- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
«Беларускі кнігазабор», выдавецтва «Янушкевіч» і Knihi.by атрымалі паведамленьні пра магчымасьць карыстацца банкаўскімі рахункамі, якія былі арыштаваныя пяць месяцаў таму.
Спачатку 8 чэрвеня дырэктар «Кнігазбору» Генадзь Вінярскі паведаміў, што калектыў вытрымаў 146 дзён фінансавай блякады і неўзабаве супрацоўнікі атрымаюць першы сёлета заробак.
Сьледам аналягічнай навіной падзяліўся заснавальнік аднайменнага выдавецтва Андрэй Янушкевіч.
«У нас зноў запрацавала аплата онлайн (банкаўскай карткай і АРІП), будзе пакрысе адкрывацца паштовая дастаўка за мяжу. Банкаўскія рахункі сталі даступныя для працы, мы ўжо пасьпелі заплаціць друкарням у розных краінах за друк, а праваўладальнікам — за ліцэнзіі. Чакайце добрых навін!» — такі допіс зьявіўся ў тэлеграм-канале выдавецтва.
«Наша ніва» паведаміла пра разблякаваньне рахункаў і ў інтэрнэт-краме Knihi.by.
Аднак справа, мяркуючы па ўсім, яшчэ не закрытая. Прынамсі, тэхніка і літаратура «Беларускага кнігазбору», забраныя на праверку, па-ранейшаму ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў. Там жа застаецца і друкаваная прадукцыя кнігарні Knihi.by.
Рахункі незалежных выдавецтваў і распаўсюднікаў, якія не карысталіся дзяржаўнымі датацыямі, арыштавалі сёлета ў студзені. Кіраўнікі сталі фігурантамі крымінальнай справы аб гаспадарчай дзейнасьці, іх прымусілі напісаць падпіску аб невыдаваньні зьвестак.
Выдаўцы не выключалі вымушанага спыненьня дзейнасьці праз вычарпанасьць унутраных рэсурсаў. Аднак натхняла тое, што рэальна вырас попыт на беларускамоўную кнігу, якая на фоне палітычных падзей стала грамадзкай зьявай.