм быў онлайн, яна закрыла твары героям. «У прынцыпе, агулам важна, што гавораць гэтыя людзі, а не тое, як яны выглядаюць», — тлумачыць аўтарка стужкі.
Інтэрв’ю перамяшаныя з кадрамі дакументальных хронік. «Напрыклад, адзін хлопец расказаў, як яму разарвалі ноздры пасля затрымання, і я знайшла відэа, як яго цягнулі ў аўтазак. Гэта не класічныя інтэрв’ю. Яны перамяшаныя і звязаныя паміж сабою. Кожны герой падхоплівае і як бы працягвае расповед папярэдняга», — тлумачыць Таня.
— Можаш распавесці пра стадыю давытворчасці, каму ты прапанавала гэтую ідэю, каб знайсці падтрымку здымкаў?— Я не пітчыла стужку. Да мяне звярнуліся людзі з Міжнароднага камітэту па катаванням. І я прапанавала ім самую простую форму «галава, якая гаворыць». Гэта вельмі папулярны прыём, напрыклад, ён выкарыстоўваецца ў фільме «Чалавек» (фільм HUMAN by Yann Arthus-Bertrand). Але ў мяне ўзнікла ідэя, каб гэтыя гісторыі перапляталіся, перацякалі адна ў другую. Я склала вялікую табліцу з патрабаваннямі, якія людзі-героі мне патрэбныя, напрыклад, «чалавек, які быў затрыманы 9 жніўня на Пушкінскай» і г.д. Валанцёры, якія апытвалі пацярпелых, змаглі знайсці кантакты людзей, што падыходзілі пад мае запыты. У мяне былі ўваходныя кропкі, што мусяць утрымліваць гісторыі кожнага, каб пасля іх можна было скласці ў адну гісторыю.
— Здымкі былі ў Беларусі зімою 2021-га, памятаеш гэты час, яшчэ было бяспечна працаваць?— Не! Вельмі неспакойна. Мы здымалі ў прасторы, дзе за некалькі дзён да таго была аблава сілавікоў. Я казала, што гэта небяспечна прыводзіць туды людзей і цэлы дзень здымаць. Мы закрываліся знутры, прыдумалі легенду, калі нешта здарыцца, што здымаем ток-шоў, а не інтэрвʼю. Было некалькі флэшак, пасля таго, як было адзнятае чарговае інтэрв’ю, чалавек браў флэшку з запісам, ішоў у іншы будынак і перакідваў у воблачнае сховішча, флэшку адразу чысцілі. Мы не назвалі дакладны адрас, я сустракала кожнага госця ва ўмоўленым месцы і адводзіла на здымкі.
Адзін раз нехта пагрукаў у дзверы, і чалавек, які здымаў, за лічаныя хвіліны выдаліў усё, а яшчэ пачысціў уласны тэлефон. Высветлілася, што гэта была знаёмая ўдзельніка здымачнай групы.
Я шмат не ставіла на гэты фільм ад пачатку. Аднак гісторыі мяне шакавалі, іх трэба было давесці да фіналу. Таму вырашыла, што калі хачу давесці справу да канца, то лепш з’ехаць. Тым больш і ў пратэстнай актыўнасці была заўважаная, думаю, затрыманне было б пытаннем часу.
Але мы сапраўды спадзяваліся, што ўсё скончыцца праз год і мы вернемся. Угу, год ва Украіне мы ў прынцыпе і пражылі. Потым пачалася вайна і я пераехала ў Польшчу.
— Ці ведаеш, дзе цяпер героі стужкі, ці ведаеш пра іх лёсы?— Частка герояў засталася ў Беларусі, некаторыя з іх не хочуць, каб я закрывала твары. Гэта іх пазіцыя. Я камунікую з адным хлопцам, ён зʼехаў і цяпер знаходзіцца ў лагеры для ўцекачоў, праходзіць працэдуры атрымання статусу ўцекача. Хлопец, якому разарвалі ноздры падчас затрымання, знаходзіцца ва Украіне, ён валанцёрыць і не хоча з’язджаць адтуль, кажа, што падтрымлівае краіну, якая цяпер змагаецца не толькі за сябе.
— Раскажы, што будзе са стужкай адбывацца далей?— У маі я паеду на фестываль у Францыю. Так, я б хацела прасоўваць гэты фільм. Але гэта мая першая вялікая праца. Я не маю адукацыі ў сферы кіно, таму ўсё раблю метадам спробаў і памылак. Напрыклад, я ўжо прапусціла шэраг фестываляў, бо падвала заяўку на адзін і чакала адказу, але гэта няправільна. Трэба рассылаць стужку на ўмоўныя дзесяць фестываляў і чакаць. Адкажуць з аднаго-двух, але стужка пачынае рухацца ў гэтым полі, не стаіць на месцы.
Калі ў цябе ёсць адпаведная адукацыя, то ёсць і адпаведнае кам’юніці, знаёмыя. У мяне гэтага не было. Я неяк «заляцела» ў сферу кіно і нешта раблю.
— Таня, ці не запозна гэтая стужка з’явілася? Увага з беларускіх пратэстаў пераключылася на тэму вайны, да таго ж дзяржава стала суагрэсарам.