- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Віншую вас, дарагія браты і сёстры, з вялікім і радасным святам - сусветнай радасцю Светлага Хрыстова Уваскрасення! Царква ў сваіх песнапеннях называе гэту падзею - паўстанне з мёртвых Сына Божага і Госпада нашага Іісуса Хрыста - Святам са святаў і Урачыстасцю з урачыстасцяў, якiя сцвярджаюць у нашым жыцці ідэалы дабрыні і святасці, нараджаюць у душы самыя светлыя і высакародныя пачуцці. Пасха - гэта не проста свята. Гэта - сутнасць хрысціянства. Якою свабодай і якою бясстрашнасцю надзяліў Збавіцель хрысціянаў! Якую магутнасць усяляе Ён у душы Сваіх паслядоўнікаў! Мы не сіроты ў гэтым свеце. З намі - Айцец Нябесны! Няхай прыгнятаюць нас штодзённыя клопаты і турботы, няхай пануюць на зямлі хваробы, гора і нястачы, няхай лютуе «князь свету гэтага» - з намі Гасподзь Усемагутны! Няхай пагражаюць нам тысячы смерцяў - з намі Бог, Які ўваскрашае з мёртвых! Смерць на зямлі цяпер для нас не страшная: яна - сон, яна - успенне, яна - часовая з'ява ў нашым быцці.