- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома. Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падахоўнага. Той ушчаміўся спіной у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны, і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачах... Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю... Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы ўхвалу ў сваіх улюбёных старагрэцкіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна... Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае — зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня... Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. (фрагмент)