Прыз кожнага падарожжа – вяртанне. Завяршыўся чарговы тур Фонду Kamunikat.org з Уладзімірам Арловым
2025-04-05 19:31
Завяршыўся чарговы тур Фонду Kamunikat.org з Уладзімірам Арловым. На гэты раз Яраслаў Іванюк і адзін з самых вядомых сучасных беларускіх пісьменнікаў наведалі пяць дзяржаваў і ажно 10 гарадоў. У сустрэчах прыняло ўдзел 250-300 беларусаў і карэнных жыхараў наведаных краінаў.
„Гэта было няпроста хаця б з лагістычнага пункту гледжання, – гаворыць кіраўнік Фонду Kamunikat.org. – Трэба было знайсці партнёраў, падрыхтаваць маршрут так, каб не накручваць непатрэбных кіляметраў і змясціць у машыне 10 скрыняў выдадзеных Фондам кніг. Запланаваўшы ўсё гэта, трэба было яшчэ ўсё здзейсніць – наведаць тыя ж 5 краінаў і 10 гарадоў, праехаць больш за чатыры тысячы кіламетраў і правесці ў машыне 55 гадзін і 55 хвілін. Але, дзякуючы дапамозе нашых партнёраў, усё гэта паспяхова здзейснілася”.
Сустрэчы ў
Вроцлаве,
Вене,
Цюрыху,
Мюнхене,
Вісбадэне,
Кёльне,
Познані і
Варшаве, дзе прагучала міні-лекцыя
Уладзіміра Арлова „
Ад Рагвалода да БНР” (а таксама прэзентацыя кнігі ўспамінаў
Ларысы Геніюш „
Птушкі бяз гнёздаў” у
Празе ды расповяд пра
10 стагоддзяў беларуска-чэскіх сувязяў у
Брно) - гэта знаёмствы з новымі людзьмі і магчымасць аднавіць кантакты з даўнімі знаёмымі
Фонду і
Уладзіміра Арлова.
Фонд Kamunikat.org i
Уладзімір Арлоў перадаюць вялікую падзяку ўсім, хто дапамог здзейсніць гэтую паездку:
-
Kolegium Europy Wschodniej,
Przejście Dialogu,
Суполка Беларусаў Уроцлава. Stowarzyszenie Białoruski Związek Solidarności (Уроцлаў)
-
Суполка Скарына, Суполка Пагоня (Прага)
-
Мова Нанова,
Bělaruská solidarita (Брно)
-
Belarussen von Österreich (Вена)
-
RAZAM e.V. Munchen (Мюнхен)
-
Беларуска-Швейцарская Асацыяцыя RAZAM.CH (Цюрых)
-
KuB. Kulturverein Belarus e V / Беларуска-нямецкая культурная асацыяцыя KuB (Вісбадэн)
-
Razam e.V. Köln,
Lew Kopelew Forum e.V (Кёльн)
-
Беларусы Познані,
Fundacja KUT (Познань)
„
Здзейсненая намі разам з маім шаноўным выдаўцом, кіраўніком Фонду Kamunikat.org Яраславам Іванюком творчая вандроўка па дзесяці гарадах і пяці краінах – я ўпэўнены – застанецца ў маім “залатым запасе” памяці – гаворыць
Уладзімір Арлоў. –
Гэта дзясяткі новых знаёмых, сярод якіх могуць апынуцца мае будучыя сябры і героі. Гэта і раскоша чалавечых стасункаў з тымі, хто нас прымаў, ладзіў сустрэчы, набываў кнігі і браў аўтографы. Хацелася б назваць імёны і прозвішчы нашых гасцінных гаспадароў, але ў цяперашняй сітуацыі ёсць неабходнасць клапаціцца пра бяспеку рассеяных па свеце беларусаў, таму толькі імёны: Святлана і Ганна, Наталля і Хрысціна, Іна, Рыта, Алена і Вераніка, Сяргей і Сяргей, Дзяніс і Максім, Алесь і Цімафей, Клімент і Аляксей, Улад і… Выбачаюся, калі некага не згадаў”.
