Рада БНР: Прызнанне «экстрэмістамі» да ведама прынялі, дзейнасць працягваем
2023-06-07 22:55
КДБ прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне КДБ датуецца 2-ім чэрвеня.
Сітуацыю каментуе сакратар інфармацыі Рады БНР Алесь Чайчыц:
– Рада БНР прыняла гэта да ведама, гэта ніякім чынам на дзейнасць Рады БНР як прадстаўніка беларускага народу і ўвасаблення волі беларускага народу да дэмакратычнай незалежнай дзяржаўнасці не паўплывае. Але само па сабе гэта, канешне, абражальна перадусім, таму што Рада БНР з’яўляецца гістарычным дзяржаўным органам у выгнанні, які стаіць цвёрда на пазіцыях дэмакратыі, правоў чалавека, незалежнай Беларусі. Экстрэмістамі гэты орган улады абвесціла КДБ Рэспублікі Беларусь, якое з’яўляецца карным органам аўтарытарнага рэжыму, пры каторым тысячы людзей сядзяць у якасці палітычных зняволеных.
Па словах прэс-сакратара Рады БНР, прызнанне «экстрэмістамі» можа быць выклікана, у тым ліку, публічнымі ўганараваннямі Радай БНР медалём „Пагоня” заслужаных беларусаў, якія знаходзяцца ў незаконным зняволенні ў Беларусі за грамадска-палітычную дзейнасць, а таксама тых, хто змагаецца і гіне за Беларусь ва Украіне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Рады БНР