Пра «стукнутых» паэтаў, два дні нараджэння, каханне, творчасць і Крэва. Уладзіміру Някляеву - 75!
2021-07-09 14:32
Аказваецца, паэтычным талентам Уладзімір Някляеў «абавязаны» крэўскаму дзядзьку Лявону, а на першы верш майго суразмоўцу натхніла паварыха ў летніку. Някляеў мог бы стаць музыкантам, але не давёз дакументы ў музвучылішча. У 2010-м паэт балатаваўся ў прэзідэнты, бо лічыў гэта адзінай магчымасцю ўратаваць беларускую мову і культуру.
Чытайце наша інтэрв’ю з пісьменнікам-земляком.
Пра карані і дзяцінства
– З якога ўзросту сябе памятаеце? – Першы ўспамін недзе з двух гадоў. Дзядзька Лявон, брат маці, вярнуўся з войска, падхапіў мяне на рукі, падкінуў – і паколькі ўжо добра адзначыў вяртанне, забыўся злавіць.
Я гэкнуўся аб парожны камень дзедавай хаты – і на камені гэтым усвядоміў, што жыву на белым свеце, і што жыць на ім не проста.
А дзядзька пасля казаў, што каб не ён, не стаў бы я паэтам. Бо калі я стунуўся аб камень, мазгі сталі на тое месца, на якім мусяць быць у паэта. Маўляў, усе паэты «стукнутыя».
– Раскажыце нашым чытачам гісторыю з двума днямі свайго нараджэння.– Тут дзве версіі… Па версіі маці я нарадзіўся 9 ліпеня. Па версіі бацькі – на два дні пазней: 11-га. Доўгі час я думаў, што ён два дні гуляў, а пасля ўспомніў, з якой нагоды. І запісаў мяне тым днём, у які пра сына ўспомніў. Але пазней я сустрэў акушэра, які прымаў роды, і ён сказаў, што прывезлі маці ў радзільню 9-га, але нарадзіла яна 11-га. Два дні мучалася, бо надта галава ў мяне была вялікая. Дык я ўжо й не ведаю, як яно ўсё насамрэч было, таму святкую абодва дні. Цуд з’яўлення ў Божым свеце таго варты.
– Ведаю, што ў дзяцінстве вы займаліся музыкай. Раскажыце крыху пра гэта. Можа, мы страцілі Някляева-музыканта?– Музыкантам мяне хацела бачыць маці. Бацька хацеў, каб я стаў ветарынарам. Але маці ўгаварыла яго прадаць карову Чарнуху і купіць мне акардыён. З таго й пачалася музыка. Граў я ў Смаргонскім аркестры (пазней ён стаў ансамблем) народных інструментаў імя Агінскага. Не на акардыёне. На цымбалах, на мандаліне, а ўрэшце на кантрабасе. Кіраўнік аркестра Аляксандр Анісімавіч Дзяруга палічыў, што з рытмам у мяне лепш, чым са слыхам.
Пасля дзявятага класа па рэкамендацыі Аляксандра Анісімавіча я павёз дакументы для паступлення ў Маладзечанскую музвучэльню. Але праехаў Маладзечна і падаў дакументы ў Мінскі элекратэхнікум, не стаўшы ні ветарынарам, ні музыкантам. Тым не менш заняткі музыкай не прайшлі дарэмна, я напісаў даволі шмат вершаў, якія сталі песнямі.
– Вы гадаваліся ў старажытным Крэве, пад сценамі замка. Як гэта паўплывала на вашу асобу?– Крэўская школа, куды я пайшоў у першы клас, стаяла пад сцяной Крэўскага замка.
Школа была маленькая, але побач з ёй была, у вокнах яе віднелася вялікая гісторыя.
Вось гэтая вялікая гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, магутнай еўрапейскай краіны, якую стваралі мае продкі па маці, дзяржава, асновай якой была цяперашняя Беларусь, і фармавала мяне як асобу.
– Раскажыце пра бацькоў. Да каго з іх вы больш падобныя?– Маці мая Анастасія Іванаўна Магер, народжаная ў Крэве, стварала ўва мне паэта. Чытала беларускія, польскія, рускія кнігі, расказвала казкі, паданні. Бацька Пракоп Міхайлавіч Някляеў, занесены віхурай вайны з ракі Волгі на раку Крэўлянку, ствараў ува мне мужчыну. Вучыў страляць, трываць боль і крыўды, стаяць за сябе, за свае перакананні.
Усё дзяцінства і юнацтва – гэты ўплывы маці. Сталасць – уплывы бацькі.
Вось адзін выпадак у маіх з ім адносінах.
