- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У 2019 годзе Беларускі ПЭН пачаў сістэмна збіраць інфармацыю пра рэалізацыю культурных правоў і парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі. У студзені 2021 года Беларускі ПЭН ва ўмовах разгортвання грамадска-палітычнага крызісу прадставіў публічную справаздачу пра маніторынг «Беларусь 2020: без права на культуру». У 2021 годзе крызіс у краіне працягнуўся, а сфера культуры засталася ў фокусе нашага вывучэння. Мы вымушаныя канстатаваць, што ўзровень рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры не знізіўся ў параўнанні з 2020 годам. Сярод палітычных зняволеных – 68 дзеячаў культуры. Нашы калегі знаходзяцца ў турмах па прысудах судоў або ў чаканні судовых рашэнняў па крымінальных справах. Многія дзеячы культуры вымушана пакінулі краіну дзеля бяспекі. Рэпрэсіі закранулі арганізацыі грамадзянскай супольнасці: у Беларусі ліквідаваныя ўсе праваабарончыя, многія недзяржаўныя арганізацыі сферы культуры, адукацыі. Масавыя звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за іншадумства, цэнзура і забароны – прыкметы 2021 года. Гэты дакумент утрымлівае статыстыку і аналіз парушэнняў за 2021 год. Ён падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц, і непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры і прадстаўнікамі ўстаноў культуры на працягу ўсяго года.