Праваабаронца Дзіяна Пінчук пра праект «Пазначаныя жоўтым»: Гукарэжысёр запісваў хруст пазванкоў, каб максімальна перадаць атмасферу
2024-11-26 15:00
«Бязглуздзіца, але з перапынкамі на абед» — шэсць трэкаў, якія адлюстроўваюць шлях палітвязня ад затрымання да вызвалення.
Пра творчы дакументальны праект «Пазначаныя жоўтым» размаўляем з прадстаўніцай праваабарончага цэнтра «Вясна» Дзіянай Пінчук.
— Праваабарончы цэнтр «Вясна» падрыхтаваў разам з прадстаўнікамі творчай супольнасці праект «Пазначаныя жоўтым», у якім праз музыку апісвае шлях палітзняволенага ад затрымання да вызвалення. Але я ўжо бачыла водгукі ад беларусаў, што немагчыма праслухаць нават адзін трэк, бо гэта вельмі цяжка маральна. Для каго тады гэты праект, Таму што сапраўды ён эмацыйна вельмі цяжкі, я б сказала флэшбэкавы для людзей, якія гэта перажылі або былі сведкамі.
— Гэта прадукт праваабаронцаў, у тым ліку праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён стаіць у шэрагу інтэрв'ю, хронік пераследу, усяго таго, пра што мы пішам кожны дзень, дакументуем, фіксуем. Проста гэта ў іншай форме. Я таксама прачытала водгукі, што вельмі маральна цяжка слухаць гэта і трэба папярэджваць, што кантэнт такі можа ўзрушыць.
Але для мяне нават не ўзнікала такога пытання, бо гэта тое ж, пра што праваабаронцы кажуць і крычаць кожны дзень.
Проста перад намі стаіць заўсёды выклік, як дагрукацца да беларускага грамадства, да людзей, якія, зразумела, жывуць сваё жыццё, бо цяжка жыць у парадку рэпрэсій ужо больш за чатыры гады. І як нагадаць сусвету, што нічога не скончылася, што катаванні працягваюцца, што ў турмах утрымліваюцца тыя ж палітвязні, якія былі затрыманыя яшчэ ў дваццатым годзе.
Гэта чарговы дакументальны прадукт, заснаваны на рэальных гісторыях людзей. Мы нічога не прыдумалі. Там няма нейкіх спецэфектаў. Я скажу, што і не задумвалася з гэтага боку, што людзі пойдуць слухаць як музычны альбом. Гэта прадукт праваабарончага цэнтра «Вясна».
— Вы ўжо сказалі, што нічога не выдумана. І частка «Пасля вызвалення» фактычна апісвае непрыняцце ў грамадстве, нежаданне сяброў ці былых сяброў вяртацца да тэмы рэпрэсій. Чаму менавіта такая ідэя ў трэку? Гэта тое, што расказваюць былыя палітзняволеныя, якія выходзяць з турмаў, нейкія сведчанні?
— Гэта дакументальная гісторыя канкрэтнага палітзняволенага Алеся Папковіча. Гэта былы палітзняволены, які адседзеў каля двух гадоў і брат якога застаецца за кратамі. Ён перажыў катаванні, яго гісторыя вельмі цяжкая, пра яе ён яшчэ не можа гаварыць публічна. Але мы запрасілі Алеся да ўдзелу ў праекце, каб распавёў пра свой шлях адаптацыі праз музыку. І гэты трэк такі. Не ўсе з імі згодныя. Не ўсе былыя палітзняволеныя падзяляюць пачуцці гэтага чалавека, але гэта дакументальная гісторыя.
Такі, альбом атрымаўся правакацыйным, але ён атрымаўся сапраўдныы. Нельга паказаць усіх праз аднолькавыя пазітыўныя пачуцці, што вось былы палітзняволены выйшаў, яго сустрэлі як героя, і ён захацеў застацца ў Беларусі.