Мне было дзевяць гадоў, калі я знайшоў кашалёк пад акенцам касы на чыгуначным вакзале. Ніколі капейкі нідзе не знаходзіў, а тут – кашалёк. Трох рублёў, што ў ім былі, якраз не хапала на тэлескоп, грошы на які я ужо амаль два гады збіраў капейку да капейкі. І я не аддаў кашалёк касірцы, каб вярнула таму, хто згубіў. Але і ў краму па тэлескоп адразу не пабег, бо ўчора быў там і сказаў, што пакуль тры рублі не стае. Дык маглі спытаць: а дзе ты іх сёння ўзяў?
Кашалёк быў жаночы, з шарыкавай зашчапкай, і я уяўляў, як тая жанчына, якая яго згубіла, шкадуе аб прапажы. Можа, плача, бо ездзіла на кірмаш, які быў побач з вакзалам, прадаць тварог, масла ці яйкі, а выйшла, што толькі на дарогу патрацілася. А, магчыма, яна падумала, што кашалёк укралі, напісала заяву ў міліцыю, якая цяпер кашалёк шукае, і я сто разоў яго перахоўваў. Закідваў сенам у пуні, засоўваў пад цэбры ў склепе, закопваў пад мосцікам на левым беразе рэчкі, што працякала за хатай, ноччу ўставаў і закопваў на правым, дзе толькі ні хаваў – паўсюль міліцыя знаходзіла, здымала з кашалька адбіткі пальцаў і вяла злодзея ў турму. Урэшце я пайшоў на вакзал, падкінуў кашалёк туды, дзе знайшоў, пад акенца касы, з якой высунула галаву касірка: «Ты што тут падкінуў?..» – і мяне звінавацілі, што кашалёк скраў, а жанчына, якая згубіла кашалёк, сказала, што ў ім было не тры рублі, а трыццаць. Злодзей! Нічога не ўкраўшы, злодзей! Злачынца!.. З гэтым нельга жыць! У гэтакім несправядлівым свеце з такімі подлымі людзьмі!..
Знайшоўшы ў пуні вяроўку, залез я на драбіны, накінуў вяроўку на бэльку, доўга завязваў, бо не ведаў, як, ды яшчэ і рукі калаціліся, вузел на пятлі, а калі завязаў і надзеў пятлю на шыю, зарыпелі дверы – і ў пуню ўвайшоў бацька. «Ён жа падумае, што я стаяў тут у пятлі і чакаў, пакуль нехта ўвойдзе, каб паказаць, што хацеў павесіцца!» – пранізала думка, і я скочыў з драбінаў, забыўшыся, што канец вяроўкі, накінутай на бэльку, не прывязаў – і зляцеў на рукі бацькі.
«Давай дамовімся так, – вынес мяне бацька з пуні ў двор, сеў на прызбе. – Я нічога не кажу пра гэта маці, а ты, калі зноў такое надумаеш, кажаш пра гэта мне. Я пісталет дам, з ім самагубства будзе выглядаць больш па-мужчынску, чым з вяроўкай».
Доўгі час маці ўва мне было болей, чым бацькі. Натура ягоная, чалавека, які прайшоў вайну, была даволі суворая. Мы цяжка збліжаліся. Але з гадамі я зразумеў, што даў ён не менш, чым маці. Адчуў я гэта асабліва тады, калі выпалі на долю сякія-такія выпрабаванні, і тое ў характары, што было ўзятае ад бацькі, дапамагло іх вытрываць.
Пра творчасць
– Памятаеце, пры якіх абставінах напісалі свой першы верш? Што тады натхніла? – Мяне не задавальняла жыццё, якое бачыў я наўкол. Было яго грубае і не такое цікавае, як у кнігах, якія чытаў. Таму я з маленства прыдумляў усялякія фантастычныя, прыгодніцкія гісторыі. Ну, каб жыццё выглядала цікавейшым. І назаўсёды я застануся ўдзячны маёй настаўніцы ў пачатковых класах Смаргонскай школы №1 Паліне Несцераўне, якая мае гісторыі не толькі слухала, але і казала маім аднакласнікам, якія з тых фантастычных гісторый смяяліся, што верыць ім.
Гісторыі тыя палюбіла слухаць і паварыха ў піянерскім лагеры. Таму ўсяляк хітравала, каб мяне часцей, па чарзе і без чаргі прызначалі дзяжурыць на кухні. Бульбу скрэбсці і ўсялякія гісторыі ёй распавядаць. Вось яна і натхніла мяне на верш:
Наша паварыха
Даўганосая гусіха.
Лятала, упала
І нос паламала.