„
Я з тых літаратараў, – падкрэслівае
Уладзімір Арлоў, –
каму такая зваротная сувязь з чытачамі проста жыццёва неабходная. Дарэчы, вельмі ўсцешна, што на нашых творчых сустрэчах часта прысутнічалі таксама ўкраінцы, гучала мова Тараса Шаўчэнкі. Я прасіў украінскіх сяброў прачытаць пераклады маіх вершаў на іх мову. На еўрапейскіх дарогах выпала сустрэцца і са сваімі героямі. Гэтыя сустрэчы былі, зразумела, адмысловымі. На праваслаўных могілках у нямецкім Вісбадэне мы наведалі магілу Барыса Кіта, аднаго з самых вядомых беларусаў у свеце: педагога і дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, а потым выдатнага вучонага ў галіне амерыканскай астранаўтыкі, акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, чыё імя закладзенае ў “капсулу часу”, якую запланавана ўскрыць праз 500 гадоў. У Альпах, па дарозе з Вены ў Мюнхен, мы з Яраславам ушанавалі памяць змагароў Слуцкага збройнага чыну каля помніка, усталяванага ім беларусамі ў 1948-м і абноўленага ў 2000-м”.
Гэты тур быў таксама прымеркаваны да юбілею Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org, якая ў гэтым годзе адзначае 25-ці годдзе.
„
Я меў магчымасць распавесці беларусам у Польшчы, Чэхі, Аўстрыі, Швейцарыі і Нямеччыне пра тое, якія сціплыя былі пачаткі беларускай інтэрнэт-бібліятэкі, – гаворыць
заснавальнік Камуніката Яраслаў Іванюк. –
А ўсё распачалося ад перавядзення ў інтэрнэт некалькіх нумароў бюлетэня Беларускай Рэдакцыі Польскага Радыё, які так і называўся – "Камунікат". Цяпер мы займаемся не толькі развіццём інтэрнэт-бібліятэкі. Запісваем і публікуем аўдыёкнігі з творамі сучасных беларускіх аўтараў, выдаем папяровыя кнігі, ладзім аўтарскія сустрэчы. На працягу 25-ці гадоў сапраўды зрабілі мы шмат”.

Па словах Яраслава Іванюка 25-гадовы юбілей Фонд Kamunikat.org адзначыць інтэнсіўнай і плённай працай. Будуць пашырацца рэсурсы бібліятэкі ў інтэрнэце, дзе ўжо цяпер знаходзіцца больш за 65 тысяч рознага тыпу беларускіх публікацыяў, будуць запісвацца новыя аўдыёкнігі, з’явіцца прылада для праслухоўвання камунікатаўскіх аўдыёкніг для сыстэмы Андроід (для iOS ужо ёсць), выйдуць таксама новыя папяровыя кнігі (па плане іх павінна быць 25 у юбілейны год!)
„
Як вядома, прыз кожнага падарожжа – вяртанне, – падсумоўвае падарожжа
Уладзімір Арлоў. –
Цяпер надыходзіць час, калі атрыманыя ўражанні пачынаюць канвертавацца ў радкі вершаў і эсэ”.
„Падводзім вынікі нашага пятага тура (раней мы наведалі найбольшыя асяродкі беларускай дыяспары ў Польшчы, балтыйскія краіны, Скандынавію, Італію і Нідэрлянды), чакаем чарговых запрашэнняў у іншыя краіны і гарады, – гаворыць Яраслаў Іванюк. – З задавальненнем наведаем таксама іншыя далёкія і блізкія асяродкі беларускай эміграцыі ў свеце... А калі б нехта хацеў падтрымаць нашу дзейнасць у юбілейным годзе, можна гэта зрабіць шляхам перадачы данатаў”.
Fundacja Kamunikat.orgul. Proletariacka 11
15-449 Białystok, Poland
PLN 35 1140 2004 0000 3702 7773 7744
EURO 24 1140 2004 0000 3712 1916 3100
USD 46 1140 2004 0000 3912 0700 1425
IBAN: PL • SWIFT: BREXPLPWMBK
з дапіскай: на статутную дзейнасьць Фонду