Водгукі пра якія я хачу распавесці. Менавіта на гэты трэк напісала адна палітзняволеная, што яна вельмі не згодная з тым, што кажа гэты хлопец, маўляў, можа скласціся ўражанне, што ўсё грамадства такое дрэннае, і яна наогул не падзяляе гэтыя думкі. Выказаўся і іншы палітзняволены з Брэста, асуджаны па "справе карагодаў" да калоніі, былы следчы. Ён даваў вялікае інтэрв'ю «Вясне», сказаў, што Алесь проста нібыта з яго вуснаў прачытаў тое, што ён хацеў сказаць. Нягледзячы на тое, што гэта мастацкая форма, музычны альбом, у аснове тэкстаў, музыкі — дакументальныя непрыдуманыя гісторыі.
— Аўтарка ідэі, менеджарка праекту — Крысціна Дробыш. У праекце шмат людзей, і былыя палітзняволеныя, і музыкі. Як фармавалі каманду?
— Распавяду крыху гісторыі. Дзесяць месяцаў таму я атрымала паведамленне ад Крысціны, што ў яе ёсць ідэя стварыць штосьці музычна-дакументальнае, Але тады была размова пра тое, каб перадаць «апошнія словы» палітвязняў праз музычную форму. Я паказала Крысціне праект «Украінскі мур», у якім украінскія творцы пераасэнсавалі рэпрэсіі 1930-ых гадоў ва Украіне. Праз аўдыёспектакль расказалі гісторыю жыхароў «дома слова» ў Харкаве.
Калі мы сустрэліся, то падумалі, што варта таксама падняць і балючую для грамадства, для многіх тэму дзяцей палітвязняў. Вельмі складана было шукаць людзей для праекту, не з усімі складвалася, не ўсе хацелі брацца, бо гэта вельмі маральна цяжка.
Адзін з самых папулярных водгукаў цяпер, які мы атрымліваем на альбом, «як вы маральна з гэтым справіліся?».
Бо, напрыклад, аўтар тэкстаў Аngst, а многія ўдзельнікі і ўдзельніцы каманды не названыя з меркаванняў бяспекі, ён шмат прапусціў праз сябе, каб нарадзіць тэксты максімальна набліжаныя да рэчаіснасці. Гэтак жа і пра музыку. Музыка і гукарэжысёр Арцём Ставер вельмі ўклаўся, каб перадаць праз аранжыроўкі гэтую атмасферу, стан людзей, якія перажываюць такі досвед. Выкарыстоўваецца шмат стыляў, гукавыя эфекты.
Напрыклад, у трэку затрымання Арцём запісваў хруст сваіх пазванкоў, каб перадаць максімальна гэтую, так бы мовіць, атмасферу.
У трэку суд выкарыстоўваецца ў якасці перкусіі бразгат кайданкоў Марыі Калеснікавай перад вынясеннем прысуду. Можна пачуць тыя самыя кадры з вядомага прамога эфіру затрымання Сяргея Ціханоўскага ў Гродне і яго каманды, можна пачуць яго голас.
Унікальныя рэчы ў гэтым альбоме: у трэку выкарыстаны крык Сцяпана Латыпава на судзе. Гэты запіс нідзе раней не публікаваўся, і ён пару секунд выкарыстоўваецца, мы падумалі, што важна гэта зафіксаваць дакументаваць. І гэты крык — гэта крык усіх людзей, на судах якіх ніхто не чуе, якія схаваны за гэтымі кратамі ці ў так званым акварыўме.
Мы, праваабаронцы, будзем і надалей шукаць формы, каб данесці інфармацыю пра гэтыя падзеі грамадству.
Кажуць, што катаванні любяць цішыню, таму трэба казаць, выказвацца.
Трэк «Дзеці» ўяўляе сабой калыханку дзяцей да зняволеных, бацькоў, гукі таго, як маленькія Насця і Ваня, дзеці палітзняволеных Антанінй Канавалава і Сяргея Ярашэвіча, чытаюць лісты да мамы і таты. Мы з Хрысцінай спецыяльна ездзілі да іх у госці і размаўлялі са згоды бабулі, запісвалі іх.
Гэта вельмі кранальныя рэчы, і гэта было адно з самых складаных інтэрв'ю за ўсю маю праваабарончую дзейнасць. Так, цяжка гэта слухаць, але і цяжка над гэтым было працаваць.
Але варта пра гэта ведаць, і варта пра гэта казаць.
Гэты альбом мы прысвяцілі ўсім палітзняволеным Беларусі і тым, хто прайшоў гэты шлях.
Слухайце размову ў далучаным файле!
вх