Паварыха была насамрэч даўганосая – і ўсе яе гэтым вершыкам дражнілі. А я ўбачыў, як яна скрэбла бульбу і плакала. І мне стала так сорамна, што сам заплакаў.
З таго часу нічога, што можа абразіць, пакрыўдзіць чалавека, не пішу.
– Ваш найлепшы твор ужо напісаны?– Ніхто з тых, хто піша, не ведае, што з напісанага ім, лепшае. Можа быць: «Наша паварыха даўганосая гусіха…»
– Ваша творчасць адзначана шматлікімі прэміямі: пачынаючы ад Дзяржаўнай прэміі і заканчваючы прэміяй Францішака Аляхновіча. Для вас гэта важна?– Некалі ў паэме наскрозь былі ў мяне такія радкі:
...Калі называюць паэтам,
І пішуць у кнігах: «ПАЭТ», –
Няёмка, нібыта ўвайшоў без білета
Туды, дзе спытаюць білет.
Дык вось раней, калі трэба было даводзіць, даказваць, што ты не выпадкова ў паэзіі, прэміі ды іншыя адзнакі літаратурнай працы былі не лішнія. Цяпер яны без патрэбы. І не толькі таму, што не трэба ўжо нічога і нікому даказваць. Змянілася матывацыя творчасці. Калі тады пісалася для некага, для чытача, дык цяпер – для самога сябе. Проста таму, што ты не можаш не пісаць.
І напісаныя, а тым больш прадыктаваныя з нябёсаў верш, паэма – гэта твая прэмія і ёсць.
Пра мовы
– Якую мову Вы чулі ў сваім крэўска-смаргонскім дзяцінстве?– Ніякай іншай, апроч беларускай. Прычым, у Крэве жылі і палякі, і татары, і габрэі, але ўсе яны размаўлялі па-беларуску. Ну, не на чыстай літаратурнай мове, але і не на трасянцы. Такая сваеасаблівая была крэўская гаворка.
– У час жыцця ў Маскве Вы мусілі рабіць выбар: жыць у Расіі ці ў Беларусі, пісаць і выдавацца па-руску ці па-беларуску? Раскажыце пра гэта. І чаму абралі тое, што абралі?– Гэта складана і доўга тлумачыць… Коратка можна адказаць: абраў беларускае, бо беларус, – але такі адказ не поўны. Паўней пра гэта ў рамане «Гэй Бэн Гіном», які
надрукаваны ў часопісе «Дзеяслоў» і павінен хутка выйсці, калі Божа дапаможа, асобнай кнігай. Каму цікава, можа прачытаць.
– А як часта і пры якіх абставінах сёння вы пераходзіце на рускую?– Бываюць такія абставіны. З мяне апошніх гадоў дваццаць робяць русафоба, але я не русафоб.
Расія – радзіма майго бацькі, многіх маіх сяброў.
І я не блытаю яе з Расіяй Пуціна.
У драматычнай паэме «Ягайла», надрукаванай у тым жа «Дзеяслове» маскоўскі князь Данскі размаўляе з вялікім князем літоўскім па-руску:
Отныне целиком, не как-то там отчасти
Вы поклоняетесь Москве, как высшей власти.
И только так. И всем желаю счастья.
Як яшчэ ён можа размаўляць? Толькі так. І толькі па-руску.
– У якім стане, на вашу думку, сёння ў Беларусі беларуская мова?– Гэтае пытанне для мяне найважнае. Праз стан беларускай мовы, праз грэблівыя адносіны да яе цяперашняй улады я пайшоў з паэзіі ў палітыку. Каб стаць прэзідэнтам. Іншых сродкаў выправіць сітуацыю, уратаваць мову ўжо не бачыў.
У рамане «Гэй Бэн Гіном», пра які я згадваў, ёсць эпізод, які тлумачыць маё разуменне гэтай далёка не толькі лінгвістычнай праблемы. Паказвае небяспеку, якую нясе ў сабе адмаўленне ад нацыянальнай мовы, падмены яе мовай іншай.
Вось гэты эпізод.
