„Госць Рацыі” — псіхолаг Наталля Скібская. Пагутарылі з ёй пра тое, як беларусам перажываць траўму 2020 году і эміграцыі. Пра тое, як не згубіць веру, надзею і ўнутраны рэсурс. Каля мікрафону — Алеся Вербаловіч.
РР: На вашу думку, як перажываць такія балючыя ўспаміны? Можа варта забыць?
– Вось забываць і прыхоўваць, гэта самае небяспечнае, што можна рабіць. Бо калі мы пачынаем свае пачуцці прыхоўваць, неяк іх кудысьці выдаляць, яны асядаюць у нашай падсвядомасці і потым пачынаюць вылазіць недзе, некалі. Гэта можа стацца ў самых-самых некамфортных абставінах. Людзі, якія свае эмоцыі нейкім чынам спрабуюць адсунуць ад сябе, яны могуць потым плакаць, трыгерыцца на нейкія фільмы, на фотаздымкі, на ўсё што заўгодна. Чалавек нават не будзе разумець, што з ім адбываецца, чаму ў яго слёзы, чаму ў яго гістэрыка адбываецца, беспадстаўна нават. Таму трэба ўспамінаць, трэба рабіць гэтую працу, каб прапрацаваць свае эмоцыі, сваю роспач, расчараванне. Гэта ўсё патрабуе прапрацоўкі.
РР: Наколькі шмат людзей перажывае тыя балючыя падзеі?
– Сапраўды для большасці беларусаў, калі мы кажам пра тых, хто з’ехаў, гэта сапраўды такая важная тэма. У нас, мне падаецца, ужо няма тых людзей, якія тым ці іншым чынам не пацярпелі ад таго, што адбылося і адбываецца. Колькасць не буду казаць у нейкіх адсотках, але я таксама бачу, што нават у маёй працы тэрапеўта, адбываецца што кажаш пра адно, а потым вылазіць вось гэтая тэма – 2020 год.
РР: Што рабіць, калі падзеі 2020 году звязаныя ў чалавека з траўмай?
– Пра гэта трэба размаўляць, над гэтым трэба працаваць. Траўмы таксама трэба прапрацоўваць. Калі траўма вельмі складаная, вельмі балючая, то гэта трэба рабіць у бяспечных умовах. Лепей, калі гэта будзе спецыяліст псіхолаг ці псіхатэрапеўт. Калі вы маеце магчымасць размаўляць з сябрамі, якія адэкватна са сваімі эмоцыямі і эмоцыямі іншых людзей умеюць абыходзіцца, то гэта таксама можна рабіць, падзяляюць вашыя вартасці, нейкія погляды, якія ўмеюць падтрымаць у такіх складаных абставінах, але трэба гэта рабіць вельмі акуратна. То бок мы можам, калі размаўляем на нейкія складаныя для нас тэмы, якія трыгіраць, то мы можам трыгерыць адзін аднаго. То бок з гэтым трэба абыходзіцца вельмі акуратна, трэба ўмець гэта рабіць. Калі хтосьці пачынае эмацыяніраваць і чалавек пачынае адчуваць, як эмоцыі разгортваюцца, як яму становіцца балюча і нават невыносна, то ёсць такі механізм, што чалавек спрабуе супакоіць „Усё прайшло. Нічога страшнага” і гэтак далей. Гэта такім чынам блакуе гэтае разгортванне эмоцыяў і можа нават пашкодзіць. То бок трэба ўмець заставацца побач. Калі ты не можаш паклапаціцца пра свой стан, то варта казаць: „Я чую цябе, я бачу, як табе складана. Мне таксама баліць. Але я сам не вытрымліваю такія размовы”. Нейкім чынам так акуратненька з гэтым абыходзіцца. То бок не казаць: „Не кажы!”. Не рабіць штосьці такое, што можа адштурхнуць чалавека. Чалавек, які пачынае тануць ці звальвацца ў такую яму роспачы, каб ён не адчуваў, што ён сам звальваецца і падтрымкі яму няма, што яго нават запіхваюць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Як зазначае псіхолаг, вельмі важна памятаць пра клопат і ўвагу да сябе, да свайго маральнага і фізічнага стану.
Беларускае Радыё Рацыя