Рэгіна Лавор: Дзяржава стварае ўсе магчымыя забароны, каб чалавек не мог быць вольным
2023-06-17 12:04
Сёння госця нашага эфіру – Рэгіна Лавор, культуролаг і музеязнаўца, стваральніца і першая дырэктарка Іўеўскага музею нацыянальных культур. Цяпер жанчына жыве ў Беластоку, мы паразмаўлялі з ёй пра няпростыя падзеі нашага часу, каштоўнасць Радзімы і адказнасць людзей за свае ўчынкі.
Слухайце размову цалкам у далучаным файле!
Рэгіну Лавор шмат разоў затрымлівалі за ўдзел у акцыях пратэсту, змяшчалі ў ізалятар, неаднаразова судзілі па адміністрацыйных справах. У Беларусі спадарыня Рэгіна была асуджаная па артыкуле 369 КК да «хатняй хіміі» за каментары на адрас супрацоўнікаў міліцыі. Але віну сваю не прызнала, яна падкрэслівае, што і ў матэрыялах справы асабіста прачытала высновы тэхнічнай экспертызы: устанавіць з тэлефона факт публікацыі каментароў не было магчыма, доказаў няма.
«Я адмовілася пасля гэтага знаёміцца далей з крымінальнай справай, таму што я віну не прызнала і сэнсу не было ў гэтым, адбудзецца ўсё так, як вырашана, і ні я, ні адвакат, ні нават суддзя не можа паўплываць на вынік – у яго ўжо быў гатовы вырак. Судзілі мяне ў Іўі, але суддзя быў не ўраджэнцам горада, не жыхар, ён прыступіў да працы перад падзеямі 2020 года, быў прысланы з іншага месца», — расказвае Рэгіна.
Падчас адбыцця «хатняй хіміі» міліцыянты моцна ціснулі на Рэгіну, сачылі, была моцна абмежаваная свабода, увесь час шукалі нагоды скласці пратакол за парушэнне. Урэшце гэтай вясною пасля чарговага арышту і штрафнога ізалятару Рэгіна Лавор не стала чакаць змены пакарання на калонію і з’ехала ў Польшчу.
«Часам мне здаецца, што ў Беларусі было лягчэй, нягледзячы на тое, што я адбывала «хімію». Я была дома, у сваёй сям’і, была занятая сваёй справаю, папросту магла дакрануцца да блізкага чалавека. У мяне не было часу нават думаць пра пераезд, гэта ўсё адбылося за трыццаць хвілін. У Польшчы мяне сустрэлі людзі – беларуска і ўкраінец, прынялі ў дом, далі пакой і дапамагалі з усімі справамі легалізацыі, літаральна за руку вадзілі. Дапамога была вельмі вялікай проста ад незнаёмых людзей, якія пераводзілі грошы на першы час, дзяліліся лыжкай-талеркай.
Казаць пра планы вельмі цяжка. У мяне цяпер адчуванне, быццам я ў нейкай вандроўцы, камандзіроўцы. Пакуль я жыву з думкаю, што заўтра вярнуся дадому. Хутка вырашыцца пытанне з працаю.
Радуюся, што перадалі з дому інструменты для шыцця. Я займаюся вышыўкай процягам – гэта старая беларуская традыцыя, маю цяпер замову на кашулю. У Польшчы, дарэчы, складана знайсці патрэбную льняную тканіну.
Вельмі б хацела ўз’яднацца з сям’ёй, але гэта складана. Людзі, якія побач, яны – беларусы, падтрымліваюць, але пакуль ты адзін, як лісточак і не ведаеш у якім месцы прыклеіцца. Я баюся прачынацца – расплюшчыць вочы і асэнсаваць, што я не дома. Сэрцам я яшчэ ў Беларусі», — апісвае свае пачуцці суразмоўца.
Згадваючы падзеі 2020 года, Рэгіна кажа, што самае важнае і цікавае было ў тым, як людзі змаглі мабілізавацца:
«Горад у нас маленькі, людзі простыя, яны ніколі не праяўлялі вялікай актыўнасці ў нейкіх падзеях. Я працавала шмат год у галіне культуры і дакладна ведала, як складана арганізоўваць, прыцягваць людзей да мерапрыемстваў, на гурткі, у выставы. Працавала доўгі час у музеі, гэта была новая ўстанова і трэба было зацікавіць, прыцягнуць людзей».