«Пад сярэдзіну сямідзясятых, калі Віктар ужо кінуў літінстытут і пакінуў Маскву, ён амаль месяц прабыў разам з Бычыкам у Доме творчасці пісьменнікаў у Ялце. Дом насіў імя А.П. Чэхава, і ў ім можна было сустрэць не толькі знакамітых савецкіх празаікаў і паэтаў, але і замежных. Пабла Неруду, Джані Радары, Джэймса Олдрыджа, Ёганаса Бэхера, Джона Прыстлі… І быў у той час у тым Доме творчасці пісьменнік з Афрыкі, чарнаскуры і белазубы кеніец Нгугі ва Тыёнга, які, дасканала ведаючы ангельскую мову, пісаў на мове кікую. На мове свайго племені, адной з нацыянальных моў Кеніі, якую называў Нгугі ва Тыёнга праайчынай чалавецтва, і якую за яе доўгую гісторыю хто толькі ні заваёўваў, ні рабаваў! Партугальцы, арабы, ангельцы…
Да сярэдзіны шасцідзясятых 20 стагоддзя «праайчына чалавецтва» усё яшчэ заставалася калоніяй Вялікай Брытаніі, і калі савецкія пісьменнікі на літаратурнай вечарыне ў Доме творчасці імя Чэхава спыталі Нгугі ва Тыёнга, чаму ён піша не на ангельскай, сусветнай мове, а на той, якой ніхто ў свеце, апроч людзей племені кікую, не ведае, ён адказаў, што піша на мове, якая змагаецца за свабоду ягонага народа.
«Мова народа, – казаў савецкім пісьменнікам, грузінам, украінцам, літоўцам, беларусам і казахам, кіргізам і таджыкам, латышам, узбекам і татарам, туркменам, малдаванам, эстонцам і калмыкам, абхазам і чачэнцам чарнаскуры і белазубы кеніец, – ягоная зброя.
А заваёўнікі прыходзяць са сваёй. І народ, які прымае чужую мову, прымае чужое валадаранне. Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага», – казаў кенійскі пісьменнік Нгугі ва Тыёнга, маючы на ўвазе зусім не тое, пра што падумаў, гэтак ускочыўшы, нібы яго тарантул джыгануў, сакратар парткама Саюза савецкіх пісьменнікаў Тынянкоў: «Но это не касается великого русского языка, объединяющего народы СССР!..»
«Ідыёт..» – сказаў, седзячы побач з Віктарам, Бычык, пра якога, зайздросцячы ягонай славе, пляткарылі, быццам аповесці свае ён піша па-руску, а на беларускую мову перакладае. І ціха вылаяўся. А пасля, калі на гаўбцы ягонага пакою выпівалі чырвонае крымскае віно, прамовіў, гледзячы некуды за Чорнае, якое раптам усхадзілася, узбушавалася, мора: «Куля – сродак фізічнага падпарадкавання, а мова – сродак падпарадкавання духоўнага. – І падняў келіх. – За племя кікую!..»
Бычык у рамане – Васіль Быкаў, пра што не цяжка здагадацца. Віктар – персанаж з біяграфіяй аўтара.
Пра каханне і жанчын
– Вельмі хочацца пагаварыць пра каханне. Раскажыце пра першае?– Яно звалася Ліля. І падарвалася на міне, якую згубіў, скраўшы яе на вайсковым складзе, каб глушыць рыбу, п’яны старшына.
Мне дасюль балюча каханне тое ўспамінаць…
– Вашай жонцы лёгка з вамі?– Пра гэта трэба не ў мяне пытацца. У жонкі. За яе магу сказаць: са мной ёй не лёгка. Бо ўсё было. І сума, і турма. Але яна ўсё стрывала.
Кахаю яе не за тое, што стрывала. Не за тое нават, што пайшла яна некалі за мной па крыгаломнай рацэ. Рызыкуючы – і не азіраючыся. І так ідзе са мной па жыцці. Проста я кахаю яе, не разумеючы, як можна яе не кахаць? Дыхаю ёй.
У кнізе «Знічы кахання» я прысвяціў ёй паэму «Калі мяне не стане»:
Я так цябе кахаў – да спапялення.
У турмах, у катоўнях, у скляпеннях
За кратамі, якія ўночы грыз,
Я падымаўся, калі йшоў уніз,
Ні перад кім не падаў на калені,
Бо я стаяў на іх перад табой,
І не маліў я літасці чужой,
Бо толькі да цябе мае маленні.
На тым шляху, што выбраны не намі,
На тым, які нам Божа даў, вяку
Я праз цябе з віною і грахамі
Прайшоў, нібы праз горную раку,
Дзе берагі іскрылі, як каралі,
Дзе й следу не пакінула брыда!..
Я не баюся Божага суда,
Бо ты мяне абмыла, як вада,
Якою пры хрышчэнні абмывалі.
Цалкам паэму, дарэчы, можна паслухаць і паглядзець у сеціве па спасылцы.
– Вы не ўяўлялі побач з сабой жанчыну-паэтку або пісьменніцу. І калі даведваліся, што яна праяўляе сябе ў чымсьці падобным, адразу уцякалі. Вось цікава, чаму?– Замест адказу яшчэ адзін урывак з новага, шмат у чым біяграфічнага, рамана «Гэй Бэн Гіном».
