- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» пабачыла свет кніга выбраных твораў беларускага паэта, палітычнага і грамадскага дзеяча Сяргея Хмары (Сяргея Сіняка) «Рабінавы хмель». Кніга сталася вынікам руплівай працы яе рэдактара, укладальніка, аўтара прадмовы і каментара С. Чыгрына. Наш калега доўгія гады ліставаўся з С. Хмарай. Паэт стала жыў у Таронта (Канада) на эміграцыі з пасляваеннага часу, дзе памёр у 1992 годзе. Летам 2008 года дачка С. Хмары Магдалена Сіняк са сваім мужам упершыню наведалі радзіму бацькі — вёску Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. А спыніліся яны, натуральна, у Слоніме ў С. Чыгрына. У сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя С. Хмара арганізаваў на Слонімшчыне 32 гурткі Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У Слоніме паэт жыў з канца 30-х і ў пачатку 40-х гадоў. Давялося яму тут і ў турме пасядзець пры паляках. Наогул, за сваю беларускую творчую і палітычную дзейнасць пры паляках, пры немцах і пры саветах С. Хмара-Сіняк адседзеў у турмах каля 11 гадоў. С. Чыгрын расказвае пра лёс і біяграфію С. Хмары ў прадмове да кнігі «Жураўліны шлях паэта». (...) Вершы, абразкі і згадкі (успаміны) Сяргея Хмары чытаюцца лёгка і з цікавасцю, бо аўтар — таленавіты паэт і літаратар. Да ўсяго, як у кожнага сапраўднага мастака, многія яго творы застаюцца актуальнымі і сёння. (М. Канановіч, Рабінавы хмель Сяргея Хмары, Новы Час, № 9, 13 сакавіка 2009 г.)