Падзеі 2020 года ўскалыхнулі грамадства, мітынгі, сустрэчы адбываліся па ўсёй краіне, у тым ліку і ў Іўі.
«Яны выказвалі свае думкі, меркаванні, нязгоду з тым, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Такіх сустрэч было некалькі, спрабавалі выклікаць на такую сустрэчу мясцовага дэпутата, але ён адмовіўся, збіралі подпісы, каб яго адклікаць. На той час было разуменне таго, што людзі нязгодныя, абураныя – як такое магло стацца. І тыя рэпрэсіі, якія былі ў пачатку жніўня – 9, 10, 11-га, ведаю, што і з Іўя шмат хто пацярпеў ад іх, бо людзі былі ў Мінску ў гэтыя дні, былі затрыманыя, бацькі шукалі дзяцей, не ведалі, дзе яны знаходзіцца. Гэта знайшло водгук у сэрцах людзей. Пасля таго, як падчас адной з сустрэч начальнік мясцовага РАУСа заявіў, што не будзе больш адказваць за нашу бяспеку, людзей стала прыходзіць менш. Але тым не менш – кожны тыдзень мы выходзілі на плошчу, да 29 лістапада нас не чапалі.
А 29 лістапада адбыліся масавыя затрыманні, нават выкраданні людзей. Я ішла з акцыі і мяне збіў мужчына без ніякіх апазнавальных знакаў, мяне падхапілі і як мячык закінулі ў бус. Было прыблізна восем супрацоўнікаў у поўнай экіпіроўцы. Потым затрымалі яшчэ некалькі жанчын, а нейкі мужчына спрабаваў абараняць жанчын, яго моцна збівалі. Мая сям'я ўвогуле не ведала, дзе я, пакуль трымалі ў РАУСе. Я вельмі ўдзячная сваім сябрам, якія ўвесь той час стаялі побач з будынкам РАУСа, каб даведацца пар наш лёс.
Гэта быў для мяне досвед таго, што прачнуліся жыхары наша горада, зразумелі, якія падзеі адбываюцца, што такога не можа быць у вольнай і незалежнай краіне. На той час мы адчувалі падтрымку адзін аднаго. Я згадваю тыя падзеі з думкамі, што будучыня павінна быць лепшай, бо змены пачаліся і яны не могуць спыніцца, калі нават у такім маленькім горадзе выйшлі людзі і заявілі сваю нязгоду з гэтым рэжымам, з рэпрэсіямі. Цяпер сітуацыя складаная, кожны шукае магчымасць адаптавацца, але я не думаю, што ў людзей змяніліся іх думкі, іх пазіцыя».
Спадарыня Рэгіна гаворыць, што не была ангажаваная ў палітычныя справы, хаця бачыла ўсе хібы існай сістэмы:
«Людзі выхаваныя, адукаваныя, якія маюць досвед у гісторыі і культуры, не маглі глядзець на гэта абыякава, і таму вышлі. Надзея была на тое, што не могуць гэтыя рэпрэсіі працягвацца, не можа такога быць, каб людзей хапалі, садзілі. Гэта самае галоўнае: мы вырашылі, што не можам далей з гэтым жыць, трэба з гэтым змагацца».
Спадарыня Рэгіна мяркуе, што хваля рэпрэсій ёсць у пэўным сэнсе і вынікам таго, што папярэднія пакаленні карнікаў нармальна пражылі сваё жыццё – ніхто іх не асудзіў, не пазбавіў пасад і выгодаў.
«У мяне адчуванне, што ад 20-га года час спыніўся. І я чула такое ад многіх беларусаў, што час спыніўся. І мне так балюча, што я не магу быць у Беларусі, падтрымліваць сваю краіну, працаваць на адраджэнне мовы, культуры, я гэта так люблю, хачу перадаць сваім нашчадкам. Гэта так балюча, вельмі балюча», — гаворыць суразмоўца.
вх