«У літінстытуце нармальныя на аддзяленні паэзіі амаль не сустракаліся. Адна імпульсіўная паэтка, якая, убачыўшы яго з вакна на чацвёртым паверсе літінстытуцкага інтэрната, раптам закрычала: «Хочаш, каб у імя нашага высокага кахання я ўніз скочыла?» – і калі ён абыякава, бо ніякага кахання, ні высокага, ні нізкага не было, кіўнуў: «Скачы, калі хочаш…» – рынулася сторч галавой і жывая засталася, бо ненармальных Бог шкадуе.
Потым яна пра сустрэчу з Ганнай Ахматавай распавядала. Як прыехала ў санаторый, дзе Ахматава памірала, прачытала ёй вершы. Тая заплакала, абняла яе: «Ты – мая дачка, бласлаўляю цябе на высокае служэнне рускай паэзіі. А мне час». І ў яе на руках памерла. «Я таму і не забілася, калі з чацвёртага паверха скочыла, бо ў мяне служэнне…»
Вось як з такімі натурамі ўжыцца?..
Пра краіны і гарады
– Горад Маладзечна не чужы для Вас. Якія ўспаміны звязаныя з ім?– Я ўжо казаў, што ў Маладзечне бацькі купілі мне акардыён. І што вёз я, скончыўшы дзявяты клас, дакументы ў Маладзечна для паступлення ў музвучэльню. Але праехаў музыку… Дзякуй Богу, не назаўсёды. У 1996-м, на маё 50-годдзе быў у Маладзечне мой аўтарскі канцэрт з тэлетрансляцыяй на ўсю Беларусь. З песняй «Жыве Беларусь!», якая магла стаць дзяржаўным гімнам. Але не стала, бо дзяржава, якую бачылі людзі, што прыйшлі да ўлады ў 1994-м, была зусім не такой, якую бачыў я. Ці Генадзь Карпенка, з якім мы сябравалі, і які спяваў на канцэрце разам з артыстамі «Жыве Беларусь!»
– Некалькі год вы вымушаныя былі жыць у Польшчы і Фінляндыі. Што было самым няпростым у жыцці эмігранта? – Самае няпростае ў жыцці эмігранта: быць дома кімсьці, а ў замежжы стаць нікім. Пачаць жыццё з нуля. Гэта не кожнаму па сілах.
– Чаму беларусам варта павучацца ў палякаў і фінаў?– Быць беларусамі. Як фіны фінамі і палякі палякамі.
Пра вучобу і працу
– Якія ўспаміны захаваліся пра Смаргонскую СШ №1?Нядаўна песню я напісаў. Вальс для дуэта:
Квітнее белы бэз
На вуліцах Смаргоні,
Над вечнаю Вяллёй
Лунае паланэз.
І ты на плечы мне
Кладзеш свае далоні,
І над табой і мной
Квітнее белы бэз.
ПРЫПЕЎ:
Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс
Між небам і зямлёю,
Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс
Над вечнаю Вяллёй,
Смаргонскі вальс, смаргонскі вальс
Танцую я з табою,
Каханая мая…
З табой, каханы мой.
На берагах Вяллі
Нас доля абдымае,
Цалуе нас, каб мы
Шчаслівымі былі.
Квітнее белы бэз
І паланэз лунае
На берагах жыцця,
На берагах Вяллі.
Гэта і ёсць успамін пра пра Смаргонскую СШ №1.
– Што Вам дала вучоба ў літінстытуце ў Маскве?– Ведаеце, добра, што я раман «Гэй Бэн Гіном» напісаў. Там шмат адказаў на вашы пытанні. І тым ліку і на гэтае:
«Пад час студэнцтва ён [Віктар] ужо аб’ездзіў Савецкі Саюз па ягоных найдальніх кутах і закутках, пабачыўшы на Сахаліне і Камчатцы, у Сібіры і на Поўначы такое, пра што ні ў якіх кнігах не прачытаеш, што ніяк не супадала з ягонымі ўяўленнямі пра краіну, у якой ён нарадзіўся і жыў. Праз тое паўзнікала процьма пытанняў, куды важнейшых за літаратурныя, бо гэта былі пытанні жыцця, якія патрабавалі зразумелых, ясных адказаў, але ў той краіне, у якой жыў, у тым свеце, у тым жыцці, якое звярэла наўкол, з грубай сілай варочаючы, як камянямі, чалавечымі лёсамі, ён адказаў не знаходзіў. Тады пачаў шукаць іх у самім сабе: паспрабаваў пісаць. Аказалася, што для яго гэта найлепшы спосаб пошуку. І аднойчы падумаўшы пра літаратуру як пра магчымы занятак жыцця, паехаў з Нарыльска ў Маскву, дзе паступіў у Літаратурны інстытут.
Установа была прэстыжная, на аддзяленне паэзіі набіралі ўсяго дванаццаць чалавек, а ў Савецкім Саюзе кожны пастух і бухгалтар вершы пісалі, так што давялося вытрымаць вялізны конкурс, каб даволі хутка зразумець, што ў інстытуце тым можна было і не вучыцца. Але, калі б не вучыўся, не хадзіў бы ён па кантрамарках, якія выдаваліся студэнтам літінстытута, ва ўсе маскоўскія тэатры, у адным з якіх, тэатры на Таганцы, і пазнаёміўся з паненкай у белай сукенцы з чырвоным пасам, якая назвалася Ганнай і сказала, што яна дачка Купалы.»
Без літінстытута гэты раман я, можа, і не напісаў бы. І не таму, што пісаць не навучыўся б: проста гэта частка маёй біяграфіі. Дакладней, жыцця.
– Дарэчы, пра раман. Вы сказалі ў адным інтэрв’ю, што скончыўшы «Гэй Бэн Гіном», пачалі яшчэ адзін раман. Пра што ён?– Раман «Гэй Бэн Гіном» пра час Купалы. Пра час Сталіна, Брэжнева. Новы – пра наш час. Калі казаць сцісла, ён пра тое, як нам у нечалавечым часе заставацца людзьмі.
– Вы працавалі радыёмеханікам і літсупрацоўнікам, былі рэдактарам на БТ і кіравалі культавым часопісам «Крыніца»… А якая праца вам падабалася найбольш?– Праца радыёмеханіка. На ёй я быў і на працы – і як бы вольны. Браў у тэлеатэлье заяўкі на рамонт радыётэхнікі – і хадзіў па горадзе. Ніхто мяне не кантраляваў, не стаяў над галавой, у карак не гнаў.
І цікава было. Ты ж у кожны дом нібы госцем прыходзіш. Выпадковым. А выпадковаму чалавеку такое раскажуць, што свае ніколі не пачуюць. Я запісваў пачутыя гісторыі, сярод якіх былі проста неверагодныя. Але, на жаль, сшытак з імі згубіўся. Усе збіраюся паўспамінаць і запісаць нанава. Толькі вось з часам праблема, рукі не даходзяць…
Пра палітыку
– Чаму вы вырашылі пайсці ў палітыку і ў 2010 годзе нават балатавацца ў прэзідэнты? Сёння шкадуеце пра гэта?– Я ніколі не шкадую пра тое, што было ў мінулым. Па-першае, гэта марныя шкадаванні, бо нічога ўжо не змяніць. Па-другое, у шкадаваннях сваіх мы сыходзім з таго, што там, у мінулым, магло быць лепш, чым было. Ну, каб мы зрабілі нешта не так, як зрабілі, а інакш. Але гэта не факт. Магло быць горш. Таму, як казаў герой яшчэ аднага майго рамана («Лабух»):
«Калі ты дасюль жывы-здаровы са сваёй галавой на плячах, значыць, усё, што ты зрабіў раней, зроблена правільна».
Чаму я ў палітыку пайшоў? Як бы я ўжо казаў пра гэта. Праз катастрафічны стан нашай нацыянальнай свядомасці, культуры, мовы…
Вось глядзіце: сёння беларуса Валадара Цурпанава, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, адна з дзяржаўных моў якой – паводле Канстытуцыі – беларуская, вязня магілёўскай турмы №4 караюць карцэрам за просьбу размаўляць з ім па-беларуску… Як мне, беларускаму паэту, такое трываць?
Нішто болей так не рве мне сэрца, не даючы спакою ні днём ні ўночы, як гэта: знішчэнне мовы, знішчэнне ўсяго беларускага ў Беларусі.
І толькі дзеля таго, каб не было здзеку над тым, што для мяне святое, я і пайшоў у палітыку.
– Пасля выбараў 2010 было выкраданне з бальніцы, турма, неаднаразовае збіццё, працяглы хатні арышт, ды і потым падобных праблем хапала. Але пры ўсім пры гэтым тады, у 2010, вы не з’ехалі з Беларусі. Чаму? – Бо не мог. Бо адказваў за людзей, якія ў мяне паверылі, пайшлі за мной. Дык як было пакінуць іх пад пераследам, пад арыштамі? Я і са Швецыі, дзе дапісваў раман, вярнуўся ў Беларусь пад падзеі леташняга жніўся. Бо не там, а тут усе і ўсё, што і каго я люблю.
– Ці ёсць палітыкі, якімі вы захапляецеся?– Афіцэр Мікола Статкевіч, пісьменнік Павел Севярынец, цясляр Зміцер Дашкевіч. Людзі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля Беларусі.
І яшчэ крыху пра жыццё
– Вы цудоўна выглядаеце. Ведзяце здаровы лад жыцця і займаецеся спортам? – Якім спортам можна займацца ў 75? Шахматамі?.. Спортам не займаюся. Проста фізічна не магу ім займацца, бо ў 2010-м мной заняўся спецназ «Алмаз». І на ўсё астатняе жыццё мне стала не да спорту.
Але форму фізічную, як магу, падтрымліваю. Без гэтага немагчыма па 14-16 гадзін у дзень пісаць.
– Наколькі для вас важны імідж, знешні выгляд? – Сам я на знешні выгляд асаблівай увагі не звяртаю. Але звяртае Вольга, жонка. Вось я і выглядаю так, як яна хоча, каб я выглядаў.
І яшчэ, дарэчы, пра Вольгу. Я ўжо казаў, што прысвячаў ёй вершы, паэмы. Але ўсе мае прысвячэнні нішто перад тым, што яна прысвяціла мне. Сваё жыццё.
– Як адчуваеце свае 75? Як збіраецеся святкаваць такі значны юбілей?– Пачувацца можна было б і лепш, усё болей даюцца ў знакі падзеі 2010 года. Але дзякуй Богу за тое, што даў дажыць да года 2020. Даў адчуць, убачыць, што жыве і будзе жыць Беларусь! Што усё перажытае мной за апошнія гады перажыта было не дарэмна.
У цяперашнім часе арыштаў, здзекаў, катаванняў, турмаў, у якіх сядзяць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей, многіх з якіх я ведаю, не да святаў з фанфарамі.
І ўсё ж неяк адзначыць юбілей мяне ўгаварылі. Родныя, сябры. Калі паўстала пытанне: дзе? – ваганняў з адказам не было. У Крэве. Пачытаць вершы, паспяваць песні. Яшчэ я папрасіў знаёмых акцёраў сыграць сцэну з нядаўна напісанай драматычнай паэмы «Ягайла». Ну, такая цікавая каля сцен Крэўскага замка магла быць літаратурна-музычная імпрэза, удзельнічаць у якой згадзіліся акцёры, музыкі, спевакі… Але супраць якой паўстала мясцовае, крэўскае і смаргонскае начальства. Сам я дамаўляцца з імі не хадзіў, мае сябры хадзілі.
Карацей, адзначыць 75-годдзе там, дзе я нарадзіўся, дзе ляжаць на могілках усе мае продкі, у месцы, пра якое пісаў і пішу амаль ва ўсіх сваіх, пачынаючы з першай, паэмах, аповесцях, раманах, магчымасці мне не далі.
Напрыканцы кароткі бліц
– Любімае жаночае імя?– Вольга.
– Любімае месца на зямлі?– Крэва.
– Любімыя колеры?Белы і чырвоны.
Сябры з розных краін віншуюць паэта
Юка Малінен, паэт, перакладчык, віцэ-прэзідэнт Фінскага ПЭН-цэнтра:
Бунтоўныя воды
Чалавечы і творчы характар, сутнасць Уладзіміра Някляева я зразумеў, калі пабываў на яго радзіме. У Крэве, якое не толькі праз Крэўскую унію, але і праз творчасць Някляева добра ведаюць у Фінляндыі. Мы хадзілі па крэўскіх пагорках, стаялі на Ярылавай гары, глядзелі з яе на велічныя руіны Крэўскага замка – і я адчуваў глыбінную, магутную сілу зямлі, на якой перапляталіся лёсы Беларусі, Літвы, Польшчы, шмат у чым вызначалася гісторыя Еўропы.
Някляеў – і паэт Крэва, Смаргоні, Беларусі – і паэт Еўропы. Ён даказаў гэта і напісанай у Фінляндыі драмай «Армагедон», паэмай «Ложак для пчалы», якая дыхае беларускім і фінскім эпасам, і выдыхнутай у Польшчы паэмай «Паланэз», і створанымі ў Швецыі драматычнымі паэмамі «Ягайла» і «Літвіны», – дай Бог кожнай еўрапейскай краіне мець такога паэта!
Пабываў Някляеў і на маёй малой радзіме. У Настала, дзе абодва мы прыйшлі да высновы, што беларусы і фіны вельмі падобныя. Побытам, народнай культурай, менталітэтам. І яшчэ дарогай, па якой ішлі мы да права быць суб’ектам гісторыі. Але ці не раней за нас зразумеў гэта Янка Купала, які, пабываўшы ў Фінляндыі, напісаў пра яе «бунтоўныя воды».
Кніга Някляева «Punainen auringonlasku» («Чырвоны захад»), якая выйшла ў Фінляндыі, сцвердзіла ў свядомасці фінаў вобраз мужнага, свабодалюбівага беларускага народа. І ў цяжкія для Някляева часы мы, фіны, заўсёды казалі, што Фінляндыя – другая ягоная Айчына, што ён можа разлічваць на яе, як на дом, дзе яго заўсёды чакаюць. Тое самае кажам яму і сёння, віншуючы яго з 75-годдзем! З юбілеем!
Стэфан Эрыксан, дыпламат, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2005-2012 гадах:
Паэт. Палітык. Беларус
Так склалася, што маё жыццё звязалася з Беларуссю, краінай, у якой правёў я сем гадоў – і якая ў жыцці маім шмат што значыць. Перш за ўсё дзякуючы тым цудоўным людзям, якіх там сустрэў, і адзін з якіх у гэтыя дні адзначае свой 75-гадовы юбілей.
Уладзіміра Някляева я ведаю як выбітнага паэта, мужнага палітыка, закаханага мужа – і ўрэшце майго сябра, які стаў для мяне прыкладам сапраўднага беларуса.
Я дыпламат, а не літаратуразнаўца, і не мне прафесійна ацэньваць творчасць Някляева-паэта, празаіка, драматурга. Але я адчуваю, як знітаваныя ягоныя вершы, проза, драмы з ўсім тым, што ёсць Беларусь. Я чую ў ягоных тэкстаў галасы продкаў, якім гукаюцца нашчадкі, непарыўна знітоўваюцца былое і будучае.
Так пісаць, каб не толькі беларус, але нават іншаземец гэта адчуў, прыкмета вялікага, сапраўднага таленту. І мне шкада было, калі, паступіўшыся творчасцю, Уладзімір Някляеў пайшоў у палітыку.
Я ведаю, што прыняў прыняў ён гэтае рашэнне не праз жаданне заняць нейкую пасаду, займець уладу, а праз боль за Радзіму. Праз боль за лёс роднай мовы – і ён, паэт, паўстаў супраць яе знікнення, знішчэння. За гэты мужны ўчынак яму давялося заплаціць высокую цану: я быў адным з першых, хто ўбачыў яго ў крыві ў снежаньскую ноч 2010 года. А пасля я чуў як ён спакойна, без ніякага гераізму і трагізму распавядаў пра тую ноч у Стакгольме на ўручэнні прэстыжнай літаратурнай прэміі за кнігу «Лісты да волі», яую напісаў у турме.
Мая павага да Уладзіміра Някляева не абмяжоўваецца яго літаратурнай і палітычнай дзейнасцю. З ім пашчасціла мне бавіць час у розных сяброўскіх (і бываць у не надта сяброўскіх) кампаніях, і я не спыняўся захапляцца ягоным розумам, а таксама гумарам, які не пакідае яго нідзе і ніколі.
Дык будзьце вясёлы і здаровы, Уладзімір Пракопавіч! Пішыце і жывіце доўга, каб спраўдзілася пры вашым жыцці тая Беларусь, дзеля якой вы самаахвярна не шкадуеце сябе, пра якую вы марыце!
Паўло Вольвач, паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны:
Някляеву з пашанай
Ёсць рэдкі тып людзей, якіх можна назваць людзьмі-сімваламі, людзьмі-увасабленнямі. Гэта якраз пра Уладзіміра Някляева, майго старэйшага таварыша і паэтычнага субрата. Менавіта дзякуючы яму, дзякуючы яго слову для многіх ва Украіне (і для мяне таксама) адкрывалася беларуская душа, адкрывалася сучасная і спрадвечная Беларусь, персаніфікаванай праекцыяй якой з’яўляецца як някляеўская творчасць, так і непасрэдна постаць мастака. Праекцыяй не адзінай, вядома, але адной з найярчэйшых. У яго паэзіі магутныя энергіі і зазіранні ў глыбіні прачасу дзіўным чынам паядналіся з чалавечнай прастатой і шчырасцю. А святло, здаецца, прабіваецца ва ўсе прасветы паміж някляеўскіх радкоў. Не дзіўна, што без з’явы “Някляеў” ужо цяжка ўявіць беларускае жыццё — як паўсядзённа-рэальнае, так і нябачнае, метафізічнае, што не ўлоўліваецца адразу, не адчуваецца, нібы курс долара ці кошты на паліва, але якое якраз усё і вызначае і з’яўляецца найгалоўным. Радасна ўсведамляць, што сябры-беларусы маюць такога творцу, такога Мастака, якога ведаюць у свеце, а ва Украіне яшчэ і ўспрымаюць, як свайго. І любяць.